Ці пабягуць беларусы за расійскім грамадзянствам?

Дэпутаты расійскай Дзярждумы рыхтуюць сур'ёзную змену ў заканадаўстве: любы чалавек, які нарадзіўся ў СССР, зможа атрымаць грамадзянства РФ — без усякіх перашкод, і нават не адмаўляючыся ад замежнага грамадзянства. Ці скарыстаюцца гэтым беларусы?

846172813cf2095e4ceaabd88a426610.jpg

Ініцыятыва адыёзных

Праект закона, які спрашчае працэс атрымання грамадзянства РФ тым, хто размаўляе па-руску, ужо ўхвалены камітэтам па справах нацыянальнасцяў і знаходзіцца на разглядзе Дзярждумы. У тлумачэнні да законапраекта сказана: «Носьбітамі рускай мовы вырашана лічыць людзей, якія народжаныя на тэрыторыі Расіі і былога СССР, а таксама іх кроўных сваякоў, таксама народжаных у Расіі і б.СССР».

Цяперашні законапраект быў унесены ў Дзярждуму 30 снежня 2016-га намеснікам старшыні Камітэта па справах СНД Канстанцінам Затуліным («Адзіная Расія»). Пазней да яго далучыліся дэпутаты Арцём Тураў, Наталля Паклонская і Умахан Умаханаў.

Сам распрацоўшчык законапраекта Канстанцін Затулін так пракаментаваў сваю ініцыятыву для НЧ: «Велізарная маса нашых суайчыннікаў не задумваецца аб перасяленні ў Расію. Але яны жадалі б быць грамадзянамі РФ. Чаму мы павінны адмаўляць мільёнам у блізкім замежжы? Гаворка ў законапраекце ідзе не толькі пра тых, хто нарадзіўся ў СССР, але і пра ўсіх, чые сваякі нарадзіліся на тэрыторыі Расійскай імперыі або Савецкага Саюза».

Дзверы на Усход

Адно з сумных, але даволі дакладных народных азначэнняў Беларусі: «Краіна, у якой найвышэйшым дасягненнем лічыцца з'ехаць з яе». На самай справе, красавіцкае апытанне грамадскай думкі, што правяла «Беларуская аналітычная майстэрня» Андрэя Вардамацкага, паказала: амаль траціна беларусаў, калі б мелі магчымасць, з'ехалі б у іншую краіну на сталае месца жыхарства. 31,3% беларусаў станоўча адказалі на пытанне: «Калі б у вас была магчымасць, ці хацелі б вы з'ехаць на ПМЖ за мяжу?». Апроч таго, 42,5% беларусаў жадалі б адправіць дзяцей вучыцца за мяжу, калі б у іх была такая магчымасць (з магчымасцю застацца там жыць).

Настрой «трэба валіць» наўпрост карэлюецца з не самай высокай каштоўнасцю беларускага грамадзянства ў вачах саміх беларусаў. Сацыёлагі з НІСЭПД гадамі задавалі беларусам тры пытанні аб інтэграцыйных перавагах: «аб'ядноўвацца з Расіяй ці не», «уступаць у ЕС ці не» і жорсткі выбар — «уступаць у ЕС або аб'ядноўвацца з РФ». Паводле дадзеных на 1996 год, жадаючых аб'яднацца з Расіяй у адну дзяржаву было больш за 60%. І так у цэлым да 2003 года.

Але потым беларусы крыху расчараваліся ў Расіі. У 2014 годзе супраць аб'яднання з Расіяй выказваліся ў розныя месяцы каля 50%, за — ад 30% да 23%. Але, нягледзячы на адсутнасць жадання аб'ядноўвацца з Расіяй, беларусы адчуваюць псіхалагічнае сваяцтва з «братэрскім народам». Бліжэй да рускіх сябе адчувалі 73,6% апытаных, а бліжэй да еўрапейцаў — 25,4%.

Аднак нават чвэрць жадаючых стаць расіянамі — велізарны паказчык. Пытанне тут у тым, колькі з іх сапраўды пойдзе атрымліваць пашпарт з «курыцай-мутантам», калі працэдура пераходу ў расійскае грамадзянства стане такой лёгкай?

