Арсень Сівіцкі: «Беларускія тэрыторыі могуць стаць аб'ектам нанясення ўдараў УСУ»

Дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі лічыць, што ўкраінскія войскі непазбежна ўвойдуць на тэрыторыю Беларусі. Перашкодзіць гэтаму можа толькі адно — дзеянні беларускага кіраўніцтва па выхадзе з вайны.

13136.jpg


Пра гэта, а таксама пра магчымасць нанясення з тэрыторыі Беларусі ядзернага ўдару па Украіне эксперт разважаў у інтэрв’ю «Филину».

— Як вы ацэньваеце развіццё падзей у гэтыя дні ва Украіне? Якую галоўную выснову на гэтым этапе можна зрабіць з таго, што адбываецца?

— Паспяховае контрнаступленне УСУ і вызваленне ад расійскіх войскаў Харкаўскай вобласці, а таксама стварэнне ўмоў для разгрому праціўніка ў Херсонскай вобласці сведчаць аб перахопе Украінай стратэгічнай ініцыятывы.

Калі да гэтага моманту лінія фронту практычна замерла і не змянялася, ішлі пазіцыйныя баі, у выніку якіх расійскія войскі прасоўваліся вельмі павольна на тэрыторыі Данецкай вобласці, спрабуючы да сярэдзіны верасня выйсці на яе адміністрацыйныя межы, то цяпер адбыўся своеасаблівы карэнны пералом.

Гэты пералом адкрывае шлях да падрыхтоўкі глебы для стратэгічнага контрнаступлення УСУ ў канцы гэтага года — сярэдзіне наступнага з мэтай поўнага аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, уключаючы Крым.

Не выключана, што ўжо да канца гэтага года Украіна зможа адсунуць лінію фронту да меж, што папярэднічалі 24 лютага 2022 года, гэта значыць, пачатку расійска-ўкраінскай вайны.

Ваенная кампанія УСУ ў 2023-м прадугледжвае арганізацыю контрнаступлення пры падтрымцы кааліцыі Рамштайн на некалькіх аперацыйных напрамках адначасова — крымскім і данбаскім.

А ў наступным і перанос ваенных дзеянняў на тэрыторыю сваіх праціўнікаў — як мінімум на прыгранічныя вобласці Расіі і Беларусі, калі да таго моманту Беларусь не выйдзе з вайны, не ўступіць у перамовы з Украінай і не даможацца вываду расійскіх войскаў з уласнай тэрыторыі.

Гэта вынікае з ацэнак украінскага ваенна-палітычнага кіраўніцтва патрэб УСУ ў зброі і боепрыпасах, зыходзячы з задач, звязаных як з дэакупацыяй ўсёй тэрыторыі Украіны, так і з вядзеннем вайны ў наступным для разгрому праціўніка на яго тэрыторыі.

Для гэтага УСУ плануе забяспечыць пераўзбраенне, якое дазволіць наносіць удары на аператыўную глыбіню тэрыторыі РФ і Беларусі і тым самым павысіць выдаткі расійскага боку ад працягу ваенных дзеянняў.

Гэта значыць, у выпадку працягу знаходжання расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі і працягу выкарыстання імі тэрыторыі і авіяпрасторы нашай краіны для нанясення ўдараў па Украіне гэтыя войскі і адпаведныя беларускія тэрыторыі з высокай доляй імавернасці могуць стаць аб'ектам нанясення ўдараў УСУ.

— Чым можа адказаць Расія? Ці ёсць у яе рэсурсы тут і зараз, каб выправіць сітуацыю, не звяртаючыся да крайніх мер у выглядзе ядзернай зброі?

— Расія практычна патраціла ваенныя рэсурсы для вядзення шырокамаштабнай ваеннай кампаніі. Ужо да канца 2022 — пачатку 2023 года ўзброеныя сілы РФ сутыкнуцца з дэфіцытам артылерыйскіх боепрыпасаў, вычарпаннем запасаў высокадакладнага і ракетнага ўзбраення, зносам ствалоў артылерыі, а таксама недахопам бронетэхнікі.

З-за тэхналагічнай залежнасці ад еўрапейскіх пастаўшчыкоў і заходніх санкцый Расія не зможа працягваць паўнавартасную прамысловую вытворчасць узбраенняў і папаўняць запасы боепрыпасаў, якія хутка падыходзяць да канца.

kharkov.jpg


Многія заходнія і расійскія аналітыкі мяркуюць, што на фоне няўдач на фронце расійскае кіраўніцтва можа пайсці на абвяшчэнне ўсеагульнай мабілізацыі. Але, з майго пункту гледжання, гэта малаверагодны сцэнарый, бо Крэмль асцерагаецца негатыўных наступстваў для ўнутрыпалітычнай стабільнасці.

