Боязь Расіі больш значная, чым недавер да Еўропы. Чаму беларусы хочуць быць нейтральнымі?

Чаму беларусы не хочуць ні да Расіі, ні ў Еўрасаюз? Сацыёлаг Генадзь Коршунаў тлумачыць рацыянальны і эмацыянальны выбар беларусаў жыць у міры з суседзямі

_szljah___daroha___belarus___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___2_.jpg

На базе звестак новага апытання Chatham House сацыёлаг Генадзь Коршунаў аналізуе матывацыю нейтралаў геапалітычнага выбару (у працяг аналізу праеўрапейскай і прарасійскай матывацыі).

Нейкі час таму мы разбіраліся, чаму беларусы больш схільныя выбіраць заходні альбо ўсходні геапалітычны вектар. А сёння давайце паглядзім, што рухае тымі, хто кажа, што Беларусі не патрэбныя ні Расія, ні Еўрапейскі саюз, а таксама чым кіруюцца тыя, каму патрэбна і тое, і другое. Эмпірычнай базай гэтага вывучэння стала даследаванне Chatham House, якое праводзілася ў анлайн-фармаце ад 4-га да 21-га жніўня сярод гараджан Беларусі (аб’ём выбаркі — 793 чалавекі).

Нас цікавяць два пытанні. Першае: «У якім геапалітычным саюзе лепей быць беларускай дзяржаве?» Другое: «Чаму Вы так лічыце?» Першае пытанне — закрытае (то-бок людзі абіралі з чатырох варыянтаў), другое пытанне — адкрытае, то-бок людзі пісалі самі сваімі словамі.

Па першым пытанні мы бачым, што з пачатку вайны фактычна нічога не змянілася (ваганні знаходзяцца ў межах памылкі выбаркі):

snimok_ekrana_2022_09_13_v_12.20.37_768x432.png

За ЕС выказваюцца 17 % (столькі ж было і ў сакавіку), за саюз з РФ — 37 % (аналагічна і ўвесну), за саюз з усімі — 27 % (было 24 %), за знаходжанне па-за межамі любых саюзаў — 19 % (было 23 %). Як бачна, змены мінімальныя. Як гэта не дзіўна, хада расійска-ўкраінскай вайны слаба паўплывала на геапалітычныя расклады сярод беларусаў.

Чаму так? Пэўна, адзін з варыянтаў адказу на гэтае пытанне можам знайсці ў матывацыі нейтральных беларусаў — «актыўных» (саюзы і з Расіяй, і з ЕС) ці «пасіўных» (быць па-за межамі любых саюзаў).

Што мы тут маем…

• Матывацыя «сяброўства з усімі» даволі празрыстая: галоўнай сваёй падставай яна мае прагматыку эканамічнага кшталту, звязаную з геаграфічным знаходжаннем.

• Быць мостам, пляцоўкай для Расіі і ЕС.

• Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і акружана вялікай колькасцю краін; для стварэння добрага трафіку тавараў і паляпшэння эканамічнай сітуацыі лепш саюзнічаць з усімі навакольнымі з Беларуссю дзяржавамі.

• Геаграфічнае становішча абавязвае быць з усімі ў свеце ў згодзе і адначасова займаць пазіцыю, выгадную для Беларусі.

Карысць ад такой бівектарнасці канкрэтызуецца проста:

• У Расіі энергарэсурсы танней, а ў Еўропе прагрэсіўныя погляды.

• За Расіяй — цесныя эканамічныя і сацыяльныя сувязі. За ЕС — магчымасць вучыцца, пераймаць вопыт больш развітых краін.

• ЕС падтрымлівае вяршэнства правоў чалавека, супрацоўніцтва з РФ павінна быць толькі ў эканамічным вектары.

Як кажуць, nothing personal, it’s just business. Такіх прагматычных меркаванняў прытрымліваюцца больш за 40 % прыхільнікаў «актыўнай» нейтральнасці.

Яшчэ больш за чвэрць робяць націск на пытаннях бяспекі. Трэба адзначыць, што гэтыя пытанні маюць два выразныя складнікі: а) агулам за мір і бяспеку ва ўсім свеце; б) дваістае стаўленне да Расіі. У першым выпадку мы бачым даволі простыя аргументы кшталту «Мір — гэта добра».

