Наш Рэнесанс: Мікола Гусоўскі і «Песня пра зубра»
500 год таму з варштата кракаўскай друкарні выйшаў у свет вершаваны твор «Песня пра зубра» аўтарства Міколы Гусоўскага. Паэма была ў небыцці некалькі стагоддзяў, але гістарычная справядлівасць была адноўлена: 500-годдзе аўтара адзначалася на ўзроўні ЮНЕСКА.
«Carmen de statura feritate ac venatione bisontis» ці «Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго» — вось поўная назва твора, які лічыцца найвыдатнейшым узорам айчыннага пісьменства на лацінскай мове. Гэта гонар мастацкай культуры «залатога веку» Вялікага Княства Літоўскага.
«Песня пра зубра» пісалася як падарунак, а стала першым вялікім вершаваным творам пра Вялікае Княства Літоўскае, напісаным на лацінскай мове для еўрапейскага чытача. Паэма справядліва лічыцца непераўзыдзенай у эпічным паказе краіны і народа да з’яўлення паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча… А розніца паміж імі — больш за 300 гадоў.
Хоць і прызнаецца твор шэдэўрам, ён не стаяў на паліцах хатніх бібліятэк магнатаў і шляхты, не маглі пахваліцца асобнічкам «Песні…» кляштарныя бібліятэкі. Выдатны твор быў не вядомым цягам стагоддзяў. Больш за тое, пра жыццё яго аўтара і сёння вядома зусім дробка фактаў. Як быў напісаны знакаміты твор? Як ён трапіў у забыццё і быў адтуль выцягнуты? Кім быў яго аўтар і ці ведалі твор інтэлектуалы ў ХІХ стагоддзі? 500-годдзе выхаду паэмы з друку — добрая нагода, каб з усім гэтым разабрацца.
Хто такі «Nicolaus Hussovianus» і дзе нарадзіўся?
Калі нарадзіўся, дзе нарадзіўся і жыў, калі і як памёр, дзе пахаваны і нават сапраўднага дакладнага прозвішча аўтара паэмы нашчадкі не ведаюць. Вакол асобы — адны таямніцы, паперы пяцісотгадовай даўніны мала даюць канкрэтыкі аб паэце.
З тых нешматлікіх дакументаў, якія выяўленыя даследчыкамі жыцця і творчасці, дакладна вядома, што яго звалі Мікалай, а вось прозвішча мае варыяцыі — Hussovianus, Hussowski, Usovius. Сышліся на тым, што гэта значыць Гусоўскі, то-бок — Мікалай з Усава ці Гусава. А вось далей пачынаюцца загадкі: дзе знаходзіцца тая мясцовасць, адкуль паходзіць знакаміты аўтар?
Варыянтаў шмат, і на ганаровы тытул «малой радзімы» Міколы Гусоўскага прэтэндуюць як мінімум тры розныя рэгіёны сучаснай Беларусі. Грунтуючыся на тым, што ў яго творчасці сустракаюцца народныя выслоўі, зафіксаваныя фалькларыстамі XVII–XIX стагоддзяў на землях даўняй Літвы, месцам нараджэння называецца Нёманскі край.
У радках паэмы таксама ёсць зачэпка, якая дазваляе перанесці месца нараджэння на берагі іншай ракі — Дняпра. Гэтую раку ён згадвае ў паэме, прычым ужывае яе антычны назоў: Барысфен. А вось падзеі, апісаныя ў «Песні…», узятыя з жыцця Белавежскай пушчы. То, можа, Гусоўскі паляшук ці паходзіць з ваколіц самой пушчы?
Выкажам і сваю версію, якая перагукваецца з версіяй аб паходжанні паэта з берагоў Нёмана. Цалкам магчыма, што ён паходзіць з ваколіц ракі Уса, якая з’яўляецца правым прытока ракі Нёман. Усё ж Гусоўскі, адукаваны чалавек лацінскай культуры, культуры, якая трансліравалася праз каталіцкую царкву. І ваколіцы Нёмана — гэта як раз тое культурнае асяроддзе, адкуль мог пайсці ў свет будучы лацінамоўны паэт.
Канечне, не вядома і тое, як выглядаў Гусоўскі. Яго цяперашнія выявы — плён працы мастакоў.
