Беларускі дэфолт. Трымальнікі беларускіх еўрабондаў уліплі

Fitch, Moody's і S&P Global Rating — усе тры рэйтынгавыя агенцтвы вялікай тройкі прызналі дэфолт па беларускіх каштоўных паперах. Што будзе з беларускімі еўрааблігацыямі? І што найперш страціла Беларусь з-за гэтага дэфолту?

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1_logo.jpg


Найперш пра страты. Тэлеграм-канал «Нашы грошы» адзначае, што праблемы беларускай эканомікі доўгі час удавалася адкладаць за кошт росту дзяржаўнага доўгу. Адным з важных крыніц запазычанняў з 2010 года сталі еўрааблігацыі. За кошт іх размяшчэння на еўрапейскіх біржах Беларусь, з аднаго боку, атрымлівала доступ да валютных рэсурсаў па прымальнай стаўцы і на працяглы тэрмін, а па-другое, дыверсіфікавала спосабы знешніх запазычанняў.

Усяго Беларусь выпусціла сем выпускаў еўрааблігацый на агульную суму больш за $5 млрд. Два першыя выпускі ўжо пагашаныя — у 2015 годзе на $1 млрд і ў 2018 годзе на $800 млн. Такім чынам, у цяперашні час у звароце застаецца 5 выпускаў еўрабондаў, асноўны доўг па якіх складае $3,25 млрд. Гэтыя паперы ў свой час удалося размясціць па стаўках ад 5,875% да 7,625% гадавых.

Ужо хутка, у лютым 2023 года, трэба пагасіць чарговы выпуск еўрааблігацый на суму ў $800 млн. Аднак, ва ўмовах санкцыйных абмежаванняў улады прынялі рашэнне выконваць абавязацельствы па еўрааблігацыях у беларускіх рублях. Новы механізм ужо пачалі ўжываць на выплатах адсоткаў. Калі замежныя банкі не прымуць такі спосаб выканання абавязацельстваў, Мінфін мае намер прапанаваць уладальнікам еўрабондаў абмен на новыя выпускі беларускіх каштоўных папер, размешчаных на ўнутраным фінансавым рынку, або датэрміновы выкуп еўрабондаў.

Абодва варыянты наўрад ці выглядаюць прывабна для трымальніка папер. Пры абмене старога выпуску аблігацый на новы інвестарам, па сутнасці, прапануецца абмяняць валютны доўг на рублёвы — Мінфін прама кажа, што выплаты па новых паперах будуць ажыццяўляцца ў беларускіх рублях. Відавочна, гэта будзе прадугледжана ў эмісійных дакументах.


Што тычыцца датэрміновага выкупу, то Мінфін не мае намеру цалкам вяртаць інвестарам намінальны кошт папер. Справа ў тым, што цяпер беларускія еўрабонды гандлююцца на ўзроўні каля 18% ад наміналу — гэта значыць, з дысконтам 82%. Прасцей кажучы, калі хтосьці ўклаў у беларускія еўрабонды 1000 долараў, то цяпер ён можа перапрадаць іх на другасным рынку і атрымаць за гэта ўсяго 180 долараў. А 820 долараў складуць страты. На гэтым фоне Мінфін вырашыў выкупляць паперы датэрмінова «з дысконтам, памер якога можа быць значным». Колькі менавіта складзе дысконт, не ўдакладняецца. Але ўкладзеныя грошы інвестарам відавочна не вернуцца ў поўным аб'ёме.

Атрымліваецца, у трымальнікаў беларускага дзяржаўнага доўгу будзе цікавая дылема — атрымаць толькі невялікую долю належнай сумы і панесці вялікія страты, альбо абмяняць доўг у валюце на доўг у беларускіх рублях плюс адтэрмінаваць момант атрымання грошай яшчэ на некаторы тэрмін, магчыма, вельмі працяглы. Выглядае як чыстай вады аферызм, але Мінфін старанна робіць выгляд, што ва ўсім вінаватыя «дзеянні недружалюбных краін».

І не варта думаць, што пацерпяць ад гэтага толькі замежнікі. Як мяркуюць эксперты, набыць еўрааблігацыі маглі і беларускія банкі, і нават набліжаны да расійскіх улад буйны бізнес.