Як лічыць аналітык Сяргей Нікалюк, для шмат якіх грамадзян Беларусі расійскі пашпарт стане магчымасцю вырашыць многія пытанні. «Мая нябожчыца маці нарадзілася ў Кастраме, была жонкай вайскоўца, і ў свой час спатрэбіліся велізарныя высілкі, каб аформіць ёй расійскае грамадзянства. Іншая справа, што ў большасці сваёй тыя, хто жадаў выехаць у Расію, ужо выехалі. Застаюцца маладыя людзі, якія тут губляюць працу (або не знаходзяць яе адразу пасля вучобы), і пераязджаюць у Расію ў пошуках перспектываў», — адзначае ён.

«На самай справе, Расія дзейнічае вельмі правільна — так, як робіць увесь свет. Усюды ідзе змаганне за мазгі, а таксама за ўмелыя працоўныя рукі. У Расіі цяпер дасведчаныя, кваліфікаваныя працоўныя масава сыходзяць на пенсію. Іх трэба замяшчаць, і ў гэтым плане беларускія кваліфікаваныя рабочыя — знаходка для расійскіх наймальнікаў. Нагадаю, што калісьці, на максімуме розніцы ў заробках паміж Беларуссю і Расіяй, называлася колькасць беларусаў, якія працуюць у Расіі, — ад 500–600 тысяч да мільёна. Я думаю, што і тады мільён не набіраўся. Але, безумоўна, некалькі сотняў тысяч нашых грамадзян у Расіі працуюць. Хтосьці з іх захоча застацца, прыняць грамадзянства. І, што вельмі важна, гэты людскі струмень — з Беларусі ў Расію — будзе цячы і далей», — лічыць Нікалюк.

Цяпер часта кажуць, што «беларускія гастарбайтэры вяртаюцца з Расіі». Але гэта не зусім так, зазначае кіраўнік праграмы «Ла Страда» МГА «Гендэрныя перспектывы» Алёна Несцярук. За мяжой толькі ў 2012 годзе легальна працавалі не меней 3% ад эканамічна актыўнага насельніцтва Беларусі. І працоўных мігрантаў становіцца ўсё больш: за пяць гадоў (з 2006 па 2012 год) колькасць беларусаў, якія выязджаюць на заробкі за мяжу, вырасла больш чым у чатыры разы.

З гэтым згаджаецца аналітык варшаўскага даследчага цэнтра «Eurasian States in Transition» (EAST) Андрэй Елісееў. Паводле яго меркавання, галоўны кірунак для беларусаў-мігрантаў — Расія. Да крызісу 70–90% працоўных мігрантаў з Беларусі з'язджалі менавіта туды. Цяпер іх колькасць крыху знізілася, аднак Расія ўсё роўна застаецца на першым месцы для нашых суайчыннікаў, якія адпраўляюцца на заробкі.

Дадзеныя Федэральнай міграцыйнай службы Расіі паказваюць, што беларусаў, якія працуюць у Расіі, у 2015 годзе было каля 30 тысяч. Паводле расійскай статыстыкі, часцей за ўсё на працу выязджаюць маладыя людзі ва ўзросце 18–29 гадоў. Працуюць яны, як правіла, у будаўніцтве, на апрацоўчых вытворчасцях, у аптовым і раздробным гандлі, у сферы рамонту аўтамабіляў. Зразумела, што маладыя людзі больш схільныя да таго, каб застацца жыць у Расіі і атрымаць расійскае грамадзянства.

Але на самай справе іх нашмат больш, чым 30 тысяч. «Часта беларусы ў Расіі занятыя без пастаноўкі на ўлік, гэта значыць, не бачныя і ў расійскай статыстыцы. Згодна з маёй ацэнкай, на працягу каляндарнага года на расійскім рынку працы часова занятыя 200–300 тысяч беларусаў», — мяркуе Андрэй Елісееў.

Глядзіце таксма: РУСКІЯ, ЯНЫ ЯКІЯ? 

 Дзверы на Захад

Самая відавочная альтэрнатыва для беларусаў, якія жадаюць абавязкова змяніць грамадзянства, — польскі пашпарт. Тым больш, што сёння эканоміцы Польшчы бракуе працоўных рук. А пускаць да сабе сірыйскіх і паўночнаафрыканскіх мігрантаў палякі не жадаюць, з-за чаго нават сур'ёзна сварацца з Брусэлем.

