Купалава Беларусь жыве!

Геніі і прарокі нараджаюцца ў лёсавызначальныя для народаў і нацыяў часы. Янка Купала быў абуджаны да творчасці беларускім народам — каб тварыць нацыю. Украінец Тарас Шаўчэнка ды беларус Францішак Багушэвіч усё жыццё пісалі раманы пад назвамі Украінскі ды Беларускі народы, а іх наступнікі Іван Франко і Янка Купала складалі паэмы пад назвай нацыі.

Якаў Кругер, партрэт Янкі Купалы

Якаў Кругер, партрэт Янкі Купалы


Янка Купала першым на стагоддзе ўперад прамовіў кліч «Жыве Беларусь!». Ён напісаў шмат вершаў, паэмаў, п’есаў, ён жа напісаў і дзяржаву Беларусь. Напісаў у самыя важныя гады станаўлення краіны. Якраз 18-ы, 19-ы і 20-ы гады мінулага стагоддзя — гады адстойвання беларускай дзяржаўнай незалежнасці — сталі вехавым і кульмінацыйным этапам творчай і грамадскай дзейнасці Янкі Купалы.
У напісаных у той час творах ён яскрава выявіўся правадзейным прарокам беларушчыны, з’яўленне якога прасіў вершам «Паўстань...».
Ён верыў у прыснулую ў народзе сілу самастойнасці, гаспадарнасці, вольнасці, і найперш на яе й разлічваў, калі пісаў: «Самы найлепшы прыяцель, самы найлепшы збаўца наш ад нашага ліхалецця — гэта мы самі. <...> час праявіць нам і свае сілы ў будаванні новага жыцця для сваёй бацькаўшчыны, для сваіх сяліб і хат...» (артыкул «Больш самачыннасці»)
Аднак ён не падманваў сябе міражнымі ўтопіямі. Ён не паддаўся самаўпэўненасці некаторых беларускіх дзеячоў, хворых на палітычную блізарукасць, — з якім сарказмам яны выкрыты ў Купалавым вершы «Пяць сенатараў»! І які напамін «сенатарам» сучасным! «Мінулы год (1919-ы. — А.А.) шмат каму з беларускага грамадзянства адкрыў вочы, аслепленыя тымі ці іншымі ўтопіямі і абяцанкамі, — вяшчаў Я. Купала ў артыкуле «Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год». — Мінулы год паказаў нам, што інтэрнацыяналісты (бальшавікі ды прамаскоўцы. — А.А.) і ап’янелыя перамогамі нацыяналісты (прапольскія. — А.А.) не дадуць Беларусі жаданага міру і незалежнасці. Яны яе дзялілі і будуць дзяліць паміж сабой, пакуль сам беларускі народ не скажа свайго апошняга слова».
Падчас шматлікіх акупацыяў-«вызваленняў» Беларусі Я. Купала адкрыта выкрываў і бальшавікоў, і немцаў, і палякаў (артыкулы «Больш самачыннасці», «Справа незалежнасці Беларусі...» і інш.). Больш за тое, Я. Купала спрагназаваў-спрарочыў наш доўгі пакутлівы шлях да сваёй дзяржаўнасці і незалежнасці. Праграмным бачацца ягоныя артыкулы «Адбудова Беларусі» і «Незалежнасць».
Тады, у 1919 годзе, у Я. Купалы не было веры ў «сапраўднасць» ні БНР, ні БССР. Ён чакаў Рэспублікі Беларусь. «Беларусь, як і іншая дзяржава, мае права і даб’ецца раней ці пазней гэтага права стаць роўнай і вольнай дзяржавай паміж сваімі суседзямі». Гэтае горычнае «раней ці пазней» паўторыцца і ў Купалавым артыкуле «Зямельная спекуляцыя»...
Свае прароцкія спевы паэт звяраў з біблейскімі гімнамі, за святы́ Іерусалім прымаючы сваю Бацькаўшчыну. Пацвярджэннем таму — ягоны вольны пераклад 78-а біблейнага псалма. Не выпадкова ж у кананічныя радкі ўплятаюцца думкі пра «слухмяны народ» і «захад ды ўсход», якіх у арыгінале не было:
Вылі гнеў твой на паганцаў,што вечна цябеЗнаці не знаюць — яны, іх сям’я;Вылі гнеў твой і на царствы,ў сваёй што мальбеВечна твайго не ўзывалі імя.Бо ўсмярцілі яны твой слухмяны народ,Месца яго спусташылі на захад і ўсход.