З прапагандысцкага і палітычнага пункту гледжання Масква не можа дазволіць сабе падобны крок, бо ён будзе сведчыць аб тым, што так званая «спецыяльная ваенная аперацыя» (СВА) ідзе не па плане і Расія прайграе вайну.

Па-другое, узровень падтрымкі ваеннай кампаніі сярод расійскага грамадства ў буйных гарадах вельмі нізкі. Аналагічныя настроі пануюць і ў большасці груп расійскай эліты, уключаючы нават сілавікоў, якіх Уладзімір Пуцін так і не змог дагэтуль пераканаць у рэальнай неабходнасці гэтай вайны.

Па-трэцяе, масавая мабілізацыя — гэта заўсёды ўзмацненне ролі арміі. Першапачаткова так званую СВА распрацоўвалі і планавалі прадстаўнікі расійскіх спецслужбаў і сілавых агенцтваў, у той час як вайсковыя колы выступалі супраць падобнага сцэнарыя з-за колькаснай і якаснай неадпаведнасці расійскіх Узброеных сіл патрабаванням паспяховай ваеннай кампаніі супраць Украіны.

У Крамлі асцерагаюцца, што вышэйшыя вайсковыя кругі, якія, дарэчы, практычна адразу былі адхілены ад працэсу прыняцця рашэнняў і камандавання, пры падтрымцы іншых эліт, якія стаміліся ад гэтай бессэнсоўнай вайны, могуць пайсці на пераварот па аналогіі з вераснёвай змовай 1938 года ў Германіі.

Рызыка развіцця сітуацыі па падобным сцэнарыі асабліва высокая з улікам таго, што менавіта расійская армія нясе асноўны цяжар страт з-за стратэгічных пралікаў і тактычных памылак палітычнага кіраўніцтва і расійскіх спецслужбаў.

Так, па розных даных, страты на сённяшні дзень склалі ад 80 да 130 тысяч расійскіх вайскоўцаў забітымі і параненымі.

Нагадаю, што на фоне падрыхтоўкі нападу Германіі на Чэхаславакію была ініцыявана змова супраць Адольфа Гітлера, у якой удзельнічалі генералы Гальдэр, Бек, Шцюльпнагель, Віцлебен (камандуючы берлінскім гарнізонам), Томас (загадчык узбраення), Брокдорф (камандуючы патсдамскім гарнізонам) і граф Гельдорф, які стаяў на чале берлінскай паліцыі.

Галоўнакамандуючы генерал фон Браўхіч быў дасведчаны і таксама ўхваляў змову. Яна павінна была пачацца ў момант, калі Гітлер абвясціў бы ўсеагульную мабілізацыю для вайны з Чэхаславакіяй, але «Мюнхенская змова», у выніку якой адбыўся падзел Чэхаславакіі пры садзейнічанні заходніх дзяржаў, Англіі і Францыі, не даў ёй адбыцца і ўтрымаў Гітлера ва ўладзе.

З улікам асаблівай прыхільнасці вышэйшай расійскай эліты да вывучэння гісторыі Трэцяга рэйха там не могуць не бачыць падобных паралеляў.

Нарэшце, акрамя палітычных рызык масавай мабілізацыі не спрыяе дэмаграфічная сітуацыя ў Расіі (напрыклад, вясновы прызыў быў правалены: са 130 тысяч было прызвана не больш за 90), а таксама сур'ёзны недахоп бронетэхнікі з-за высокіх страт.

Толькі на папаўненне страт бронетэхнікі (больш за 4000 адзінак) расійскаму ВПК спатрэбіцца каля 10 гадоў. Абодва фактары не дазволяць разгарнуць адэкватную колькасць новых сухапутных злучэнняў, канцэпцыя прымянення якіх прадугледжвае наяўнасць тысяч танкаў і многіх тысяч баявых браніраваных машын існуючых мадэляў.

fcnnm4rwaaatw3u1234.jpg


Да таго ж дэфіцыт і неразвітасць аўтаматызаваных сістэм кіравання войскамі, сувязі і выведкі ў расійскіх войсках робіць любыя спробы кіравання міжвідавой групоўкай войскаў колькасцю больш за 150 тысяч чалавек неэфектыўнымі, а дэ-факта — немагчымымі.

Падчас стратэгічных камандна-штабных манеўраў «Усход-2018» была спроба стварыць і кіраваць падобнай групоўкай колькасцю 300 тысяч вайскоўцаў, але яна аказалася нездавальняючай. Таму адбылося вяртанне да практыкі стварэння груповак да 150-200 тысяч вайскоўцаў.