Сацыяльны ліфт Гусоўскага: ад палясоўшчыка да доктара навук
Дзе б ні нарадзіўся Гусоўскі, з яго ж слоў вядома, што паходзіць ён з сям’і паляўнічага. Дый не простага лоўчага, а велікакняжацкага. Паэт сам адзначаў, што рана пачаў дапамагаць бацьку на паляванні, меў магчымасць бываць на ўскрайках Вялікага Княства Літоўскага, а жыццё яго, звязанае з лукам, канём, народнай мудрасцю і небяспекай, праходзіла ў працоўных, але шчаслівых буднях… У пушчах, дзе «сына вучыў палясоўшчых».
Але Гусоўскі збочвае са сцежкі бацькі, не працягвае сямейную справу. Яго шлях — адукацыя. Дзе ён яе атрымліваў — таксама таямніца. Можна толькі меркаваць, што спачатку навучаўся пры якімсьці касцёле там, дзе нарадзіўся. А вось далей, ёсць ускосныя звесткі, па якіх можна скласці шлях засваення ведаў.
А каб падняцца на сацыяльным ліфце хутчэй, у той час трэба было прыняць духоўны сан, што і робіць Гусоўскі. Вядома аб гэтым з дакументаў больш позняга часу, калі ён у іх пазначае сябе клірыкам адной з каталіцкіх епархій.
З непралазных літоўскіх лясоў Міколу Гусоўскага заносіць у Кракаў, што не рэдкасць для тых часоў. Прыгадаем таго ж Францыска Скарыну. У альбоме студэнтаў Кракаўскага ўніверсітэта за 1483 год, якія навучаліся без грашовага ўнёску (сёння б сказалі — «на бюджэце»), згадваецца пан Nicolaus Andree de Ossov. А раптам гэта сын нашага паляўнічага?!
Глядзіце таксама
А далей — яшчэ больш самавіта: у паперах знакамітага Балонскага ўніверсітэта пазначаны Dominus Nicolaus Albinus Polonus Lithhuanus, які быў магістрам рыторыкі і стаў доктарам філасофскіх навук. Шаноўнаму пану Мікалаю з Літвы быў дадзены пачэсны дазвол трымаць экзамен на ступень доктара навук.
Бясспрэчна, Мікола Гусоўскі — чалавек высокай культуры і высокага ўзроўню адукацыі.
Вядома крыху і пра яго службу ў Вялікім Княстве Літоўскім. На радзіме Гусоўскі працаваў натарыусам. У навукоўцаў маецца дакумент — тастамент пані Гальшанскай, які быў зацверджаны менавіта Міколам Гусоўскім у 1518 годзе. На той час яму ішоў ужо прыкладна пяты дзясятак…
Галоўнае — сустрэць мецэната
Якім бы адукаваным ці таленавітым не быў бы чалавек, без пратэкцыі ўплывовага саноўніка так і можна застацца сам-насам са сваімі здольнасцямі, выконваючы абавязкі натарыуса. І гэта рэаліі не толькі XVI стагоддзя.
Гусоўскаму пашчасціла, ён сустрэў чалавека, які разгледзеў талент і прасунуў яго на некалькі ўзроўняў вышэй. Мецэнатам Гусоўскага стаў Эразм Цёлак. Гусоўскі быў яму блізкі: Цёлак, падобна як і яго падапечны, нарадзіўся ў беднай мяшчанскай сям’і, атрымаў годнасць магістра Ягелонскага ўніверсітэта, зрабіў кар’еру. Ні больш ні менш — займаў пасаду сакратара велікакняжацкай канцылярыі, пробашча і каноніка Віленскай капітулы, быў прызначаны Плоцкім біскупам.
Эразм Цёлак
Эразм Цёлак неаднаразова выконваў складаныя дыпламатычныя даручэнні ад імя Вялікага Княства і Кароны. Ён узначальваў пасольскія місіі ў Еўропу: Ватыкан, Святая Рымская імперыя. У адну з паездак Цёлака суправаджаў Мікола Гусоўскі. Шлях ляжаў у Рым, дзе і нарадзілася знакамітая «Песня пра зубра».