Але толькі прароцтва і пяснярства не маглі «адбудаваць збураны пасад» Беларусі. Нацыю чакала змаганне, і пра тое вяшчаў Я. Купала — і не толькі ў вершах ваяцкага ладу, не толькі ў гімнах-закліках кшталту:
Паўстань з народу нашага, Ваяк,І волатам на вогненным кані<...>За бацькаўшчыну павядзі ў агні! —
але і ў публіцыстычных артыкулах-маніфестах. «Мы толькі вітаем радасную вестку і жадаем ад душы, каб як найхутчэй сыны беларускія самі сталі пад сваім беларускім сцягам бараніць вольную і незалежную Беларусь, — пісаў ён, да прыкладу, у артыкуле «Беларускае войска». — Нават рэвалюцыя <...> не змагла адваяваць калі не нацыянальнага беларускага войска, то хоць бы тое, каб беларус адбываў вайсковую павіннасць у Беларусі. <...> А калі бальшавікі ўзялі верх, то па-самадзяржаўнаму расправіліся з усімі нацыянальнымі арміямі».
Але не толькі адно Слова было зброяй Ваяра-Купалы. «Свой край заваяваць» намагаўся ён і чынным удзелам у грамадска-палітычным жыцці краіны. Калі 10 жніўня 1919 года ў акупаваным палякамі Менску ўтварыўся Часовы Беларускі Нацыянальны Камітэт (прадстаўнічы орган беларускіх арганізацый, своеасаблівы «ўрад народнага даверу»), Я. Купала адным з першых увайшоў у ягоны склад — разам з У. Ігнатоўскім, Я. Лёсікам, С. Рак-Міхайлоўскім, А. Гаруном (апошні быў абраны старшынёй) і іншымі. Камітэт дамагаўся ад польскіх уладаў прызнання незалежнасці БНР і аднаўлення дзейнасці ейнай Рады. А калі восенню таго ж года ў Менск пераехала Беларуская вайсковая камісія, за працу ў ёй першымі бяруцца А. Гарун ды Я. Купала...
У вершах, паэмах, публіцыстыцы Я. Купала запраграмаваў не толькі нацыянальную эстэтыку, але і акрэсліў неабходную мадэль дзяржаўнага ўладкавання — ад галоўных грамадскіх устаноў, ад дзяржаўнага «сойму» і нацыянальнага войска да мясцовых і валасных самаўрадаў. Ён на стагоддзі наперад апеў галоўныя атрыбуты нашай незалежнасці: беларускі нацыянальны сцяг (артыкул «Беларускі сцяг уваскрос!») і нацыянальны гімн («Справа беларускага нацыянальнага гімна»).
Толькі тыя ідэі Я. Купалы аніяк не сумяшчаюцца з сучаснай ідэалогіяй, а таму — як некалі і ў БССР — постаць паэта і ягоная спадчына працягваюць прафанавацца. Як і раней, творчасць нацыянальнага генія вывучаецца, але і «рэдагуецца» (разам з легендарнымі «Тутэйшымі» і Нацыянальным тэатрам ягонага імя).
«Сёння зноў пад пагрозай Купалавы спадзевы ўбачыць Бацькаўшчыну незалежнай, яе народ — свабодным і заможным, беларускую мову — адроджанай. Беларускіх пісьменнікаў — Купалавых наступнікаў — улада зневажае, у той жа час усхваляючы ворагаў беларушчыны. Беларускіх педагогаў прыніжаюць жабрацкімі заробкамі й прымушэннем ізноў казаць няпраўду. Зачыняюць беларускія газеты, а супраць беларускіх журналістаў узбуджаюць крымінальныя справы. Урэшце, краіну загналі ў эканамічны і палітычны тупік», — гэта цытата са «Звароту ўдзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі «Купала й незалежнасць Беларусі» з далёкага 2002 года. А за два дзесяцігоддзі штосьці змянілася?
Аднак — тым не менш — Купала быў, ёсць і застанецца запарукай вечнасці і нашай мовы, і нашай свабоды, і нашай дзяржаўнасці. Як і запарукай паразы «ворагаў Беларушчыны» розных гатункаў ды ўзростаў.
Бо Купалава Беларусь жыве!
Артыкул апублікаваны ў №6 "Літаратурнай Беларусі"