Арцём Шрайбман: Я не ўпэўнены, што пасля амністыі Лукашэнка паставіць на паўзу рэпрэсіі
У новым выпуску свайго відэаблогу палітычны аналітык разважае пра тое, ці зможа Аляксандр Лукашэнка ізноў «пераабуцца ў паветры», пачаць «лібералізацыю з Захадам» ды яшчэ раз разыграць карту «расійскай пагрозы».
— Тэарэтычна Лукашэнка можа паспрабаваць разыграць карту «абаронцы суверэнітэту», бо ён не закрываў сабе дзверы ў гэты бок. І да таго ж кіраўнік Беларусі заўсёды паўтарае, што ён гарант суверэнітэту, і краіна заўсёды будзе незалежнай, пакуль ён ва ўладзе. Але ў Лукашэнкі на гэтым шляху будуць праблемы з аўдыторыяй, — адзначае відавочную супярэчнасць Арцём Шрайбман.
Супярэчнасць заключаецца ў тым, што ўнутры Беларусі большасць прыхільнікаў беларускай улады, мяркуючы па сацапытаннях, вельмі шчыльна прытуліліся да расійскага тэлебачання. І гэта значыць, што для іх такі разварот азначаў бы вельмі сур'ёзны дысананс з тым, што ім казалі апошнія месяцы і працягваюць казаць да гэтага часу.
— Улічваючы эмацыйны напал моманту і ваенную рыторыку, — працягвае Шрайбман, — для Лукашэнкі гэта б азначала страціць значную частку гэтых людзей, якімі ў тым ліку напоўненыя сілавыя структуры і прапаганда.
Новую ж аўдыторыю для гэтых мэсэджаў таксама будзе цяжка знайсці. Тыя людзі, якія 5-6 гадоў таму з натхненнем і энтузіязмам глядзелі, як Лукашэнка гуляе ў беларусізацыю і дыстанцуецца ад Расіі, былі вельмі моцна расчараваныя ў 2020 годзе. Частка з іх «трапіла пад раздачу» і аказалася ў эміграцыі або ў турме.
Шрайбман мяркуе, што «перагарнуць старонку» і падтрымаць Лукашэнку як гаранта суверэнітэту і абаронцы ад Расіі зможа толькі мізэрная частка з гэтых людзей. 2020 год зрабіў прорву паміж нацыянальна арыентаванымі беларусамі і ўладай занадта вялікай.
— А з пункту гледжання Захаду ўзнікае наступная праблема: ёсць базавы недавер да ўсяго, што робіць Лукашэнка. І гэты недавер толькі вырас за апошнія гады. Як я і казаў, усе рашэнні аб змякчэнні лініі Захаду ў дачыненні да Беларусі будзе прымаць не адзін ці два палітыкі, а дзясяткі розных краін.
Гэта значыць, — рэзюмуе Шрайбман, — перад Лукашэнкам стаіць вельмі незайздросны рэбус. Яму трэба адначасова пераканаць самых вялікіх скептыкаў — Польшчу, ЗША ці Літву — у тым, што ён сур'ёзна настроены дыстанцыявацца ад Расіі і больш не ўяўляе пагрозу для рэгіёна. Але пры гэтым рабіць гэта так акуратна, каб застацца ніжэй за радары Расіі, якая, зразумела, будзе раз'юшаная такім развіццём падзей.
Карацей кажучы, у мяне ёсць вялікія сумневы, што Лукашэнку ўдасца ў агляднай будучыні зрабіць такі кульбіт. Але гэта не азначае, што ён не будзе спрабаваць.
І чым больш няўдач будзе ў расійскага войска, накшталт нядаўняга разгрому ў Харкаўскай вобласці і ўцёкаў Ізюмскай групоўкі, тым больш стымулаў будзе ў Лукашэнкі шукаць нейкія шляхі, як адпаўзці ад Расіі, якая церпіць паразу.
Гаворачы пра магчымыя трукі з «пераабуваннем» Аляксандра Лукашэнкі, Арцём Шрайбман таксама паразважаў на тэму таго, як суадносіцца яго жаданне аслабіць санкцыі з затрыманнем часовага паверанага ў справах ЕС і новыя велізарныя тэрміны для палітвязняў. Аналітык кажа:
— Па-першае, тое, што Лукашэнка хоча аслабіць санкцыі праз амністыю, — гэта пакуль толькі гіпотэза. Трэба яшчэ паглядзець, што гэта будзе за амністыя, хто і колькі чалавек пад яе патрапяць, каб разумець: перад намі чарговая бутафорыя або першая сур'ёзная саступка Захаду.
Калі ж гэта сапраўды спроба паслаць сігнал Захаду, то мы яшчэ толькі ў падрыхтоўчай стадыі гэтага рашэння. Лукашэнка толькі даручыў скласці спісы на амністыю, але нават не прыняў канчатковага рашэння.
Было б дзіўна чакаць, што ён спыніць дзейнасць рэпрэсіўнага апарата, як толькі анансуе амністыю. Я нават не ўпэўнены, што пасля амністыі, і, калі яна будзе сур'ёзнай, Лукашэнка адразу паставіць на паўзу ўсе рэпрэсіі.
Па-першае, — тлумачыць Шрайбман, — гэта не мае сэнсу з пункту гледжання гандлю. Разумна паглядзець, як Захад адрэагуе на першую саступку, чым выкладваць іх усе адразу. Па-другое, нават у гэтым сцэнары паслядоўная дээскалацыя стасункаў з Захадам для Лукашэнкі рызыкоўная занадта хуткай дэзарыентацыяй сілавікоў, якія і так не асабліва будуць рады гэтаму ходу падзей.
А паходы дыпламатаў на палітычныя суды, на думку эксперта, даўно раздражнялі ўладу. Спачатку ім пагражалі праз заявы МЗС, потым сталі нацкоўваць на іх прапагандыстаў з мікрафонамі. Цяпер яны вырашылі зрабіць усё гэта і яшчэ затрымаць прадстаўніка ЕС.
— Таму з пункту гледжання логікі беларускай сілавой машыны нічога надзвычайнага тут няма. Я вельмі сумняюся, што Лукашэнка асабіста загадвае МУС, каго ім сёння затрымаць.
Таксама, на думку Шрайбмана, вельмі малаверагоднай здаецца сітуацыя, у якой кіраўнікі КДБ ці МУС, пачуўшы ад Лукашэнкі пра амністыю, хуценька зарыентаваліся і вырашылі неадкладна затрымаць дыпламата Еўрасаюза.
— Хутчэй за ўсё куды прасцей, — тлумачыць аналітык, — рашэнне аб амністыі яшчэ толькі спее ў калідорах улады. А дзеянні ўсіх астатніх ведамстваў проста ідуць па іх плане і графіку, якія ніхто не мяняў.
Паводле Салідарнасці