Regnum апублікаваў інтэрв’ю з Алексіевіч, нягледзячы на яе забарону

Расійскае інфармацыйнае агенцтва Regnum апублікавала інтэрв’ю з Святланай Алексіевіч, нягледзячы на яе забарону.

Фота: AFP

Фота: AFP

Нобелеўская лаўрэатка не чакала, што ёй давядзецца адказваць на правакацыйныя пытанні журналіста. Алексіевіч назвала глупствам сцвярджэнне журналіста, што ў 2014 годзе ва Украіне адбыўся дзяржаўны пераварот. Паводле яе слоў, “змена ўлады была жаданнем людзей”. Аднак супрацоўнік Regnum не супакойваўся, настойваў на “перавароце”. “Калі ўкраінцы сталі абараняць сваю дзяржаву, вы раптам прыгадалі пра правы чалавека, якія на вайне не выконваюцца. Вы, рускія, у Чачні паводзілі сябе яшчэ горш”, — сказала пісьменніца.

Пасля гаворка пайшла пра ўкраінскую і беларускую мовы. Алексіевіч згадала пра русіфікацыю, пра знішчэнне ў савецкія часы беларускай інтэлігенцыі, пра 3 мільёны рускіх, якія прыехалі ў Беларусь пасля Другой сусветнай вайны. Яна лічыць, што праз русіфікацыю нашу краіну, як і Украіну, хочуць зрабіць часткай Расіі.

У інтэрв’ю Святлана Алексіевіч уздымала тэму свабоды ў цяперашняй Расіі, што журналісту не спадабалася. Ён пацікавіўся ў яе, чаму яна, пішучы пра вайну, не едзе на Данбас? Алексіевіч жа падкрэсліла непасрэднае дачыненне Расіі да вайсковага канфлікту на ўсходзе Украіны, што гэта “на сумленні Пуціна”.

“Вы ўварваліся ў чужую краіну, на якой падставе? — спыталася пісьменніца. — У інтэрнэце мільён здымкаў, як ходзіць туды рускай тэхніка. Усе ведаюць, хто збіў [самалёт] і ўсё іншае. Давайце ўжо заканчваць ваша ідыёцкае інтэрв’ю. У мяне ўжо няма сіл на яго. Вы проста набор прапаганды, а не разумны чалавек”.

euroradio.fm