На якую дзяржаву працуюць дзяржаўныя медыя?
Менавіта гэтым пытаннем задаюцца сябры грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» пасля праведзенага маніторынгу прарасійскай прапаганды ў медыя Беларусі. Вынікі яго, у прынцыпе, чаканыя.
Яны былі прадстаўленыя 22 лютага ў офісе БАЖ. Як адзначыў падчас прэзентацыі старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, у прынцыпе, нічога нечаканага не адбылося. Гэты маніторынг праводзіўся з мэтай падмацаваць тое, што мы адчуваем інтуітыўна. Паводле яго словаў, увесь час патрыятычныя сілы накшталт Партыі БНФ просяць спыніць «вяшчанне расійскіх тэлеканалаў і расійскай прапаганды ў Беларусі». Але справа ў тым, што расійскія тэлеканалы ў Беларусі наўпрост не вяшчаюць. З гэтай роляй, — роляй прарасійскай прапаганды — выдатна спраўляюцца фармальна і юрыдычна беларускія тэлеканалы.
Таму, уласна, змянілася назва маніторынга. Раней планавалася, што гэта будзе маніторынг «расійскай прапаганды». Але ў выніку маніторынг атрымаў назву «прарасійскай прапаганды».
Маніторынг праходзіў напрацягу месяца: з 16 лістапада па 16 снежня 2018 года ўключна. Як зазначыў Бастунец, гэта быў вельмі цікавы час. Цікавы тым, што цалкам выпадкова на гэты месяц прыйшоўся канфлікт у Керчанскім заліве, спрэчкі па падатковым манеўры Расіі і яго кампенсацыі для Беларусі, візіт у нашую краіну групы расійскіх журналістаў і гэтак далей.
Для пачатку маніторыліся асноўныя беларускія тэлеканалы, якія ўключаныя пастановай Савету міністраў у абавязковы для трансляцыі пакет праграм. Такіх у нас 9, аднак з маніторынгу выключылі чыста спартовы «Беларусь 5». Зроблена гэта было з мэтай паглядзець, колькі расійскіх перадачаў выходзіць на тэлеканалах у прайм-тайм: з 19 да 24 гадзінаў.
Лічбы, канешне, уражваюць. Аднак пры гэтым Бастунец перасцярог: табліцу нельга ацэньваць аптымістычна. Напрыклад, 13,77% расійскай прадукцыі на «Беларусь-2», можа быць, і выглядае добра, але ацэньваліся менавіта праграмы і прадукцыя. То бок, 15-хвілінная беларуская «Калыханка» — гэта адна перадача. І якое-небудзь прарасійскае ток-шоў альбо расійскі серыял на паўтары-дзве гадзіны эфіру — гэта таксама адна перадача.
Пры гэтым пад маніторынг падпалі не толькі грамадска-палітычныя перадачы — ацэньваўся ўвесь кантэнт тэлебачання ў вызначаны час — серыялы, забаўляльныя праграмы і гэтак далей. Бо, па словах сябра маніторынгавай групы культуролага Максіма Жбанкова, «рускі мір» — гэта не проста прапаганда і афіцыйныя палітычныя дэкларацыі.
Па яго словах, уплыў Расіі на беларускага спажыўца інфармацыі ажыццяўляецца на трох падставовых узроўнях. І відавочныя простыя рэчы, як палітычныя заявы і іншае — гэта толькі першы ўзровень. Другі — глабальны кантэкст, у якім мы назіраем за падзеямі. А ён у нас, дзякуючы беларускім (!) тэлеканалам, што фінансуюцца з беларускага (!) бюджэту — рускацэнтрычны. «Галоўныя рэчы адбываюцца ў Расіі, Расія працуе, як генератар гармоніі і нейкага парадку, а з іншага боку мы маем хаатычную Еўропу, якая, нібыта, няздольная кіраваць тымі падзеямі, што ў іх адбываюцца. І відавочна, што нам трэба схіляцца на светлы бок», — абмаляваў сітуацыю Жбанкоў.
А трэці ўзровень, самы цікавы — узровень «невідавочнага ўплыву». «Мы можам казаць пра працэнты палітычных праграм, прапагандысцкіх рэчаў. А ёсць, напрыклад, прысутнасць расійскіх серыялаў ці забаўляльных праграм. І гэта таксама рэсурс, праз які фармуецца тая расійскацэнтрычнасць, але не ў масавай свядомасці, а хутчэй, у галіне «масава падсвядомага», то бок на ўзроўні эмацыйнай залежнасці ад расійскага інтэртэйменту, які знаходзіцца за нашай усходняй мяжой», — кажа культуролаг.
І гэта мяжа становіцца больш хісткай не таму, што мы любім спадара Пуціна. А таму, што, калі з’яўляецца новы галівудскі блокбастар — ён з’яўляецца ў нас на рускай мове. Еўрапейскія і амерыканскія серыялы (не кажучы ўжо пра расійскія) у нас ідуць на рускай мове.
На тэлеканале «Беларусь 1», напрыклад, са 105 гадзін эфірнага часу прайм-тайм расійскія серыялы занялі 71 гадзіну — 67,61% эфірнага часу.