Падарунак, які не спатрэбіўся
Паэма планавалася як падарунак. У гэты час (1522 год) у Ватыкане была пасольская місія Вялікага Княства Літоўскага, якую ўзначальваў Эразм Цёлак. Натуральна, што дыпламатыя — гэта не толькі складаныя перамовы, а яшчэ і нефармальныя зносіны.
Аб тым, як узнікла ідэя стварыць паэму, кажа сам Гусоўскі ў першых яе радках. Адбылося гэта падчас шумнага відовішча ў Рыме, калі ішла жорсткая бойка між быкамі і людзьмі на арэне. Мясцовыя былі ўражаныя, а сярод літвінаў прыгадалі родную пушчу і ловы на зуброў. Аповед гасцей пра невядомага звера і такі ж невядомы край зацікавіў прысутных…
Паляванне на зубра, ХІХ ст.
Цалкам праўдападобна, што ўдзельнікамі падобнай сцэны былі саноўнікі смага высокага рангу. Сам Папа Рымскі і дыпламат Эразм Цёлак. Тагачасны Папа Рымскі Леў Х Медзічы хацеў паслухаць праўдзівае паэтычнае слова пра паляванне на зуброў. Цёлак вырашае залагодзіць пантыфіка і дае гэтае нялёгкае, але пачэснае заданне сапраўднаму спецыялісту па зубрах і ловах. Лепш за Гусоўскага, сына паляўнічага, з гэтым бы не справіўся ніхто.
Папа Рымскі Леў Х Медзічы
Трэба меркаваць, што пра паэтычны талент Гусоўскага было добра вядома ў яго колах. Папа Леў Х слыў чалавекам высокаадукаваным і тонкім знаўцам паэзіі і мастацтва, а да ўсяго — паляўнічым. Веды ведамі, а каб напісаць годны твор, трэба мець талент, які ў Гусоўскага, праўдападобна, меўся. Ён з імпэтам бярэцца за пяро, і досыць хутка паэма была завершана. Яшчэ б! Рым, сонца Італіі, «калыска Адраджэння»… Крыніц для натхнення багата.
Рым часоў Гусоўскага
Падарунак павінен быў быць грандыёзным і эфектным. Толькі ўявіце! Урачыстая зала ў Ватыкане, літвіны дораць Рымскаму Папе калматае чучала невядомага зубра і ўручаюць друкаваныя аркушы вершаванага твора пра гэтага дзіўнага звера…
Аднак Гусоўскі не паспеў надрукаваць свой твор у Рыме, бо ягоны замоўца Папа Леў X раптоўна памёр. У той год не стала і апекуна Гусоўскага Эразма Цёлака.
І ўсё ж — аб чым паэма?
Мікола Гусоўскі не быў бы сапраўдным паэтам, калі б спыніўся толькі на вершаваным апісанні невядомага ў Рыме зубра. Яго паэма пад гэтай маскай стала песняй аб сваім краі і народзе, роздумам пра лёс Вялікага Княства Літоўскага, аб яго месцы на шляхах гісторыі.
У паэме, якая мела і дыпламатычныя мэты, выразна паказаны заклік да яднання і сяброўства розных па веры і культуры еўрапейскіх народаў перад пагрозай турэцкага і татарскага нашэсця.
Мікола Гусоўскі паспрабаваў прадставіць погляд на сваю радзіму. Ён імкнуўся ўславіць усё тое, з чым у яго свядомасці асацыіруецца вобраз яго роднай зямлі, яе прыгажосць і непаўторнасць. Ён апісвае нашы лясы, багатыя на свае дары — ягады, мёд, куніцу. Апроч апісання хараства прыроды, паказвае і забабоны свайго народу — вера ў ведзьмакоў, русалак — грамадскую пасіўнасць і пакорнасць лёсу.
князь Вітаўт
Адзін з галоўных герояў паэмы, яе цэнтральны вобраз твора — князь Вітаўт. Яго аўтар падае, як ідэальнага правіцеля, сапраўднага патрыёта, вернага традыцыям, праўдзівага і справядлівага, выдатнага кіраўніка дзяржавы. Князь Вітаўт выступае ў паэме як ідэал дзяржаўнага ўладара.
