У Расіі аварыйна селі два самалёты з тых, што бярэ на ўзбраенне Беларусь
У той час, як міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў расказваў, што да васьмі вучэбных расійскіх самалётаў Як-130 неўзабаве будуць дадаткова закупленыя яшчэ чатыры, у Расіі здарыліся адразу два інцыдэнты з машынамі менавіта гэтай мадыфікацыі.
Так, 21 чэрвеня падчас трэнавальнага палёту на авіяцыйнай базе ў Барысаглебску рэактыўны самалёт Як-130 зрабіў аварыйную пасадку. Падчас прызямлення не выйшла пярэдняя стойка шасі, пры пасадцы машына атрымала шэраг пашкоджанняў, экіпаж не пацярпеў.
Другі інцыдэнт адбыўся ў той жа дзень у Краснадарскім краі блізу Армавіру. У Як-130 гэтаксама аказаліся праблемы са стойкай шасі, яго давялося саджаць проста ў поле. Пацярпелых няма.
21 чэрвеня міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў паведаміў, што плянуецца закупліванне новых вучэбна-баявых самалётаў: «У нас закуплена восем самалётаў Як-130, яны выкарыстоўваюцца. Мы плянуем, напэўна, яшчэ чатыры закупіць», — заявіў кіраўнік ведамства.
Рэактыўны вучэбна-баявы самалёт Як-130 прымяняецца для выведкі, у якасці лёгкага штурмавіка і здольны знішчаць асобныя наземныя аб’екты ці малахуткасныя паветраныя цэлі.
Паводле Радыё Свабода