Еўрабонды мог выкупіць блізкі да расійскіх улад бізнес

"Я думаю, проста рэкамендавалі блізкім да ўлады алігархам, таму ж Абрамовічу, Усманаву: кожны павінен скінуцца і купіць сабе трошкі еўрааблігацый"...

ulet1.jpg

belprauda.org

У набыцці новых выпускаў беларускіх еўрабондаў на 1,4 мільярда долараў мог узяць удзел набліжаны да расійскіх улад буйны бізнес. Такое меркаванне выказаў на брыфінгу ў Мінску 23 чэрвеня дырэктар аналітычнага дэпартамента форэкс-брокера "Альпары" ў Расіі і СНД Аляксандр Разуваеў.

"Я думаю, што на самай справе там перадусім расійскія грошы. І гэта не тыя расійскія грошы, што пасядзелі, пачасалі галовы: "Вось, давайце купім еўрааблігацыі". Я думаю, проста рэкамендавалі блізкім да ўлады алігархам, таму ж Абрамовічу, Усманаву: кожны павінен скінуцца і купіць сабе трошкі еўрааблігацый. Тут, што называецца, дзяржаўна-прыватнае партнёрства", — лічыць Разуваеў.

"Пры ўсёй павазе да Беларусі, ёсць такая стратэгія на бондавым рынку, яна называецца "суверэнны джанк". Яна пайшла з 70-х гадоў мінулага стагоддзя, калі рэкамендавалі купляць еўрааблігацыі лацінаамерыканскіх краін, дзе даходнасць была вельмі высокая, але яны былі саюзнікамі ЗША. Гэта значыць, рэкамендавалі купляць бонды саюзнікаў ЗША, разумеючы, што Штаты не дапусцяць іх дэфолту. Адпаведна і ў Беларусі. Хоць і кажуць, што тут няма рэформаў, але інвестары выдатна разумеюць, што дэфолту не будзе па самай простай прычыне — па-першае, ёсць усё ж такі рэзервы, па-другое, калі трэба, Расійская Федэрацыя рознымі механізмамі заўсёды падтрымае. Калі ў Расіі рэзервы 480 млрд долараў, значыць, 1,4 млрд можна будзе знайсці. А хутчэй за ўсё, будуць выпушчаныя наступныя аблігацыі з больш познім тэрмінам пагашэння", — адзначыў эксперт.

 Як паведамлялася, 22 чэрвеня Беларусь размясціла новы выпуск еўрааблігацый на 1,4 млрд долараў двума траншамі з пагашэннем у лютым 2023 года і ў чэрвені 2027 года на 800 млн долараў і 600 млн долараў адпаведна. Даходнасць кароткага траншу была ўсталяваная на ўзроўні 7,125% гадавых, доўгага выпуску — 7,625% гадавых. Пры гэтым сукупны попыт інвестараў перавысіў прапанову і склаў 3,1 млрд долараў. Арганізацыя здзелкі была даручаная банкам Citi і Raiffeisen.

 Апошні раз беларускія ўлады выпускалі еўрабонды ў студзені 2011 года на сем гадоў, тэрмін іх пагашэння — 26 студзеня 2018 года. Даўгавыя паперы былі размешчаныя на 800 млн долараў па стаўцы 8,95% гадавых. Намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч, размаўляючы з журналістамі 14 чэрвеня, выказаў упэўненасць у здольнасці Беларусі разлічыцца па еўрабондах у студзені. "У стадыі выканання праграма ЕФСР, ёсць шэраг напрацовак, звязаных і з унутранымі крыніцамі, рэфінансаваннем абавязацельстваў па дзярждоўгу. Рыхтуемся і да таго, што будзем пагашаць 800 млн долараў у пачатку наступнага года", — удакладніў Ермаловіч.

 Еўрабонды (еўрааблігацыі) — разнавіднасць доўгатэрміновых каштоўных папер. Гэта даўгавыя абавязацельствы, што цыркулююць на рынку еўравалют. Пазычальнікамі, якія выпускаюць еўрабонды, выступаюць урады, карпарацыі, міжнародныя арганізацыі, зацікаўленыя ў атрыманні грашовых сродкаў на працяглы тэрмін. Размяшчаюць еўрабонды інвестыцыйныя і камерцыйныя банкі. Гэтыя паперы лічацца адным з найбольш надзейных фінансавых інструментаў, таму асноўнымі іх пакупнікамі з'яўляюцца інстытуцыянальныя інвестары: страхавыя і пенсійныя фонды, інвестыцыйныя кампаніі.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН