Ці чакаць малдоўскага Майдану?
Адзін з рэкардсменаў у СНД па колькасці Майданаў — Малдова, дзе тройчы курс краіны разгортваўся пад ціскам вуліцы. Магчыма, па выніках парламенцкіх выбараў 24 лютага малдаване зноў пойдуць на плошчу. Пра гэта і пра іншыя абставіны цяперашняй выбарчай кампаніі распавядае малдоўскі актывіст Сяргей Грыгарчук.
— Паводле якога прынцыпу будзе абірацца малдоўскі парламент, і хто зараз лічыцца фаварытам выбараў?
— Упершыню ў гісторыі краіны выбары пройдуць па змяшанай сістэме, калі 50 дэпутатаў абяруць па партыйных спісах, а 51 — па аднамандатных акругах. У выбарах удзельнічаюць 15 партый, сярод якіх фаварытам з’яўляецца прарасійская Партыя сацыялістаў рэспублікі Малдова (ПСРМ). Апытанні паказваюць, што ПСРМ падтрымлівае траціна рэспандэнтаў. За ёй ідзе кіруючая Дэмпартыя алігарха Уладзіміра Плахатнюка з прыкладна з 15–18 працэнтамі. Замыкае тройку лідараў праеўрапейскі блок Acum, за які гатовыя галасаваць 12–15 працэнтаў. Аднак варта памятаць, што амаль 35 працэнтаў яшчэ не ведае, за каго будзе галасаваць.
— У прэсе модна казаць пра тое, што цяперашнія выбары маюць характар рэферэндуму наконт пытання геапалітычнага выбару. У выпадку перамогі сацыялістаў Малдова, нібыта, можа адмовіцца ад праеўрапейскага курсу на карысць інтэграцыі з Расіяй.
— Такі сцэнар можна дапусціць толькі ў выпадку, калі партыя ПСРМ Ігара Дадона атрымае парламенцкую большасць. Але значна верагодней, што партыі давядзецца ствараць кааліцыю з шэрагам дэпутатаў, абраных па аднамандатных акругах або з іншымі структурамі. Гэта паслабіць еўразійскі вектар ураду сацыялістаў. Не кажучы пра тое, што Дадон — прагматык, і разумее: рэзкая артыкуляцыя антыеўрапейскай рыторыкі справакуе занепакоенасць у бізнес-асяроддзі.
У любым выпадку, намаганні Дадона і яго партыі, перш за ўсё, будуць сканцэнтраваныя на вырашэнні праблемы, калі парламент і прэзідэнт не могуць падзяліць паўнамоцтвы. Часам іх узаемаадносіны нагадваюць камедыю: калі прэзідэнт адмаўляецца зацвярджаць нейкае рашэнне парламента і ўрада, дэпутаты адхіляюць гаранта ад пасады на пэўны час.
— Ці могуць па выніках выбараў прыйсці да ўлады еўраінтэгратары?
— Такі варыянт выключаць нельга. Але спачатку трэба, каб Еўропа і ЗША націснулі на еўраінтэгратараў, прымусілі іх увайсці ў адну шырокую ўрадавую кааліцыю. Гэта няпроста, паколькі лідары асноўных партый гэтага лагера не хаваюць узаемнай антыпатыі. Акрамя таго, сюды павінны быць уключаны і дэмакраты Плахатнюка — вельмі таксічнай фігуры. Летась Еўрасаюз прыпыніў вылучэнне макрафінансавай дапамогі краіне — у тым ліку з-за махінацый Плахатнюка на выбарах сталічнага мэра, лабіяванне супярэчлівага закона аб амністыі капіталу.
— Сакратар Савета бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў перасцярог ад «Майдану» пасля верагоднай перамогі сацыялістаў. У якасці контрзахадаў ён нават дапусціў правядзенне Расіяй у Малдове «крымскага сцэнару». Ці рэальныя пратэсты пасля 24 лютага?
— Зразумела, перамога падобнага Майдану будзе ўдарам па прэстыжы Расіі ў рэгіёне. Бо ёсць рэальны шанец адкарэктаваць геапалітычны курс краіны, якая ці не першай у СНД стала на шлях еўраінтэграцыі. Але ёсць пытанне: ці будзе той Майдан? Так, кадры для пратэстаў ёсць — навучэнцы ўніверсітэтаў і ліцэяў, дзе папулярныя ідэі ўніі (уваходу Малдовы ў склад Румыніі. — НЧ). Аднак у грамадстве назіраецца стомленасць ад палітыкаў, якія прыйшлі да ўлады на хвалі папярэдняга Майдану 2009 года. Таму радыкальныя вулічныя акцыі будуць слаба падтрыманыя ў грамадстве.
— На гэтых выбарах практычна нічога не чуваць пра прыхільнікаў уніі з Румыніяй…
— Сапраўды, Ліберальная партыя Дарына Кіртаакэ — вядучая прарумынская сіла — балансуе на мяжы праходу ў парламент. Нічога дзіўнага тут няма: з імем Кіртаакэ і іншых лідараў лібералаў звязваюць серыю карупцыйных скандалаў. Але гэта не азначае, што тэма інтэграцыі з Румыніяй знікла з парадку дня. Папросту яе фанаты масава перавандравалі пад сцягі той жа партыі Маі Санду (адна з лідараў блоку Acum).
— Амерыканскі амбасадар у Кішынёве абвінаваціў расійскія спецслужбы ў спробе паўплываць на вынік выбараў. Ці магчымы варыянт, калі ЦВК і адпаведныя судовыя структуры не прызнаюць перамогі сацыялістаў?
— Праблема ў тым, што судовая сістэма Малдовы не з’яўляецца незалежным органам. Агульнавядома, што нашы суддзі — на заробку ў Плахатнюка. Таму адмена вынікаў выбараў будзе, хутчэй, разглядацца як палітычная замова.
— Ці мелі месца падчас кампаніі якія-небудзь скандалы, кур’ёзы, ці выкарыстоўваўся чорны піяр?
— Галоўны кур’ёз у тым, што някепскія шанцы на праход у парламент мае партыя Ілана Шора (бізнесовец і муж расійскай спявачкі Жасмін), які абяцае ператварыць Кішынёў у Парыж. Хто стаіць за гэтым праектам, дасюль не зразумела. Што тычыцца «чорнага піяру», то днямі ў сацсетках апублікавалі фотаздымкі, на якіх дзве жанчыны шпацыруюць па вуліцы еўрапейскага горада, трымаючыся за рукі, абдымаюцца, цалуюцца… Некаторыя прызналі ў адной з іх Маю Санду. Паколькі палітык ніколі не была замужам, некаторыя як мінімум з цікавасцю паставіліся да кампрамату. Сама Санду заявіла, што фатаграфіі і відэазапісы — сфабрыкаваныя. Паглядзім, ці адаб’ецца гэта на выніках галасавання.
— Які твой асабісты прагноз на 24 лютага?
— Пакуль з упэўненасцю можна сказаць толькі адно: хто б ні прыйшоў да ўлады, яму давядзецца шукаць новы баланс паміж галінамі ўлады. Парадаксальна, але сітуацыя двоеўладдзя не задавальняе ані прарасійскія партыі, ані прыхільнікаў еўраінтэграцыі.