Павел Усаў: Бамбіць ці не бамбіць рускія войскі на нашай тэрыторыі?

Ці павінны беларусы, хто сур’ёзна глядзіць на сітуацыю, падтрымаць рашэнне Украіны кропкава бамбіць рускія базы на нашай тэрыторыі? Як абсурд стаўся нармальнасцю? Пра гэта разважае палітолаг Павел Усаў у сваім тэлеграм-канале.

1567965863_dfd_d_850_1.jpg

Апошнім часам, непасрэдна і ўскосна, чую наступнае меркаванне: Украіна, калі наступіць адпаведны момант, не можа і не павінна наносіць удары па расійскай !!! (калі патрэбна беларускай) вайсковай інфраструктуры (!!!), якая функцыянуе на тэрыторыі Беларусі і выкарыстоўваецца для вядзення вайны супраць Украіны.

Калі ж гэта будзе зроблена, то сімпатыі беларусаў да ўкраінцаў імгненна знікнуць, беларусы перастануць іх любіць і падтрымліваць. У іх вачах украінцы будуць выглядаць як агрэсары!

Шчыра кажучы не магу зразумець логікі і сэнсу ў такім мысленні. Таксама не ведаю, ці падобныя меркаванні гэта анамалія, ці сапраўды агульнае бачанне большасці беларусаў. Дадзены аспект варта было б высветліць, магчыма, што і мой каментар у гэтым дапаможа.

Што я асабіста думаю на гэты конт:

1. Канешне, калі будзе неабходнасць і стратэгічны інтарэс Украіны такія кропкавыя ўдары па тэрыторыі Беларусі будуць нанесены, і ўкраінцам не будзе аніякай справы да пачуццяў беларусаў.

Бо зусім не зразумела, чаму ўкраінцы павінны зносіць варожыя атакі, ахвяраваць сваімі жыццямі дзеля абстрактнай любові і жалю з боку часткі беларусаў, якія толькі сведкі трагедыі.

Тым больш, як паказваюць «апытанні» Chatham House, толькі крыху за 40% беларусаў не падтрымліваюць дзеянні Расіі ва Украіне, каля 30% падтрымліваюць, а іншыя альбо не ведаюць што сказаць, альбо баяцца. «Ну вы жа разумееце, мы ўсіх любім, мы за мір, але што мы можам». І як назваць гэтую дэкларатыўную любоў? Які ад яе практычны сэнс для Украіны?

Гэта хутчэй выглядае як спроба зняць з сябе адказнасць, уцячы ад наступстваў прыкрываючыся «лозунгам любові», толькі каб не бамбілі наш «агарод», дзе стаяць расійскія войскі.

І як жа гэта ўкладаецца ў псіхалогію Лукашэнкі: «Так, мы дазволілі рускім размесціць войскі і бамбіць Украіну, і мы бы ўзялі Кіеў за 3 дня і прайшліся парадам па Хрышчаціку, але... Але ж мы не ўвялі нашых войскаў, бо мы любім украінскі народ, таму мы харошыя, не трэба па нам страляць і нас судзіць, з намі трэба дамаўляцца — мы ж за вас». Спроба выжыць любым коштам.

Думаю, тыя з беларусаў, хто сур’ёзна глядзіць на сітуацыю, падтрымаў бы дзеянні Украіны па нанясенню кропкавых удараў і пабачылі б у гэтым шанс для Беларусі.


2. Беларусь — акупаваная, расейцы абстрэльваюць Украіну з тэрыторыі «рэспублікі».

Насельніцтва нічога з гэтым зрабіць не можа, бо знаходзіцца пад ціскам і рэпрэсіямі як унутранымі, так і вонкавымі. Лагічна ў гэтай сітуацыі імкнуцца вызваліцца ад гэтай акупацыі, як і ад рэжыму ўсімі магчымымі сродкамі. Дзеянні Украіны ў дадзенай сітуацыі — гэта цудоўны сродак, які можа быць накіраваны на дэакупацыю Беларусі. Гэта па ўсіх канонах збройная дапамога і вызваленне нашай краіны, а не агрэсія і нават не помста, хаця і на апошняе Украіна мае абсалютнае права.

Гэта азначае, што беларусы (апазіцыя), наадварот, павінны не толькі чакаць, але і прасіць каб украінцы нанеслі гэтыя ўдары і ўратавалі Беларусь ад расійскай акупацыі, выціснулі іх войскі з нашай тэрыторыі і максімальна аслабілі рэжым Лукашэнкі. У сваю чаргу, лагічна будзе каб «палітычныя лідары» пераконвалі Кіеў, Захад свае грамадства ў тым, што такі крок Украіны мэтазгодны і неабходны каб вызваліцца ад Масквы і адкрыць вакно магчымасцяў для перамен.

А тут выглядае, што бачанне зусім іншае.

  • Не трэба страляць у акупанта, які нашу зямлю і нас выкарыстоўвае для забойстваў.
  • Вы не маеце ніякага права страляць па вайсковых аб’ектах акупанта.

І як гэта зразумець? Я, асабіста, не ўстане.


Па выніках атрымліваецца, што няхай расійскі акупант і рэжым Лукашэнкі застаецца, не трэба нам, беларусам, аніякай дэакупацыі. Не чапай! Гэта наш акупант!? Мы ўжо неяк з гэтым зжыліся, ды і ўвогуле ён зусім не акупант, больш таго Расія — наш брат. Нам лягчэй прыняць, што вас атакуюць з нашай тэрыторыі, чым тое, што вы будзеце атакаваць нас. Нешта ў такім кшталце?

Але гэта азначае, што ментальна беларусы з’яўляюцца суагрэсарамі, што абсурд стаўся нармальнасцю.

Калі крочыць гэтым шляхам, то можа дайсці да таго, што беларусы пачнуць бараніць акупанта, стануць жывым ланцужком вакол расійскіх баз, каб па іх не стралялі, ды і Лукашэнку пачнуць бараніць як ахвяру знешняй агрэсіі;

Спадзяюся, што вышэй абазначаны спосаб мыслення — адзінкавая з’ява, калі ж не, то з нашым грамадствам нешта не тое, і спадзявацца на перамены да лепшага наўрад ці можна, асабліва калі таксама думаюць апазіцыйныя палітыкі.