Затое ў Польшчы добразычліва ставяцца да беларусаў і ўкраінцаў. Хай нават часам і лічаць іх людзьмі другога гатунку — але, прынамсі, настрой добразычлівы. У 2015 годзе працадаўцам дазволілі не апавяшчаць мясцовыя ўлады і не атрымліваць дазвол пры найманні адмыслоўцаў з Беларусі, калі яны працуюць не больш 6 месяцаў на год.

Не дзіўна, што шмат хто, асабліва на захадзе нашай краіны, звязвае сваю будучыню менавіта з Польшчай. Адсюль і папулярнасць «карты паляка» сярод беларусаў.

Вялікую цікавасць да Польшчы пацвярджае і статыстыка зваротаў у праграму «Ла Страда». Калі ў 2013 годзе звароты наконт працы ў Расіі складалі 53% ад агульнага ліку, а наконт Польшчы — 10%, то ў 2016 годзе было 27% і 22% адпаведна.

Хаця атрымаць грамадзянства Польшчы (то бок стаць паўнапраўным жыхаром ЕС) нашмат складаней, чым перайсці ў падданства Расіі. Але ўсё ж беларусу ў Польшчы, каб абзавесціся запаветным пашпартам, зусім не абавязкова рабіць буйныя інвестыцыі, купляць нерухомасць або чакаць дзясяткі гадоў. Пры наяўнасці неабходных падставаў, на ўсю працэдуру афармлення сыходзіць ад 3 да 12 месяцаў. А з 1 студзеня 2017-га ўладальнікі Карты паляка або Карты сталага побыту могуць прэтэндаваць на польскае грамадзянства ўжо праз год пражывання на тэрыторыі Рэспублікі Польшча.

Акрамя таго, атрыманне польскага пашпарту не патрабуе адмовы ад папярэдняга грамадзянства. І сёння ў Беларусі (як і ва Украіне) дзейнічае маса пасярэднікаў — фірмаў, якія дапамагаюць за адэкватныя грошы прайсці ўвесь шлях: ад вывучэння мовы і працаўладкавання ў Польшчы, і да атрымання Карты паляка, а потым і польскага пашпарту.

038091883_iconv.jpeg


Што б гэта значыла?

На жаль, традыцыйны для Беларусі недахоп сацыялагічных дадзеных не дазваляе зрабіць адэкватны прагноз таго, як будуць паводзіць сябе беларусы, калі для іх з’явіцца мажлівасць лёгка пераходзіць у расійскае грамадзянства. Тым больш, мы не ведаем, ці не супадзе гэта з чарговай хваляй шалёнай прапаганды кшталту «Крымнаш». Бо ж выбары прэзідэнта там ужо праз год.

Але мне падаецца, што беларусы не пачнуць масава атрымліваць расійскія пашпарты. Па-першае, гэта не ўхваліць беларуская ўлада — і цалкам будзе мець рацыю. Наўрад ці многія беларусы захочуць мяняць пашпарт, калі гэта будзе закрываць ім магчымасці, напрыклад, уладкавацца на працу ў дзяржаўныя структуры.

Многіх непакоіць, што калі значная частка беларусаў зробіцца грамадзянамі Расіі, яны аўтаматычна пераўтворацца ў «пятую калону». І Расія, калі ёй што не спадабаецца, можа захацець «прыйсці на дапамогу суграмадзянам» — натуральна, з танкамі ды «ветлівымі чалавечкамі». Але ж паглядзіце ўважліва на вуліцы свайго горада. Колькі там машын з расійскімі трыкалорамі ды «каларадскімі» стужкамі? Дадаткова нейкую калону і ствараць не трэба…

А што да тых, хто жадае перайсці ў польскае грамадзянства... Упэўнены, што ў 99% выпадкаў матывы — выключна эканамічныя. Дый тых, хто насамрэч зменіць беларускі пашпарт на пашпарт з «ожэлам», у любым выпадку будзе нашмат меней за тых, хто можа захацець «падацца ў расіяне».