«Персанальны маніторынг»
Больш увагі ў маніторынгу нададзена тром рэсурсам. Гэта «галоўны тэлеканал краіны» — «Беларусь-1», «галоўная газета краіны» — «СБ — Беларусь сегодня» і аддзяленне расійскага агенцтва — «Спутник-Беларусь», якое адкрылася адносна нядаўна, але з вялікай помпай, з удзелам міністра інфармацыі Беларусі.
Што да «СБ — Беларусь сегодня», то, як канстатуюць аўтары маніторынгу, колькасць матэрыялаў з наяўнасцю прамых мэсаджаў прарасійскай прапаганды «аказалася невялікім» Колькасць нумароў, якія ацэньваліся — 20, колькасць матэрыялаў з расійскай тэматыкай або мэсаджамі — 50, колькасць матэрыялаў з мэсаджамі — 20.
Але… Гэта як паглядзець. Атрымліваецца, што ў сярэднім адзін матэрыял у нумары прасоўваў прарасійскую тэматыку альбо пазіцыю. І так — у кожным нумары «галоўнай газеты краіны». Улічваючы, што яна выходзіць ці не штодня — ці так ужо гэта і мала?
Пры гэтым, як адзначыў Бастунец, значна паменела на старонках газеты «інфармацыйных кілераў», — то бок жорсткіх на ацэнкі калумністаў. Прарасійскія погляды выказваюць, у асноўным, не журналісты газеты, а «знешнія» эксперты і палітолагі, якіх журналісты просяць пракаментаваць тую ці іншую сітуацыю. А чаму гэтыя эксперты спрэс прарасійскія — так, таксама пытаннечка.
Цікавая сітуацыя з «Беларусь-1». На тэлеканале праграмы з прарасійскімі мэсаджамі ці матэрыялаў з расійскай тэматыкай або мэсаджамі ў час маніторынга займалі амаль палову эфіру — 46%.
Пры гэтым сітуацыю, якая пануе на «Беларусь-1», Максім Жбанкоў назваў «шызафрэнічнай інфармацыйнай прастораю». «Там на ўзроўні відавочнага сцвярджаецца тое, што не з’яўляецца рэальным. Агучваюцца дэкларацыі пра нашае нязбыўнае братэрства, а братэрства ўсё ніяк не складаецца. Усе хочуць быць разам, але… Фактура замінае рыторыцы, рыторыка не супадае з фактурай, і замяніць фактуру рыторыкай ніяк не атрымліваецца. Сама ідэя інтэграцыі, якая праходзіць праз значную частку матэрыялаў, абсалютна дзіўна сумяшчальная з гандлёвымі войнамі, палітычнымі супярэчнасцямі паміж лідарамі Беларусі і Расіі, і гэтак далей. І з аднаго боку мы маем асобнасць палітычнай пазіцыі, а з іншага паўстае карцінка штучнага братэрства. І гэта ўсё абмяркоўваецца, як я для сябе памеціў, «не развода, а честных условий брачного контракта», — тлумачыць культуролаг.
Ну, і канешне, «Спутник-Беларусь». Падавалася б, расійскае агенцтва ў Беларусі павінна найбольш крута прасоўваць «рускі мір». Але з агульнай колькасць матэрыялаў за месяц — 1372 — колькасць матэрыялаў з мэсаджамі склала толькі 9% (122 матэрыялы), а з расійскай тэматыкай і мэсаджамі — 21,6% (297 матэрыялаў). То бок, толькі 30,6% можна азначыць, як прарасійскую прапаганду.
Але, па словах Андрэя Бастунца, гэта кампенсуецца рыторыкай агенцтва. Большасць каментароў належыць расійскім экспертам, яны больш жорстка і катэгарычна выказваюць пазіцыю Крамля. То бок, не асцярожнічаюць і не саромеюцца ў прасоўванні сваіх ідэяў.
Цікавы факт і наконт магчымага «замбавання» не вельмі дасведчанага і эмацыйнага насельніцтва. За перыяд маніторынгу апісанне расійска-ўкраінскага канфлікту было выкладзена ў выглядзе «прагнозу вядомага астролага».
Высновы маніторынгу простыя. Беларуская аўдыторыя сістэмна і рэгулярна атрымлівае расійскую медыйную павестку дня і пракрамлёўскі погляд на падзеі ў свеце — у тым ліку ад беларускіх дзяржаўных СМІ, якія фінансуюцца з бюджэту.
Маніторынг разлічаны на тры гады і будзе праходзіць раз на год. Нядаўна было прынятае рашэнне, каб не менш 30% кантэнту беларускіх тэлеканалаў былі беларускімі. Ці дапаможа гэта хоць у нечым замацаваць інфармацыйную бяспеку, пабачым у наступным маніторынгу.
А пакуль мы наўпрост можам паставіць пытанне пра выніковасць дзяржаўных захадаў па «абароне інфармацыйнай прасторы краіны». І сапраўды задацца пытаннем: на якую дзяржаву працуюць беларускія дзяржаўныя медыя?