...Вітаўт апекаваў тых, каму дазваляў уладарыць,
Воляю князя васал жыў або траціў жыццё,
Быццам нявольнік які, маскавіт яго зваў уладыкам,
Хоць і магутным царом быў сярод многіх цароў...
Вітаўт у паэме паўстае мудрым дзеячам, які заахвочваў падданых сцвярджаць сваю грамадзянскую прыдатнасць удзелам у ваенных спаборніцтвах і сумленным выкананнем даручаных абавязкаў. Можна заўважыць, як аўтар параўноўвае мужнага і моцнага духам князя з самім зубрам.
Выява зубра XVI ст.
Лёс твора, кнігі і творцы
Пасля смерці Папы Льва Х расклад у Рыме змяніўся кардынальна. Новаму Папе Адрыяну VI, досыць кансерватыўнаму, не было справы ні да задум папярэдніка, ні, тым больш, да лёсу нейкага там літвіна Гусоўскага.
Папа Адрыян VI
І вось пасля трагічных падзей у Рыме, вандроўны паэт вяртаецца ў Кракаў. Там ён мае цвёрды намер усё ж надрукаваць напісанае. І сутыкаецца з цяжкасцямі: у яго няма пратэктарату. Новых апекуноў ён знаходзіць у асобе даўняга сябра, а па службе — каралеўскага сакратара і гнёзненскага каноніка Карла Антонія Банонскага, а таксама сакратара каралевы Боны Сфорца Людовіка Альфія і яе самой.
Дзякуючы гэтым апекунам, Гусоўскі досыць хутка, у тым жа 1523 годзе ў кракаўскай друкарні Гераніма Віетара выдае свае творы ў зборніку невялікага фармату. На паперы была адціснутая не толькі паэма пра зубра, яе дапоўніла прысвячэнне каралеве і адзінаццаць вершаў, напісаных у Рыме.
А потым надышло забыццё… Кніга не стала бестселерам пры жыцці аўтара, яна не заняла пачэснага месца на кніжных паліцах у шляхецкіх сядзібах побач з выданнямі Статута і іншымі папулярнымі творамі. Не, кнігу ведала купка інтэлектуалаў, як і ведалі, што быў на абшарах Рэчы Паспалітай такі паэт у шэрагу іншых лаціністаў. Але час няўмольна ішоў, на твор забываліся. Што казаць, сёння экзэмпляры першага выдання «Песні пра зубра» можна пералічыць на пальцах адной рукі. Захоўваюцца яны па адным у Кракаве, Уроцлаве, Лондане, магчыма, Пецярбургу і Вільні. А больш паэма і не перавыдавалася.
Не надта шчасліва склаўся і лёс самога Гусоўскага, здароўе яго пакінула. Паэт хварэў на паралюш ног. Але дух ягоны не быў скаваны, ён працягваў паэтычную дзейнасць, хоць і не высока сам сябе цаніў. У лісце да свайго патрона біскупа Яна Карнкоўскага паэт пісаў: «Я з жаданнем і часцей пісаў бы, але сапраўды, мне не ўдаецца знайсці патрэбнага матэрыялу. Пішу адны толькі нявартыя рэчы…». Канечне, пасля эпапеі пра Вітаўта і палявання на зубра з вялікім маральным і патрыятычным падтэкстам, цяжка было знайсці сталаму паэту годны і варты сюжэт. Зямны шлях Гусоўскага абарваўся пасля 1533 года, размяняўшы шосты дзясятак. Як памёр і дзе пахаваны творца — не вядома.
Як твор вярнуўся ва ўжытак
Твор вярнуўся і стаў папулярным толькі цудам. І тое адбылося толькі праз стагоддзі. Вельмі доўгайграючы праект!
Першае перавыданне тэксту «Песні пра зубра» тыражом усяго ў 100 экзэмпляраў было ажыццёўлена толькі ў 1855 годзе ў Пецярбургу ў гонар 50-годдзя Маскоўскага таварыства даследчыкаў прыроды. Напэўна, маскоўскіх натуралістаў падкупіў зубр, які на той час ужо знікаў.