• Я супраць якіх-небудзь канфліктаў, а гэтыя саюзы маглі б іх не дапусціць.

• Мы павінны жыць у міры з усімі, нам хопіць войнаў.

• Краіна павінна быць дэмакратычнай, быць адкрытай для ўсіх, .. павінна жыць у міры, а не ваяваць у імя чужых для простага народа каштоўнасцей.

Калі ж размова заходзіць пра стасункі з Расіяй, то тут «усё складана», бо, з аднаго боку:

• Расія на працягу многіх стагоддзяў была саюзнікам, заўсёды працягвала руку дапамогі.

• Расія — гэта тая краіна, якая нам патрэбная.

А з другога:

• Пры саюзе з ЕС ёсць верагоднасць нападу Расіі.

• Расія спакойна можа забіць Беларусь сілай, лепш заставацца ў нейтралітэце.

Выходзіць, выбар нейтральнасці з меркаванняў бяспекі — пытанне зусім не абстрактнае, а вельмі канкрэтнае, дзе Расійская Федэрацыя ацэньваецца як мінімум амбівалентна.

Зразумела, прысутнічае і абстрактна-ідэалістычная аргументацыя тыпу «Усе краіны свету павінны жыць у міры», або «Усе мы людзі, і ў нас адна планета». Але гэткага адносна няшмат (крыху болей за 10 %).

Тут напрыканцы адзначым параўнальна высокую долю тых, хто вызначае свой выбар як асабісты і адмаўляецца яго хоць неяк абгрунтоўваць — такіх крыху болей за 20 %.

Цяпер што тычыцца «пасіўнага» нейтралітэту ці жадання апынуцца па-за межамі якога-небудзь саюза.

Тут збольшага працуе толькі адзін чыннік — меркаванні пра бяспеку Беларусі.

Праўда, «бяспека нейтральнасці» мае два кірункі. Першы вельмі падобны да той жа «боязнасці Расіі», якую мы бачылі вышэй. Хтосьці пра гэта кажа наўпрост, а нехта з выкрутасамі:

• Каб заставацца бяспечным месцам для перамоў.

• Беларусі так будзе лепш, бо ў выпадку ўступлення Беларусі ў адзін з геапалітычных саюзаў альтэрнатыўны геапалітычны саюз палічыць гэта правакацыяй.

• Таму што Пуцін будзе намагацца захапіць Беларусь, як і Украіну.

Гэта невыпадкова, бо патэнцыйнае ўваходжанне Беларусі што ў адзін, што ў другі саюз для многіх мае важнае ваеннае вымярэнне. І гэта прымушае людзей дыстанцыявацца ад любых палітычных (чытай, ваенных) звязаў і хаўрусаў.

• Мы не павінны быць рубяжом для розных саюзаў.

• Палітычныя саюзы, як паказала гісторыя, правакуюць канфрантацыйныя працэсы.

• .. Беларусь знаходзіцца паміж двума сур'ёзнымі супернікамі. Нельга дапусціць удзелу Беларусі ў ваенных і палітычных канфліктах.

• Трэба быць мірнай краінай і не падтрымліваць ніякія ваенныя канфлікты.

Другі кірунак (яго выбіралі часцей за першы) выяўляе спадзеў на нейтралітэт як гарантыю бяспекі і захавання паўнавартаснага суверэнітэту краіны. Па меркаваннях некаторай часткі апытаных, у якім-кольвечы саюзе захаваць сапраўдны суверэнітэт немагчыма.

• У любым з палітычных саюзаў не будзе незалежнасці Беларусі.

• Сяброўства ў палітычным саюзе пазбаўляе ў некаторай ступені суверэнітэту.

• Каб не страціць незалежнасць, суверэнітэт.

За своеасаблівы ідэал геапалітычнага самавызначэння такія рэспандэнты звычайна бяруць Швейцарыю.

Беларусь — маленькая краіна. Якія-небудзь саюзы (альбо) з такой вялікай краінай, як РФ, альбо з такім вялікім фарміраваннем, як ЕС, непазбежна будуць прымушаць РБ прымаць загадзя нявыгадную для краіны пазіцыю. Лепш заставацца нейтральнымі, як, напрыклад, гэта робіць Швейцарыя.