Да таго ж маральныя і баявыя якасці гэтага мабілізацыйнага рэсурсу будуць пад вялікім пытаннем. Колькасная перавага ва ўмовах, калі Расія вядзе вайну старога індустрыяльнага тыпу, а Украіна — постіндустрыяльнага, то-бок высокаманеўраную і высокатэхналагічную, маючы сеткацэнтрычную і выведвальную перавагу, будзе проста дэвальваваная.

Умоўна кажучы, трупамі закідаць Украіну не атрымаецца, а немінучыя велізарныя страты наблізяць канец кіруючага рэжыму.

На самой справе масавая мабілізацыя будзе разглядацца Крамлём як неабходная і непазбежная опцыя толькі тады, калі ваенныя дзеянні будуць перанесены на тэрыторыю Расіі, што раўназначна паражэнню для цяперашняга кіраўніцтва.

Таму адзіны варыянт, які сёння Крэмль разглядае, гэта якраз прымяненне тактычнай ядзернай зброі супраць Украіны. Пра гэты варыянт у апошнія дні актыўна сігналізуе расійскае кіраўніцтва па розных каналах, спадзеючыся, што Захад спалохаецца і зможа пераканаць Украіну спыніць контрнаступленне.

Крэмль нават гатовы адмовіцца ад прэтэнзій не толькі на Херсонскую, Запарожскую вобласці, але і на ўвесь Данбас у абмен на прызнанне Крыму расійскім. Але падобна на тое, што час для такіх здзелак беззваротна мінуў.

Але і сцэнарый ядзернай эскалацыі не дазволіць Крамлю дамагчыся пералому і зламаць супраціў Украіны, а толькі паскорыць падзенне кіруючага рэжыму — як праз уступленне ЗША і хаўруснікаў у наўпроставую ваенную канфрантацыю з Расіяй, так і ў выніку ўнутранага перавароту з боку расійскіх эліт, у тым ліку сілавых, якія не хочуць набліжэння «Суднага дня».

Аднак у выпадку рэалізацыі ядзернага сцэнарыя супраць Украіны Беларусь рызыкуе стаць прыярытэтным аб'ектам ядзернага ўдару ў адказ з боку краін NATO ў рамках стратэгіі гарызантальнай эскалацыі, што дазволіць ім адказаць на ядзерную агрэсію Расіі, але пры гэтым не ствараць пагрозу абмену ўдарамі па тэрыторыі Расіі і ЗША адпаведна.


— Пытанне «беларускага рэзерву» зноў актуальнае? Ці можа выправіць становішча спраў на вайне наўпроставы ўдзел УС Беларусі?

— Як бачна з бягучых падзей, Крэмль цяпер не мае рэсурсаў, каб зноў здзейсніць рэйд з беларускай тэрыторыі супраць Украіны. Для выканання гэтай задачы ў апошнія месяцы актыўна ствараўся новы армейскі корпус пад Муліна ў Ніжагародскай вобласці.

Але з-за негатыўнай дынамікі на фронце расійскае камандаванне было вымушана раскідаць яго падраздзяленні ад Херсона да Данецкай вобласці.

Рызыка таго, што Крэмль паспрабуе прымусіць Беларусь да прамога ўступлення ў вайну вельмі нізкая. Па-першае, у Масквы няма ніякіх інструментаў для гэтага прымусу. Па-другое, сёння ў асяроддзі беларускага кіраўніцтва існуе дакладнае ўсведамленне таго факту, што такі сцэнарый не адпавядае ні нацыянальным інтарэсам, ні інтарэсам кіруючага класа.

Аднак існуе рызыка таго, што Крэмль можа выкарыстоўваць тэрыторыю або авіяпрастору Беларусі для нанясення тактычнага ядзернага ўдару.

Выкарыстанне «беларускага плацдарма» для нанясення тактычных ядзерных удараў разглядаецца Крамлём як спосаб мінімізаваць рызыкі нанясення ўдараў у адказ па тэрыторыі Расіі ў выпадку, калі ЗША/NATO прымуць пастанову адказаць, зыходзячы з вынікаў сімуляцыйных гульняў, якія праводзіць Пентагон.


У межах канцэпцыі гарызантальнай эскалацыі там прапануюць нанесці зваротны ўдар або па расійскім войскам у Беларусі, або па расійскай ваенна-марской базе Тартус у Сірыі.

Пры гэтым рашэнне Крамля, як і ў выпадку з уварваннем 24 лютага, будзе насіць аднабаковы характар, беларускаму боку папярэдне паведамлена з боку Крамля не будзе. Аднак беларускі бок у поўнай меры сутыкнецца з усімі драматычнымі наступствамі.