Першы і адзіны кароль у Беларусі
Менавіта ў гэты дзень у 1253 годзе дзякуючы Папе Рымскаму Інацэнту IV адбылася надзвычай істотная падзея. Першы кіраўнік Вялікага Княства Літоўскага Міндоўг быў каранаваны. Ён станавіўся каралём, а наша дзяржава — каралеўствам.
Пантыфік прыязна паставіўся да прозьбы Міндоўга ўзяць яго пад апеку. Празь некаторы час Папа Інацэнт IV даслаў у Наваградак дзьве булы (папскі заканадаўчы акт), у адной зь якіх называў Міндоўга каралём, а ўсю нашую дзяржаву — каралеўствам.
У другой буле, адрасаванай рыжскаму, дорпацкаму і эзэльскаму бізкупам, найвышэйшы кіраўнік каталіцкага Касьцёла прасіў дапамагчы «каралю літоўскаму, які хоча павярнуць паганцаў да хрысьціянскай веры».
Паглядзім падрабязьней
Быў атрыманы таксама дазвол на каранацыю навагародзкага князя каралеўскай каронаю. Папа даручыў зьдзейсьніць гэта хэлмінскаму бізкупу Гэнрыху.
Цырымонія адбылася 6 ліпеня 1253 году. Адну карону папскі пасланец усклаў на галаву Міндоўгу, другую — ягонай жонкі Марце.
Як сьведчыць Іпацеўскі летапіс, «вялікі князь літоўскі Міндоўг каранаваны быў на Каралеўства Літоўскае ў Навагародку, з дабраславеньня Папы Інацэнта праз Гэнрыха бізкупа, у Прусах кардынала».
Міндоўг таксама дамогся заснаваньня ў Навагародку Літоўскага каталіцкага арцыбізкупства з беспасярэднім падпарадкаваньнем Пантыфіку. Каранацыя і стварэньне для краіны асобнай дыяцэзіі былі актамі грандыёзнага дзяржаўнага значэньня. Каралеўства Літоўскае здабыло прызнаньне ў Эўропе як роўнае сярод іншых каралеўстваў.
Як сьцьвярджае Алесь
Жлутка, гэты крок каранацыі рыхтаваўся ўсім папярэднім шляхам нашага краю да
хрысьціянскай супольнасьці. Гісторык узгадвае, што заходняе хрысьціянства
прыйшло да нас яшчэ на пачатку летапіснай гісторыі. Ён кажа пра тое, што хрысьціцелямі
Беларусі былі «мужы Рурыка» — варагі Аскольд і Дзір, якія прынялі хрысьціянства
на Захадзе ад «апостала Поўначы» Ансгара ці ягоных паплечнікаў. У 865 ці 867
годзе Аскольд і Дзір авалодалі Полацкаю зямлёю і паклалі пачатак хрысьціянізацыі
крывічоў.
Такім чынам, да сярэдзіны ХІІІ ст. на нашых землях ужо ўсталявалася традыцыя хрысьціянства заходняга абраду. Кароль Міндоўг надаў ёй дзяржаўны статус. Гісторыя яго хросту і каранацыі разгортвалася на фоне ўнутраных закалотаў і цяжкіх, працяглых войнаў з суседзямі. На захадзе ўсё больш грозна ўздымаўся цень Нямецкага ордэну, аселага над Віслаю дзякуючы запрашэньню мазавецкага князя Конрада.
У 1235 годзе немцы з Ордэну валодалі ўжо міхалоўскай і хэлмінскай землямі (сёньня на тэрыторыі Польшчы) ды рыхтаваліся да заваёвы ўсёй Прусіі. Пасьля прыяднаньня да сябе ў 1237 годзе Ордэну мечаносцаў у Лівоніі Нямецкі ордэн пачаў выношваць пляны далучэньня да сваіх земляў тэрыторыяў на ўсходзе, перадусім, Жамойці і беларускіх земляў.
Пад пагрозай сур’ёзнай варожай кааліцыі, якая складалася з Ордэну, а таксама яго сваякоў, што прынялі хрост і меліся скінуць Міндоўга з трону, наш гаспадар вырашыўся на два значныя крокі.
Па-першае, ён зьвярнуўся да лівонскага майстра Ордэну Андрэя Штырлянда, паведамляючы, што хоча разам са сваімі баярамі прыняць хрост. Як падае «Лівонская рыфмаваная хроніка», гэтая вестка была з радасьцю прынятая, бо Міндоўг меўся шчодра аддзячыць сваім дабрадзеям.
Як піша Алесь Жлутка, хрост адбыўся напрыканцы 1250-га ці ў першай палове 1251 году ў прысутнасьці Андрэя Штырлянда на двары Міндоўга. Хрысьціў яго, хутчэй за ўсё, ордэнскі прэзьбітэр Хрысьціян, які і стаў пазьней першым Літоўскім каталіцкім бізкупам. Згодна з паведамленьнямі тагачасных крыніцаў, разам з князем павінныя былі прыняць хрост яшчэ 600 знатных родаў.
У першай палове 1251 году Міндоўг выправіў у Рым афіцыйнае і адмысловае пасольства. Яно было надзвычай плённым: Папа Інацэнт IV прыняў усе землі Міндоўга і яго з сям'ёю пад абарону і юрысдыкцыю Апостальскага Пасаду.
Паводле тагачаснага
звычаю, кароль фармальна перадаваў свае землі пад папскую ўладу і атрымліваў іх
назад у лен, прызнаючы тым самым вярхоўную ўладу рымскага пантыфіка.
