У Пецярбургу ў камеры да затрыманых на акцыі 12 чэрвеня пусцілі газ
Затрыманыя на пратэстнай акцыі 12 чэрвеня ў Пецярбургу заявілі, што ў 33-м аддзяленні паліцыі, дзе яны правялі ноч, у камеры пусцілі газ, паведамляе «ОВД-инфо».
У рэдакцыю прадстаўнікамі штаба Навального ў Пецярбургу былі перададзеныя аўдыёзапісы, на якіх пра газ распавядаюць два сведкі. Яшчэ два відавочцы расказалі пра газ непасрэдна «ОВД-инфо».
Па словах сведкаў, паліцыянты запусцілі газ у камеру, дзе ўтрымліваўся «звар'яцел» затрыманы, дастаўлены ў пастарунак не з мітынгу 12 чэрвеня. «Зрабіўшы гэта, паліцыянты відавочна не падумалі пра тое, як працуе вентыляцыя ў іх аддзеле: газ распаўсюдзіўся і ў іншыя камеры», — распавяла адна з сведак, якая пажадала захаваць ананімнасць.
Сведка ўзгадвае, што сярод затрыманых быў астматык, «яму было горш за ўсё, ён ледзь не губляў прытомнасць, мне таксама было вельмі дрэнна, усё балела, дыхаць немагчыма. Далі, адзінае, па бутэльцы вады... Крычалі, спрабавалі сказаць, каб нам "Хуткую" выклікалі, яны маўчалі, пасміхаліся, казалі, што хутка ўсё пройдзе. Калі [мы] сказалі, што ёсць астматык, [патрэбныя] нейкія лекі з аптэкі, [нам] сказалі, што ўсё пройдзе, нічога страшнага».
Па словах Алега Кабатова, аднаго з затрыманых, з якім звязаўся ОВД-инфо, паліцыянтам таксама трохі дасталася ад газу, які яны распылілі ў камеру да «звар'яцелага затрыманага».
«Мы сталі ўсё задыхацца. Я ў нейкі момант зразумела, што проста не магу дыхаць. Дзяўчынкі, якія былі са мной, сталі грукацца, прасілі, каб нас вывелі і неяк дапамаглі нам. Паліцэйскі адкрыў — закрыў нас. Сказаў: "Сядзіце далей". Я ўжо зразумела, што, напэўна, усё, я гіну, паміраю, таму што я спрабую зрабіць удых і не магу. Я раблю ўдых, і газ трапляе мне ў горла, і я болей задыхаюся. У рэшце рэшт нас выпусцілі ў нейкі маленькі закуточак, дзе было акно, я падбегла да гэтага акна і стала "отдыхівацца". "Хуткую" нам адмовіліся выклікаць», — распавядае Н.
У аддзяленне паліцыі прыехала «хуткая», па дадзеных аднаго з суразмоўцаў выдання, яе выклікаў затрыманы, які здолеў пранесці ў камеру тэлефон. Лекары, па словах відавочцаў, заявілі, што «сюды трэба прывезці дзесяць «хуткіх», што вы тут нарабілі, тут немагчыма дыхаць», праверылі пульс і з'ехалі».
Пазней паліцыя ўсё ж вывела затрыманых з камер у актавую залу ў сутарэнні. «Там былі крэслы і вельмі пыльныя ляжанкі, на якіх было немагчыма ляжаць, таму што яны рабрыстыя, і мы, у асноўным, ноч правялі на крэслах і не спалі», — распавяла адна з сведак.
Здагадак аб тым, які менавіта газ быў распылены ў аддзяленні паліцыі, «ОВД-инфо» не выказвае. Адзін з відавочцаў мяркуе, што быў ужыты пярцовы газ. Свае дзеянні паліцыя не пракаментавала.