Мінск і Масква: хто каму выкруціў рукі

Гэта сталася амаль незаўважаным, але ад панядзелку Беларусь і Расія жывуць у новай эканамічнай рэальнасці. Спраўдзілася мара Аляксандра Лукашэнкі — за расійскі газ можна будзе плаціць расійскімі рублямі. Пытанне толькі ў тым, калі нам гэта вылезе бокам.

regnum_picture_1492091699368323_big.jpg

Толькі тры дні таму — у пятніцу — Беларусь фактычна атрымала ад Расіі маштабны пакет эканамічных прэферэнцый. Наколькі ж на самай справе значныя атрыманыя Мінскам эканамічныя выгоды, і чым нам давядзецца за іх заплаціць?

Дамагліся свайго

Кіраўнік Беларусі ў чымсьці быў падобны да рымскага вайскавода Катона Старэйшага, які завяршаў усе свае прамовы ў сенаце фразай: «Апроч таго, я думаю, што Карфаген павінен быць зруйнаваны». З той жа зацятасцю і Аляксандр Рыгоравіч у кожным сваім вялікім выступе казаў, што Беларусь павінна атрымаць як роўнапрыбытковыя з расійскімі рэгіёнамі кошты на прыродны газ, так і магчымасць разлічвацца за паліва расійскімі рублямі. Што цалкам лагічна: пераважны аб'ём беларускага таварнага экспарту ідзе ў Расію, то бок нашы прадпрыемствы атрымліваюць за сваю прадукцыю расійскія рублі. А за газ дагэтуль даводзілася расплачвацца доларамі…

На павестку дня Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, што засядаў 16 чэрвеня ў Санкт-Пецярбурзе, было вынесена 20 пытанняў. Але беларуская дэлегацыя, як водзіцца, прыехала, каб «пагаварыць пра газ». І як бы Дзмітрый Мядзведзеў ні выказваў усім сваім выглядам незадаволенасць, яму прыйшлося ў чарговы раз пачуць ад Андрэя Кабякова патрабаванне: кошты на газ у Расіі і Беларусі павінны быць супастаўнымі. «Мы не шукаем для сябе нейкіх прэферэнцый і мінімальных коштаў на газ. Мы жадаем, каб да часу «Ч», калі будзе адзіны рынак газу, гэты кошт быў супастаўны і блізкі да кошту газу ў нашых партнёраў», — заявіў беларускі прэм'ер. На яго думку, гэта дапаможа забяспечыць рэальнае функцыянаванне адзінай эканамічнай прасторы.

Гэтым разам расійскі прэм'ер не адказаў у духу «не падабаецца — не купляйце». Наадварот, Мядзведзеў пайшоў насустрач: «Мы не пярэчым, давайце працаваць у гэтым кірунку. Толькі рабіць гэта трэба хутчэй, чым мы вырашалі некаторыя іншыя праблемы, каб яны не назапашваліся».

Беларусь ваявала з Расіяй за паніжэнне коштаў на газ з пачатку 2016 года, настойваючы на роўнапрыбытковых з экспартам коштах на расійскі газ, і нават спрабавала плаціць 73 долары за 1 тысячу кубаметраў замест 132 долараў. Вынікам стаў «нафтагазавы крызіс» і ці не самыя кепскія адносіны паміж Мінскам і Масквой за апошнія 20 гадоў. «Разруліць» канфлікт атрымалася 3 красавіка 2017-га, пасля чаго Мінск выплаціў назапашаны абавязак у памеры 726,2 млн. долараў. Цяпер за газ Беларусь плаціць па-ранейшаму 132 долары, хаця «Газпром» і абвяшчаў пра падвышэнне коштаў. Але ў выніку «Газпрам» пагадзіўся ў 2018–2019 гадах прывязаць формулу кошту газу для Беларусі да коштаў у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе.

А зараз Мядзведзеў таксама заявіў, што Расія больш не будзе ўсталёўваць фіксаваныя кошты на газ для Беларусі. «Ва ўмовах свабоднага рынку гэтыя кошты не могуць быць фіксаванымі. Але прынцыпы азначэння кошту, натуральна, павінны быць намі ўзгодненыя. Мы да гэтага будзем рухацца, абмяркоўваючы ўсе пытанні, уключаючы валюту плацяжу», — заявіў ён.

Валютны момант якраз аказаўся вельмі прыемным для беларускага боку. Да вечара пятніцы стала вядома, што неўзабаве Мінск зможа расплачвацца за расійскі газ расійскімі рублямі. Гэта першы крок да таго, каб Беларусь змагла купляць газ па ўнутрырасійскіх коштах, якія на 30 працэнтаў ніжэй за цяперашнія тарыфы. Першапачаткова казалася, што плаціць расійскімі рублямі за газ Беларусь зможа з 2020-га. Але крыніцы НЧ у Саўміне кажуць, што пераход на разлікі ў рублях можа быць зацверджаны ўжо 30 чэрвеня на Вышэйшым Дзяржсавеце Саюзнай Дзяржавы ў Маскве — і рэалізаваны да канца года.

haz_2912.jpg

Трохі лічбаў

Таваразварот паміж Беларуссю і Расіяй па выніках першых трох месяцаў 2017-га вырас на 25%. То бок ён кампенсаваў падзенне, якое мела месца ў 2015–2016 гадах. Па выніках мінулага года Беларусь закупіла 18,4 млн. тон расійскай нафты і 18,6 млрд. кубоў газу.