З дакумэнта Папы Інацэнта ІV, у якім ён прымае каралеўства Лютавіі (так у арыгінале) і ўсе землі, якія яе кароль вырваў альбо вырве ў будучыні з рук няверных, пад юрысдыкцыю і ва ўласнасць Апостальскага Пасаду:
«Найдаражэйшаму ў Хрысьце сыну, найясьнейшаму каралю Лютавіі (Luthawiae). Сэрца нашае напоўнілася вялікаю радасьцю, бо дабрыня Бога і Адкупіцеля нашага Езуса Хрыста зьявіла табе сваё аблічча і з міласэрнасьці сваёй натхніла цябе, каб ты, некалі ахоплены цемраю, зь вялікай колькасьцю паганцаў даў адрадзіць сябе да славы Божага імя праз ласку хроснай купелі ды цалкам паддаў сваю асобу, каралеўства і ўсе маёмасьці юрысдыкцыі і абароне Апостальскага Пасаду.
Але паколькі праз афіцыйных і адмысловых паслоў ты пакорліва прасіў прыняць цябе за асаблівага сына сьвятога Каталіцкага Касьцёла і ўзяць пад айцоўскую апеку, мы, ласкава схіляючыся да тваіх справядлівых жаданьняў, вартых найбольшага спрыяньня, прымаем каралеўства Лютавіі і ўсе землі, якія з дапамогай Божае моцы ты ўжо вырваў з рук няверных альбо зможаш вырваць у будучыні, пад юрысдыкцыю і ва ўласнасьць сьвятога Пятра і пастанаўляем, што яны, а таксама твае жонка.., сыны і сям'я застаюцца пад абаронаю і ў падданстве Апостальскага Пасаду».
З дакумэнта, у якім
Папа Інацэнт IV піша
Кульмскаму бізкупу пра Міндоўга ў 1251 годзе:
«Вельмі старанна трэба клапаціцца пра маладыя парасткі, каб, глыбей пусьціўшы карані, яны маглі лягчэй падняцца ўгору і, апладніўшыся, прынесьці багаты плён. Вось і мы з радасьцю ў душы даведаліся, што найдаражэйшы ў Хрысьце сын наш Міндоўг (Mindowe), найясьнейшы кароль Літовіі (Lithowiae), які некалі быў на бездарожжы аблуды і ня меў уяўленьня пра Творцу ўсяго, даў далучыць сябе да ліку верных праз сакрамэнт хросту і пабожна жадае, каб вялікая колькасьць падданых яму паганцаў бесперапынна вызнавала хрысьціянскую веру».
У 1253 годзе Міндоўг надае рыжскім грамадзянам і ўсім нямецкім купцам прывілей на свабодны гандаль у межах свайго каралеўства:
«Міндоўг, з ласкі Божае кароль Летовіі (Letthowiae), усім, хто будзе бачыць гэты ліст, вечнае збаўленьне. Вядома, што найбольш адпавядае славе каралеўства і гонару каралеўскай годнасьці, калі супроць нягодных заўсёды чувае меч належнай пільнасьці дзеля таго, каб няспынна захоўваліся ў непарушнасьці мір і супакой…»
Праз два гады пасьля каранацыі, у 1255 годзе Папа прызнаў міндоўгавага сына ягоным пераемнікам і дазволіў яго каранацыю, што яшчэ больш умацавала пазыцыі Міндоўга ў хрысьціянскім сьвеце.
Месца каранацыі
Да сёньня няма пераканаўчай вэрсіі, якая б адкінула ўсе іншыя адносна ўласна месца каранацыі. Як слушна адзначае гісторык Алег Дзярновіч, праблема ў тым, што крыніцы ХІІІ ст., сучасныя Міндоўгу — славянскія летапісы, нямецкія хронікі, папскія дакумэнты — не пазначаюць месца каранацыі.
Аўтар першай друкаванай гісторыі ВКЛ, паляк з паходжаньня і патрыёт Вялікага Княства, Мацей Стрыйкоўскі першапачаткова, у 1574 годзе, у сваёй паэме «Ганец цноты» такім месцам назваў Кернаў.
Але ўжо ў новай, галоўнай сваёй працы — «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі», якая выйшла з друку ў 1582 годзе, Стрыйкоўскі зьмяніў першапачатковую думку ды заявіў, што каранацыя адбылася ў Наваградку.
У сучаснай
беларускай гістарыяграфіі традыцыйна месцам каранаваньня лічыцца Наваградак.
А вось Алесь Жлутка на падставе філялягічнага дасьледаваньня тэкстаў высунуў уласную гіпотэзу. Ён прапануе разглядаць месцам каранацыі Міндоўга Любчу.
Канец каралеўства
Пасьля забойства Міндоўга ў 1261 годзе дзяржава страціла статус каралеўства. Аднавіць яго безпасьпяхова спрабаваў вялікі князь Вітаўт у 1430 годзе. Тады Папа таксама пагадзіўся зрабіць Вітаўта каралём, і папская карона ўжо была блізкая, але празь мякка кажучы несяброўскія адносіны яна была «згубленая» на тэрыторыі Польскага каралеўства. Праз некалькі месяцаў пасьля гэтага Вітаўт памёр, а нашая дзяржава больш ня мела падобнай магчымасьці.
Ніводнае іншае княства з нашых адвечных суседзяў ніколі ня мела такой пашаны і ўганараваньня. Каралеўства было абвешчанае. Той факт, што праіснавала ня так доўга, хутчэй за ўсё стаў першаснай прычынай таго, што дзяржава ў сваім выглядзе не дажыла да сёньняшніх дзён.