У Літве прапануюць заканадаўча забараніць усе беларускія дзяржаўныя СМІ
Старшыня Камітэта Сейма па культуры Вітаўтас Юозапайціс прапануе заканадаўча забараніць у Літве ўсе расійскія і беларускія дзяржаўныя СМІ. Пакуль забарона прапануецца як «часовая».

Юозапайціс паведаміў у аўторак, што зарэгістраваў папраўкі да Закона аб грамадскай інфармацыі, якія прадугледжваюць часовую забарону на рэтрансляцыю і распаўсюджванне радыёпраграм, тэлеперадач або асобных праграм у Інтэрнэце, створанымі асобамі, прама ці ўскосна кіраванымі, кантраляванымі, або якія фінансуюцца Расіяй і Беларуссю, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Такая забарона дзейнічала пасля ўварвання Расіі ва Украіну і ўвядзення надзвычайнага становішча на ўсёй тэрыторыі Літвы.
Аднак з 16 верасня абмежаванні будуць прымяняцца толькі на мяжы, таму, на думку Мінкультуры, гэта адкрые дарогу некаторым каналам з забаўляльным кантэнтам, якія наўпрост не распаўсюджваюць крамлёўскую і мінскую дэзынфармацыю або вайсковую прапаганду.
«Для Літвы, якая мае знешнюю мяжу як з Расіяй, так і з Беларуссю, вельмі важна эфектыўна абараняць грамадства і інфармацыйную прастору ад інфармацыйных пагроз», — адзначыў Юозапайціс у прэс-рэлізе.
Прапануецца пакінуць такія змены ў сіле да 16 кастрычніка 2024 года.

У дадатак да абмежаванняў, устаноўленых у рамках рэжыму надзвычайнага становішча, пасля таго, як вясной Сейм прыняў папраўкі да Закона аб грамадскай інфармацыі, Літоўская камісія па радыё і тэлебачанні і інспекцыя па журналісцкай этыцы атрымалі больш паўнамоцтваў для рэагавання на распальванне вайны і на прапаганду.
Са свайго боку, калегі па фракцыі Юозапайціса Лаўрынас Кашчунас і Андрус Купчынскас прапануюць падоўжыць тэрмін, на працягу якога інспектар па журналісцкай этыцы можа закрыць доступ да вэб-сайтаў, што распальваюць вайну і нянавісць. Дзейны цяпер трохдзённы тэрмін палітыкі прапануюць падоўжыць да 14 дзён шляхам унясення паправак у Закон аб грамадскай інфармацыі.

Надзвычайнае становішча было ўведзена на ўсёй тэрыторыі Літвы 24 лютага, калі Расія пачала вайну супраць Украіны, і дзейнічала да 29 чэрвеня, пазней яно было падоўжанае да 15 верасня ўключна. Дзеючы ў цяперашні час прававы рэжым забараняе ў тым ліку рэтрансляцыю ўсіх тэлепраграм, якія прама ці ўскосна кантралююцца дзяржавай — Расіяй і Беларуссю.