Чаму УСУ могуць распачаць спецыяльную ваенную аперацыю на тэрыторыі Беларусі

Пасля паспяховага пачатку контрнаступу УСУ аналітык Павел Усаў задаўся такім пытаннем і прыйшоў да высноваў, якія могуць выклікаць магутную дыскусію.

usu_6.jpg

Павел Усаўпіша: «Нягледзячы на тое, што ўкраінскія ўлады выказвалі цярплівасць і вонкавую нейтральнасць да Лукашэнкі (мэты зразумелыя), як мне падаецца, сітуацыя ў дачыненні да аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі ў хуткім часе можа змяніцца. Кіеў можа перайсці да дзеянняў па актыўным уплыве на Менск.
1. На тэрыторыі Беларусі знаходзяцца расійскія базы і вайскоўцы, тэрыторыя краіны выкарыстоўваецца для рэгулярных абстрэлаў Украіны. Тым больш лютаўскі ўдар у спіну з поўначы не будзе проста выкраслены з гісторыі.
У сваю чаргу расійцы ў Беларусі — сталая стратэгічная пагроза для Украіны, як і саюз двух аўтарытарызмаў. Кіеў не можа пагадзіцца з тым, каб у Беларусі на стала размяшчалася расійская вайсковя групоўка. Адзінай гарантыяй бяспекі для Украіны можа з’яўляцца дэмілітарызацыя рэспублікі. Лукашэнку будзе выстаўлены ультыматум:- выкінуць расійскія войскі з Беларусі;- адвесці ўласныя войскі (акрамя памежнікаў) ад мяжы з Украінай на 50-100 км;- выхад з вайскова-палітычнага саюзу з Расіяй.Калі ультыматум не будзе выкананы, можа распачацца аперацыя.
2. Нанесці ўдар па рэжыме Лукашэнкі, дэмілітарызаваць яго — гэта яшчэ больш аслабіць Расію. Перанесці маштабныя вайсковыя дзеянні на тэрыторыю Расіі немагчыма, як з пункту гледжання абшару, так і наяўнасці ядравага ўзбраення. У сваю чаргу аказанне ціску ў вайсковым плане на беларускія ўлады і вывад краіны з вайны — гэта сур'ёзнае геапалітычнае дасягненне і наступнае паражэнне Масквы. Тым больш, афіцыйна Украіна не абяцала не наносіць удараў па расійскіх вайсковых аб’ектах у Беларусі. Варта дадаць, што Расія пасля правалу ў вайне будзе не ў стане забяспечыць абарону «саюзніка». Паражэнне Масквы цалкам дэмаралізуе і беларускіх вайскоўцаў.Пасля вырашэння ключавых задач на ўсходзе і поўдні Кіеву дастаткова сканцэнтраваць некалькі БТГ, каб прадэманстраваць сур'ёзнасць палажэння, у якім апынуўся беларускі дыктатар.
3. Лукашэнка паказаў усяму свету, што ягоная палітыка прывяла краіну да катастрофы. Ён і ягонае атачэнне нясуць адказнасць за палітычныя злачынствы і вайсковую агрэсію супраць Украіны. Аўтарытарная Беларусь будзе заставацца пагрозай і крыніцай непрадказальнасці ў рэгіёне, а таксама геапалітычным рэсурсам Масквы. Захоўваць адносіны ці ісці на кампраміс з аўтарытарнай уладай няма ніякага сэнсу.Таму разам з дэмілітарызацыяй можа быць запушчаны працэс палітычнай трансфармацыі ў Беларусі (сыход Лукашэнкі). Кіеў будзе зацікаўлены ў хуткай дэмакратызацыі Беларусі і ўваходзе нашай краіны ў іншую сістэму рэгіянальнай бяспекі. Гэта будзе азначаць безумоўны канец «расійскага свету». Без Украіны і Беларусі Расія стане цалкам перыферыйнай дзяржавай і ўвойдзе ў перыяд гістарычнага заняпаду, нават калі аўтарытарызм яшчэ будзе існаваць.Таму ў гэтых умовах важна мець:- кансалідаваную нацыянальную апазыцыю, на якую Кіеў мог бы абаперціся ў сваіх дзеяннях адносна Беларусі;- неабходна збліжэнне пазіцый Кіева і беларускага нацыянальнага прадстаўніцтва;- неабходна мець стратэгію дзеяння для дэмакратычных палітычных сіл Беларусі. На жаль, ёсць рызыка, што беларускія апазіцыйныя структуры, якія знаходзяцца ў стане перманентнага перафарматавання, могуць у чарговы раз не выкарыстаць важны гістарычны момант і застацца пасіўнымі назіральнікамі;- важным з’яўляецца стварэнне беларуска-ўкраінскай кантактнай групы (аналітычна-палітычнай) для каардынацыі магчымых дзеянняў па Беларусі;- неабходна актывізацыя інфармацыйных уплываў на насельніцтва ўнутры краіны, каб грамадзяне былі падрыхтаваны да такога сцэнару падзей і спрыялі падрыву сістэмы знутры.


Канечне, Лукашэнка не можа не разумець магчымасці развіцця падзей у такім напрамку і ўцягнуцца ў вайну раней, што прыспешыць катастрофу. Альбо пачаць палітычны манеўр, каб залагодзіць наступствы сваёй палітыкі. Пачне казаць пра нейтралітэт, неабходнасць перамоваў, пра мірных людзей і г. д., але ад ультыматума гэта яго не выратуе».

Ці згодныя вы з такім меркаваннем?
Выказвайцеся ў каментарах на нашай старонцы ў Facebook