Расія рыхтавала анексію Крыма дзесяць гадоў

Да акупацыі Крыма Расія рыхтавалася з 2005 года. Пра гэта распавёў кіраўнік Нацгвардыі Украіны генерал-лейтэнант Юрый Алераў. Аднак у вайне з Расіяй «вінаватыя мы самі».

Юрый Алераў. Фота: "Апостроф"

Юрый Алераў. Фота: "Апостроф"

 У інтэрв'ю украінскаму выданню “Апостраф” генерал-лейтэнант распавёў пра узброеныя сілы Украіны. Юрый Алераў прыгадаў, што напачатку незалежнасці Украіны былі ўсе падставы дзеля стварэння сучаснага баяздольнага войска.

“Калі б у пачатку 2014-га існавалі тыя магутныя вайсковыя фармаванні, якія існавалі ў 1990-х гадах, — ні адзін расійскі салдат не парушыў бы мяжу нашай краіны. Гвардыя б гэтага не дазволіла”, — перакананы Юры Алераў.

Ён прыгадаў, што ў пачатку 1990 гадоў у Керчы “была магутная брыгада, былі магутныя брыгады ў Сімферопалі, у Севастопалі. Тады вельмі вялікая ўвага надавалася таму, каб фарміраванне магло рэагаваць на пагрозу”.

“А што мы мелі на пачатак 2014-га? — запытвае ён. — Распалася Міністэрства ўнутраных спраў, уцяклі з краіны прэзідэнт, міністр унутраных спраў, камандуючы ўнутраных войскаў... І Расія пачала рэалізацыю свайго плана па анексіі Крыма, да якога рыхтавалася гадоў дзесяць, не менш…

Я бачыў, як з 2005 года афіцэраў Чарнаморскага флоту Расіі ў Крыме, якія нарадзіліся ў Украіне, мелі ўкраінскія карані, жонак, сям'і, расіяне пачалі прыбіраць з Севастопаля, з Крыма. Там заставаліся толькі тыя, хто нарадзіўся ў Расіі і не меў ніякай сувязі з Украінай. Яны ўжо рыхтаваліся да нейкай агрэсіі. Пра гэта не прынята было тады казаць, але сёння аналітыка паказвае, што гэта было не супадзенне. Аранжавая рэвалюцыя 2004 года паказала, што украінцаў не вельмі задавальняе статус калоніі Расіі. Нават самая нязначная нязгода з Расіяй, кожная спроба стаць рэальна незалежнымі і ідэнтыфікаваць сябе як асобную нацыю і дзяржаву заўсёды выклікалі ў паўночнага суседа велізарнае абурэнне. І вайна, якая пачалася ў 2014 годзе, — гэта доказ таго, што Расія ніколі не бачыла Украіну незалежнай краінай”.

У вайне з Расіяй, лічыць украінскі генерал, “вінаватыя мы самі”: “Бо на ўсе папярэднія спробы не адрэагавалі так, як трэба было адрэагаваць. Дзесьці прамаўчалі, дзесьці пабаяліся, дзесьці не паказалі своечасова зубы... Я не раз выказваў сваё меркаванне з гэтай нагоды раней…

У той жа час у нас ёсць пагроза не толькі знешняя, але і ўнутраная. У нас ёсць 18-19-гадовыя воіны, у якіх у галаве — вакуум. Сёння ні школа, ні інстытуты амаль ніякім чынам не ўплываюць на нацыянальную свядомасць моладзі. З'явіліся толькі зародкі нацыянальнай ідэі, таму што паўстала пагроза. Мы аб'ядналіся дзякуючы таму, што да нас прыйшло гора”, — з сумам адзначыў Юрый Алераў.