Да гэтага дадамо, што прагматычныя чыннікі, якія займалі першае месца ў абгрунтаваннях «актыўнай» нейтральнасці, для «пасіўнай» амаль няважныя — іх адзначылі менш за 10 % (з тым жа зместам: «Геаграфічна-транзітнае становішча Беларусі спрыяе ёй быць злучэннем паміж Усходам і Захадам»).

І яшчэ. Як і ў папярэднім выпадку, тут мы маем вялікі адсотак рэспандэнтаў (нават большы — 29 %, а не 23 %), хто наўпрост выбірае свой варыянт нейтральнасці і адмаўляецца ад аргументацыі свайго выбару.

Такім чынам, што мы маем, калі абагульніць тыя абгрунтаванні, што высоўваюць прыхільнікі і «актыўнай», і «пасіўнай» нейтральнасці:

Для чвэрці тых, хто абірае той ці іншы варыянт нейтралітэту, гэта шмат у чым інтуітыўны выбар, які вынікае, хутчэй за ўсё, з недаверу да любых формаў наднацыянальнага яднання. Пэўна, тут адгукаецца і негатыўны досвед будаўніцтва чагосьці агульнага з Расіяй, і адсутнасць добрых ведаў пра варыянты і фарматы існавання краін у межах Еўрапейскага саюза;

Для другой чвэрці «нейтралітэт» — гэта рацыянальны выбар прагматычнага варыянту, які грунтуецца на гіпатэтычных магчымасцях выкарыстоўваць сваё геаграфічнае становішча паміж Усходам і Захадам з эканамічнымі і палітычнымі мэтамі (прычым супраца з Расіяй тут бачыцца больш эканамічнай, чым палітычнай).

Амаль для паловы сімпатыкаў нейтралітэту галоўнымі з’яўляюцца меркаванні бяспекі — складаныя, супярэчлівыя, комплексныя. Тут жаданне паўнавартаснай незалежнасці для сваёй краіны памнажаецца на недавер да Еўропы і асцярогу адносна Расіі. Адзначым, што боязь Расіі больш значная, чым недавер да Еўропы.

P.S. У сувязі з тэмай артыкула не магу не адзначыць пару момантаў, што датычаць іншых пытанняў у даследаванні Chatham House. Я маю на ўвазе пытанні аб стаўленні беларусаў да некаторых краін-суседак. Тут прыцягвае ўвагу дзіўны рост сімпатый да Літвы і Польшчы (як і агулам да ЕС і да ЗША). Да некага з іх ад красавіка, а да некага ад чэрвеня сімпатыі беларусаў павялічыліся ў сярэднім на 10 %. Гэта даволі шмат.

І ведаеце што? Мне падаецца, гэтыя адсоткі яшчэ будуць расці, бо цяпер мы маем толькі жнівеньскія даныя, без уплыву харкаўскага «згортвання расійскай вайсковай моцы».

У якой бы інфармацыйнай бурбалцы беларусы ні знаходзіліся, яны ўсё роўна назіраюць за падзеямі ва Украіне. Назіраюць і робяць высновы. Як у 2014-15 гады, калі Еўропа бездапаможна праглынула здзеклівую анексію Крыма Расіяй. Тады, пасля пяцігадовага парытэту ў ацэнках усходняга і заходняга геапалітычных вектараў здарыўся выбух еўраскептыцызму і колькасць прыхільнікаў саюза з РФ стала на 15-20 % большай, чым тых, што хацеў бы яднання з Еўропай. Зараз беларусы мусяць пабачыць, што Еўропа — не «бяззубая старушэнцыя», а моцны вайсковы саюз, які разам з Украінай можа даць выспятка расійскаму самавольству.

Мяркую, менавіта праз назіранні гэтага працэсу — мэтанакіраванай і паўнавартаснай падтрымкі Украіны краінамі Захаду — падскочылі станоўчыя ацэнкі і Літвы, і Польшчы, і агулам ЕС. І калі такое стаўленне будзе ўзмацняцца, то праз некаторы час яно з верагоднасцю адаб’ецца і на геапалітычных перавагах.

Паводле newbelarus.vision