Падзеяй, якая дала пачатак новаму этапу ў вывучэнні паэтычнай творчасці Гусоўскага, было другое выданне. І сімвалічна, што зноў гэта быў Кракаў. Адбылося гэта ў 1894 годзе. Выданне ўтрымлівала паэму, іншыя творы паэта. Суправаджалася грунтоўным уступам і крытычнымі каментарыямі. Падрыхтаваў усё Ян Пельчар. Фактычна гэта было перараджэнне «Песні пра зубра» і выхад яе з нябыцця.
Вяршыня прызнання — год 1980-ты, калі ЮНЕСКА ўключыла Гусоўскага ў каляндар міжнародных дат вялікіх дзеячаў славянскай культуры, дапасаваўшы 500-гадовы юбілей. Што праўда, Гусоўскі ўвайшоў у знакавыя постаці рука аб руку з Францыскам Скарынам. І не выпадкова.
У культуры Вялікага Княства Літоўскага XVI стагоддзя Скарына і Гусоўскі засведчылі якасна новую заканамернасць — паслабленне ўплыву візантыйскіх традыцый і арыентацыю яе на антычныя і заходнееўрапейскія.
Ці ведалі пра Гусоўскага?
Нягледзячы на забыццё, асобныя інтэлектуалы ХІХ стагоддзя пра Гусоўскага і яго паэму ўсё ж ведалі. Напрыклад, у 1823–1825 гадах быў надрукаваны двухтомнік шляхціца і пісьменніка Ігната Бабяцінскага «Мастацтва палявання» з эпіграфам, узятым як раз з «Песні пра зубра».
Ведаў пра рэнесанснага паэта і Уладзіслаў Сыракомля, які, акрамя ўсяго, быў даследчыкам старадаўняй лацінскай паэзіі. У сваім рукапісным слоўніку пісьменнікаў ён занатаваў імя «Гусавіянуса Мікалая» і дакладна пералічыў усе яго галоўныя творы.
Мог быць знаёмы з творчасцю Гусоўскага і Адам Міцкевіч. Пытанне, ці чытаў Міцкевіч «Песню пра зубра» было нават вынесенае ў асобнае навуковае даследаванне, вынікам якога стала брашура, надрукаваная ў Львове ў 1937 годзе. Падставай для даследавання стала выяўленае падабенства сюжэтаў і сцэн з палявання. І ў «Песні пра зубра», і ў «Пане Тадэвушы» прысутнічае сцэна, калі двое маладых людзей спрачаюцца на паляванні, на іх нападае драпежны звер, іншыя асобы іх ратуюць. У 1930-я дакладнага адказу на пытанне не далі, але дапушчэнне зроблена. Цалкам праўдападобна, што Міцкевіч чытаў паэму Гусоўскага, бо, як мінімум, яе асобнічак быў у зборах Віленскага ўніверсітэта.
Паляванне на зубра
Беларускія пераклады і выданні
Паэма «Песня пра зубра» перакладзеная на ўсе мовы колішняй Рэчы Паспалітай: беларускую, польскую, літоўскую i ўкраінскую, а таксама рускую.
На беларускую існуюць ажно тры пераклады: Язэпа Семяжона (упершыню апублікаваны ў часопісе «Полымя» у 1969 годзе), Уладзiмiра Шатона (выдадзены асобінай кнігаю ў 1994 годзе) і Наталлi Арсенневай (надрукаваны ў 1997 годзе ў часопісе «Крыніца»).
Песня пра зубра, пераклад Шатона (1994 год)
Паводле даследчыкаў, перакладам у поўным сэнсе гэтага слова можа лічыцца толькі перастварэнне У. Шатона. Яго пераклад — самы дакладны i блізкі да арыгіналу ў змястоўных адносінах. Перастварэннi Я. Семяжона i Н. Арсенневай часам вельмі далёка адыходзяць ад тэксту арыгінала, аднак падаюцца лепшымі з пункту гледжання мастацкасці.
Коратка пра значэнне
І ўсё ж, чаму «Песня пра зубра» мае для нас вялікае, без перабольшання, значэнне? Акрамя сваёй эпічнасці, мастацкасці і адметнай гісторыі стварэння, гэтая паэма — сведчанне. Сведчанне таго, што ў Вялікім Княстве Літоўскім былі светлыя і адукаваныя людзі, якія пісалі на сусветнай лацінскай мове. Сведчанне таго, што ў нас быў сапраўдны Рэнесанс і «залаты век».