14 чэрвеня стала вядома, што з 1 ліпеня Нацыянальны банк Беларусі перастане ўлічваць расійскі рубель у золатавалютных рэзервах і цалкам пяройдзе на міжнародныя стандарты. І хаця тут змяняецца толькі методыка разліку, расійскія СМІ неадкладна пачалі па гэтай падставе істэрыку: некалькі дзён інтэрнэт стракацеў загалоўкамі кшталту «Беларусь адмовілася ад расійскага рубля».

Між тым, гэта не перашкодзіла беларускай дэлегацыі ў Санкт-Пецярбурзе заявіць: калі Расія кажа пра адзіную эканамічную прастору, агульны энергетычны рынак, то і кошт на энерганосьбіты для Беларусі павінен быць расійскім. «Пераход на рублёвыя плацяжы — першы крок у гэтым кірунку, — каментуе кіраўнік расійскага Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі Канстанцін Сіманаў. — Даволі хутка Мінск заявіць, што калі ўжо аплата ідзе ў расійскай валюце, то і кошт павінен быць такі ж, як у Смаленскай вобласці, што мяжуе з Беларуссю».

У Смаленскай вобласці ў 2017 годзе тарыф на газ быў усталяваны на ўзроўні каля 5 тысяч рублёў за тысячу кубаметраў. Беларусь жа купляе расійскі газ прыкладна па 7,6 тысяч расійскіх рублёў за тысячу кубаметраў.

Заплацім лаяльнасцю

Узнікае лагічнае пытанне: чаму Расія раптам вырашыла пайсці насустрач Беларусі ў тым, што датычыцца паставак газу? Па адной з версій (на мой погляд, досыць фантастычнай), гэта звязана з тым, што ЗША пачалі рэгулярныя пастаўкі звадкаванага газу ў ЕС. Танкеры з амерыканскім звадкаваным газам сталі пад разгрузку ў Нідэрландах і Польшчы. Па словах міністра энергетыкі ЗША Рыка Перы, Еўропа разглядае ЗША як патэнцыйную крыніцу энергетычнага дыверсіфікавання з мэтай паніжэння ўплыву Расіі як галоўнага пастаўшчыка энергарэсурсаў у гэты рэгіён.

«Было б някепска Беларусі рушыць услед для дыверсіфікавання паставак газу — тут трэба глядзець на ўмовы такіх паставак. Я не думаю, што кошт там лепшы, чым мы купляем газ у Расіі, — кажа беларускі эканаміст, намеснік старшыні АГП Леў Марголін. — На афіцыйным узроўні ўжо гучалі заявы аб неабходнасці альтэрнатыўных крыніц паставак энергарэсурсаў у нашу краіну. Але наша ўлада выкарыстоўвае падобныя заявы, хутчэй, каб прыстрашыць Расію, а не для пошуку рэальнай альтэрнатывы. Калі б было сапраўднае жаданне дыверсіфікаваць пастаўкі энергарэсурсаў, можна было б паглядзець і на Штаты, падумаць аб тым, каб падоўжыць нафтаправод з Польшчы. Але пакуль улады не збіраюцца рабіць такіх сур'ёзных захадаў. Тым больш, што для нас гэта ўсё — NАТО, патэнцыйныя ворагі, якія спяць і бачаць, як разбіць наш «крыштальны сасуд».

gaz_rus.jpg


Больш відавочны варыянт — рашучасць Лукашэнкі, нягледзячы на міжнародны і ўнутраны ціск, усё ж правесці ў верасні ў Беларусі сумесна з Расіяй скандальныя вайсковыя вучэнні «Захад–2017».

На сустрэчы з кіраўнікамі абаронных ведамстваў дзяржаў — чальцоў АДКБ 13 чэрвеня Лукашэнка заявіў: «Як бы нас не душылі, мы правядзем гэтыя вучэнні і скіраваныя на тое, каб яны прайшлі маштабна і вельмі сур'ёзна. Ведаю, што і ў Расіі такі ж настрой. Мы нікога не палохаем. Нам чужога не трэба. Таму мы будзем адпрацоўваць усё тое, што адпрацоўваюць нашы патэнцыйныя супернікі. Мы навучаем войска і будзем яго навучаць абараняць нашу тэрыторыю, нашу дзяржаву, нашы народы».

Падаецца, пакуль мы зноў атрымліваем эканамічныя выгоды ў абмен на публічную дэманстрацыю лаяльнасці. Пытанне толькі ў тым, калі нам гэта вылезе бокам.