Святлана Алексіевіч: «Ніякаму агенцтву я інтэрв’ю не давала»

Святлана Алексіевіч запэўнівае, што першапачаткова яе агенты дамаўляліся на інтэрв’ю з карэспандэнтам газеты «Деловой Петербург», а як гутарка трапіла ў Regnum, не ведае.

b190b664_ac72_4a72_8594_07c80c01ea51_w1023_r1_s.jpg

Расійскае агенцтва Regnum выдала інтэрв'ю з нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч, якое яна забараніла друкаваць. Па словах пісьменніцы, інтэрв’юэр паводзіў сябе не як журналіст, а як прапагандыст.

Да таго ж яна сцвярджае, што давала згоду на гутарку з прадстаўніком выдання «Деловой Петербург» і цяпер мае высветліць, якім чынам тэкст апынуўся на чарнасоценным рэсурсе.

“Радыё Свабода” звязалася са Святланай Алексіевіч, каб высветліць акалічнасці сітуацыі.

«Як толькі гэты журналіст задаў мне тры-чатыры першыя пытанні, я сказала, што адмаўляюся на іх адказваць і забараняю друкаваць, — тлумачыць суразмоўніца. — І свайго літаратурнага агента, які прапанаваў інтэрв’ю і арганізаваў сустрэчу, папярэдзіла, каб затэлефанавалі і папярэдзілі кіраўніцтва. Рэч у тым, што я пабачыла ягоную ад пачатку агрэсіўную скіраванасць. Калі адразу яшчэ здавалася, што можна пра штосьці спрачацца, то пасля пытання — чаму вы абараняеце ўкраінскіх бандытаў — усё стала зразумела. А паколькі такіх людзей ні ў чым не пераканаеш, то я ад кантактавання адмовілася».

Якіх захадаў з боку нобелеўскай лаўрэаткі варта чакаць у гэтай сітуацыі? Ці рэальна, што справа можа дайсці да суду?

«Натуральна, я буду звязвацца з арганізатарамі гутаркі, буду раіцца са сваім літаратурным агентам Саладоўнікавым. На жаль, не веру, што ў гэтай сітуацыі нешта можна зрабіць... Засмучае толькі тое, што гэта абсалютна малады чалавек — чаму я і спадзявалася, што пасля першых рэплікаў яшчэ можна будзе выруліць на сапраўды плённую дыскусію. Але той выпадак, калі ні ў чым пераканаць немагчыма. Вось была кроў у Данбасе, нашых б’юць і г.д. Я і адказваю: а як вы хацелі? Каб прыехалі туды на танках і вас любілі? Як аб сцяну гарох, бессэнсоўна. Нават каментаваць асабліва не выпадае, усё зразумела».

Святлана Алексіевіч запэўнівае, што першапачаткова яе агенты дамаўляліся на інтэрв’ю з карэспандэнтам газеты «Деловой Петербург», а як гутарка трапіла ў Regnum — не ведае:

«У мяне былі выступленні ў Маскве і ў Санкт-Пецярбургу. Усюды былі журналісты, з некаторымі было дамоўлена пра разгорнутыя гутаркі. Чалавек, які ўсё гэта арганізоўваў, потым сам быў ашаломлены, як так атрымалася, што з’явіўся няўзгоднены матэрыял. Відаць, што „Деловой Петербург“ сапраўды адмовіўся друкаваць тэкст, раз я забараніла і потым яшчэ гэта пацвердзіў мой прадстаўнік. Тады гэты журналіст надрукаваўся ў іншым месцы. Ніякаму агенцтву я інтэрв’ю не давала. Выглядае, што там даведаліся і вырашылі скарыстацца сытуацыяй».

Паводле www.svaboda.org