Маніфест Суркова: наступная — Беларусь?

Нядаўна апублікаваны матэрыял Уладзіслава Суркова «Долгое государство Путина» з’яўляецца па сутнасці маніфестам неаімперскай палітыкі Расіі, задэклараванай Мюнхенскай і канстатаванай Крымскай прамовамі кіраўніка Расіі. Разгледзім яго дэталёва і прааналізуем галоўныя пагрозы нацыянальнай бяспецы Беларусі і Украіны.

344428.jpg

Пасля правалу праекту «Новороссия», які канчаткова разбіўся пяць гадоў таму аб сталёвую волю абаронцаў Дэбальцаўскага плацдарму, шмат каму падаецца, што роля «шэрага кардынала» Крамля істотна зменшылася. Насамрэч Суркоў працягвае заставацца адной з ключавых фігур вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі. Больш за пяць апошніх гадоў ён з’яўляецца памочнікам кіраўніка Расіі, а таксама дзейным дзяржаўным дарадцам РФ 1-га класа (у войску раўназначнае званню генералу арміі). Апроч гэтага Суркоў — галоўны прыдворны паліттэхнолаг, які актыўна працягвае ствараць для Крамля новыя ідэалагемы, ад «суверэннай дэмакратыі» да «глыбіннага народу».

Новы, па сутнасці, праграмны тэкст Суркова ствараўся ў кантэксце пасля непрыхаванай ваеннай агрэсіі Расіі супраць ваенна-марскіх сілаў Украіны ў Керчанскім заліве і ўльтыматуму ЗША пра дэнансацыю Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасці, зробленага пасля адсутнасці рэакцыі з боку Расіі на факты разгортвання ёю праграмы стварэння наступальнага ракетнага ўзбраення (крылатыя ракеты 9M729). Архітэктар «русской весны» ў сваім тэксце ўжо не намагаецца хаваць сапраўднае аблічча Расіі. Галоўным ягоным пасылам знешняму свету з’яўляецца тое, што кепскія хлопцы вырашылі цалкам адмовіцца ад традыцыйнага палітэсу і гульні ў цывілізаванае грамадства. Больш за тое, яны патрабуюць, каб іх успрымалі цяпер не іначай як bad guys.

Пасля акупацыі Крыма Уладзіслаў Суркоў ёсць чарговым расійскім палітыкам з найвышэйшага эшалону ўлады, які паноўна адкрыта апраўдвае пашырэнне тэрыторыі сваёй дзяржавы. Да Суркова аналагічнае здзейсніў Рудольф Гес — вучань і асістэнт прафесара, заснавальніка нямецкай школы паліталогіі Карла Хаўсгофера. Менавіта Гес увёў у нямецкую ідэалогію нацызму міфалагему «жыццёвай прасторы», неабходнасць пашырэння якой Гітлер з 1924 па 1933 гады зрабіў адной з догмаў нацызму.

Гэта выразна адлюстравана ў яго «Другой кнізе» («Zweites Buch») — працягу аўтабіяграфічнай працы «Mein Kampf». Суркоў не толькі ідзе шляхам Геса, але і сам спрабуе надаць сэнс расійскай нацыянальнай ідэалогіі: «Россия рушиться прекратила, начала восстанавливаться и вернулась к своему естественному и единственно возможному состоянию великой, увеличивающейся и собирающей земли общности народов».

Тэкст аднаго з «шэрых кардыналаў» Крамля наскрозь прасякнуты ідэямі рэваншызму і рэвізіянізму гісторыі. І гэта не дзіўна, калі ўзяць пад увагу тое, што базісам імперскага светапогляду Суркова ёсць працы расійскага філосафа Івана Ільіна, якія ён асабіста раіць да абавязкова вывучэння. Будучы прыдворным паліттэхнолагам Крамля, ён шмат у чым паўплываў з дапамогаю ідэйнай спадчыны Ільіна і на фармуляванне Пуціным «традыцыйных каштоўнасцяў» расійскага неаімперскага курсу. Суркоў, як і Ільін, заяўляе пра асаблівы, адасоблены шлях развіцця рускага народа, наканаванасць выбару, адзіна мажлівую дзяржаўніцкую ідэю выхавання ў рускім народзе «национального духовного характера».

Пад гэтым характарам Ільін разумее выключную здатнасць рускіх «беззаветно любить и беззаветно верить», пры чым аб’ектаў любові і веры толькі тры: «Бог, родина и национальный вождь». Тыя ж, хто не падзяляе гэтыя «каштоўнасці», паводле Ільіна, маюць «обуздываться и клеймиться» і выпраўляцца ў «последний ранг в обществе». Гэта будзённыя думкі прыхільніка фашысцкай ідэалогіі, ад якой Ільін не адмовіўся нават пасля заканчэння Другой сусветнай вайны.

Новыя ідэалагемы Суркова таксама пераклікаюцца шмат у чым і з тэзамі Ільіна пра абранасць і выключную місію Расіі: «Ни один народ в мире не имел такого бремени и такого задания, как русский народ. И ни один народ не вынес из таких испытаний и из таких мук — такой силы, такой самобытности, такой духовной глубины. Тяжек наш крест». Менавіта адсюль Суркоў чэрпае свае думкі пра глыбінны народ, які перадвызначае дзяржаўнасць, вышкталцоўвае яе формы, а таксама ёсць перадумовай учынкаў і нібыта фактарам адсутнасці выбару.

