Цяпер афіцыйна. Fitch прызнала дэфолт па чатырох выпусках беларускіх еўрааблігацый

Рэйтынгавае агенцтва Fitch прызнала дэфолт па чатырох выпусках беларускіх аблігацый. Гаворка ідзе аб выпусках еўрааблігацый з пагашэннем у 2023, 2026, 2030 і 2031 гадах, па якіх Мінфін зрабіў выплату купоннага даходу ў беларускіх рублях.

_hroszy___deficyt___infljacyja___fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1_2.jpg


Рэйтынг аблігацый быў паніжаны да дэфолтнага ўзроўню «D» пасля заканчэння 14-дзённага льготнага перыяду, на працягу якога пазычальнік яшчэ мог pабіць выплату ў валюце ў адпаведнасці з умовамі выпускаў. У Fitch адзначылі, што цяпер усе еўрааблігацыі Беларусі, якія знаходзяцца ў звароце, маюць дэфолтны рэйтынг, піша REFORM.by.

«29 чэрвеня Міністэрства фінансаў, Савет міністраў і Нацыянальны банк Беларусі сумесна абвясцілі, што плацяжы, належныя ў доларах ЗША па еўрааблігацыях, будуць пераведзеныя ў беларускіх рублях на рахунак у ААБ "Беларусбанк", да якога можна атрымаць доступ плацежным агентам. Гэта супярэчыць дакументацыі па аблігацыях, якая не дапускае разлікаў у альтэрнатыўных валютах. Міністэрства фінансаў аб'явіла, што працэнтныя плацяжы па чатырох еўрааблігацыях былі зроблены ў адпаведнасці з гэтым падыходам. Такім чынам, да канца льготнага перыяду плацяжы не былі зроблены на першапачатковых умовах», — растлумачылі ў агенцтве.

Доўгатэрміновы суверэнны рэйтынг Беларусі ў замежнай валюце ў сувязі з дэфолтам па чатырох выпусках аблігацый не пераглядаўся. Ён захоўваецца на ўзроўні RD (абмежаваны дэфолт). Доўгатэрміновы рэйтынг у нацыянальнай валюце захаваны на ўзроўні CCC (блізкі да дэфолту ці ўжо ў дэфолце, з невялікім шанцам вяртання сродкаў).


Крэдытны рэйтынг — гэта меркаванне рэйтынгавага агенцтва адносна агульнай крэдытаздольнасці пазычальніка або крэдытаздольнасці пазычальніка ў дачыненні да канкрэтных даўгавых абавязацельстваў (у дадзеным выпадку — аблігацый). Рэйтынг грунтуецца на ацэнцы фактараў рызыкі. Крэдытныя рэйтынгі разлічваюцца на аснове мінулай і бягучай фінансавай гісторыі ўдзельнікаў рынку, а таксама на аснове адзнак памеру іх уласнасці і ўзятых на сябе фінансавых абавязацельстваў (даўгоў). Асноўнае прызначэнне падобных адзнак — даць патэнцыйным крэдыторам / укладчыкам уяўленне аб верагоднасці своечасовай аплаты ўзятых фінансавых абавязацельстваў.

Калі гаворка ідзе пра рынак аблігацый, то «крэдытны рэйтынг» звычайна азначае рэйтынг аднаго з трох агенцтваў: Standard & Poors, Мoody's і Fitch. Рэйтынг мае літарныя абазначэнні «A», «B», «C» з рознымі варыяцыямі, у залежнасці ад ступені рызыкі. «A» пазначае самыя плацежаздольныя кампаніі, а «С» — супрацьлеглае.

Рэйтынг «D» сустракаецца толькі ў агенцтваў Standard & Poor's і Fitch. Ён азначае дэфолт. Moody's у выпадку дэфолту прысвойвае краіне рэйтынг «С», альбо не надае ніякага рэйтынгу.