Як і Ільін, ён лічыць найважнейшымі і вырашальнымі для расійскай дзяржавы менавіта ваенна-паліцэйскія функцыі, неабходныя для абароны і барацьбы. Апроч гэтага, ён адкрыта заяўляе пра іх — што вельмі важна — у якасці сродку нападу. Пры гэтым ён шчыра ненавідзіць ліберальную дэмакратыю і наўпроставае народаўладдзе, практычна перафразоўвае Ільінскае разуменне асноваў таталітарнага рэжыму «спасение России — в воспитании и укреплении русского национального рыцарства» — у «брутальные конструкции силового каркаса».

Па сутнасці, Суркоў апявае стварэнне ў Расіі нацыянальнай дыктатуры, якая базуецца на грувасткім зрошчванні рэлігіі, арміі, а таксама ваенізаваных структур. Дыктатуры, якая павінна займацца перавыхаваннем народанасельніцтва дзеля выканання сакральнай місіі ў абароне не толькі тэрыторыі сваіх жыццёвых інтарэсаў, але і ўяўнай духоўнай прасторы. Гэта запраграмаваная скіраванасць на канфлікт з усім навакольным светам, бо, як мы ўжо ведаем, гэтыя тэрыторыя і прастора кардынальна не супадаюць з геаграфічнымі межамі сённяшняй Расійскай Федэрацыі.

Якая праблема тут для Беларусі і ўсіх постсавецкіх краінаў — суседзяў Расіі? На бліжэйшую перспектыву, як мінімум на сем-восем гадоў, можна цалкам забыцца на тое, што для нашай краіны будуць спакойныя часы. Доля Беларусі тут ужо перадвызначаная чвэрцю стагоддзя папярэдняй дзейнасці рэжыму Лукашэнкі, які ўвагнаў краіну ва ўсе мажлівыя вайсковыя і палітычныя хаўрусы з Расіяй. Найбольш важнымі з’яўляюцца Адзіная рэгіянальная групоўка войск (у якую Узброеныя Сілы Беларусі ўваходзяць цалкам разам з 20-й агульнавайсковай арміяй РФ), Адзіная рэгіянальная сістэма супрацьпаветранай абароны, АДКБ і, вядома ж, так званае Союзное государство.

У святле апошніх выказванняў расійскіх высокіх чыноўнікаў — некаторыя з іх прагучалі нават на беларускай зямлі — цалкам зразумела, што найбольшая пагроза сыходзіць менавіта ад геапалітычнага праекту Союзного государства. Стварэнне непрыхаванай рэзідэнтуры расійскіх сілавых ведамстваў на базе амбасады РФ у Мінску, значнае павелічэнне актыўнасці прарасійскай «пятай калоны» ў Беларусі, намаганні вядомых расійскіх чарнасоценцаў інстытуцыялізаваць раз’яднаныя прарасійскія рухі ў Беларусі ў палітычную сілу — гэтаму яскравае пацвярджэнне.

Згодна з пададзенымі вышэй словамі Суркова, цалкам зразумелыя функцыі і задачы, якія будзе выконваць Союзное государство — «увеличивающейся и собирающей земли общности народов». Для Беларусі тут адведзеная роля толькі ў якасці адной з частак трымальнай канструкцыі новага-старога неаімперскага ўтварэння. Тая роля, якую калісьці выконвала БССР.

Аднак у тым выглядзе, у якім так званы саюз Расіі і Беларусі існуе апошнія два дзесяцігоддзі, для рэалізацыі імперскай місіі ён непрыдатны. Менавіта гэтым можна патлумачыць актывізацыю апошнім часам усіх працэсаў што да паўнавартаснага разгортвання і прававой імплементацыі саюзнага праекту. А часу для гэтага застаецца зусім няшмат.

Максімальная баяздольнасць Узброеных Сілаў РФ, яе трох наваствораных арміяў разам з новымі дывізіямі, дасягне свайго піку (паводле розных ацэнак) у 2020–2021 гадах. Менавіта гэтым акенцам мажлівасцяў і можа паспрабаваць скарыстацца Масква, каб канчаткова развязаць украінскае пытанне. Менавіта для гэтага і патрэбнае Союзное государство, у фармат якога расійскія вайсковыя стратэгі, меркавана, плануюць інкарпараваць новыя акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі з верагодным цэнтрам у Харкаве.

Пра гэта ў Маскве падчас сваёй нядаўняй прэс-канферэнцыі ўскосна заявіў пазбаўлены сваіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў уцякач Віктар Януковіч. Ён недвухсэнсоўна зазначыў, што час украінцам, якія хаваюцца ў Расіі, вяртацца і аднаўляць Данбас. Пра гэта можа сведчыць і пераход адміністрацыі некаторых акупаваных гарадоў на Данбасе пад кантроль лю­дзей з атачэння Януковіча, з так званай «енакіеўскай групоўкі».

Нягледзячы на тое, што ў Расіі істотна і ўвесь час зніжаецца якасць чалавечага матэрыялу, адбываецца татальная дэвальвацыя агульначалавечых каштоўнасцяў, кіроўная палітычная эліта свядома абрала курс на канфрантацыю з усім навакольным светам. Візіянерства Суркова тут палягае не ў тым, каб акрэсліць ролю і функцыю «глыбіннага народу», а каб зацвердзіць формулу выжывання гэтай эліты ў самай бліжэйшай будучыні. Бо наўрад ці яе прадстаўнікі маюць хоць нейкія ілюзіі што да трывалага панавання дзяржавы Пуціна, якое цалкам мажліва раптоўна можа скончыцца, як і гісторыя «тысячагадовага Трэцяга Рэйху».

У гэтых умовах усім патрыятычным сілам Беларусі і Украіны варта кансалідавацца, нягледзячы на ўзаемныя прэтэнзіі, рыхтавацца да працяглай і зацятай абароны. Вектар развіцця сённяшняй Расіі не пакідае нам аніякіх шанцаў на мірнае з ёй суіснаванне.