Леў Львоўскі: «Праблемы ў трымальнікаў беларускіх еўрабондаў скончыліся, праблемы Беларусі — пачаліся»

Міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы Fitch і Moody's абвясцілі дэфолтам выплату ў беларускіх рублях купоннага даходу па выпуску еўрааблігацый Мінфіна РБ з тэрмінам пагашэння ў 2027 годзе. Fitch зрабіла гэта раней. А адпаведная заява Moody's была прынятая ўчора.

scale_1200_62.webp


Заява Moody's так і называецца: «Урад Беларусі: Плацёж па знешніх абавязках у рублях з'яўляецца дэфолтам».

Нагадаем, да 13 ліпеня Беларусь павінна была заплаціць у валюце па сваіх міжнародных абавязках Беларусь, як вядома, не заплаціла. Замест гэтага грошы ў беларускіх рублях былі пералічаныя на рахунак «Беларусбанку». Меркавалася, што плацежны агент будзе мець доступ да гэтага рахунку і сам вырашаць пытанні пералічэння грошай з яго трымальнікам аблігацый. Аднак тыя самыя плацёжныя агенцтвы з «Беларусбанкам» справу мець адмовіліся — Citigroup Global Markets Europe AG і Citibank, N. A., London Branch апавясцілі Міністэрства фінансаў РБ аб спыненні сваёй дзейнасці ў якасці рэгістратара, фінансавага, плацёжнага і трансфернага агента ў дачыненні да беларускіх еўрааблігацый. Мінфін пачаў шукаць новых агентаў, але пакуль не знайшоў.

І, канешне, Мінфін імкнецца перакласці адказнасць за беларускі дэфолт на контрагентаў. Аж да таго, што заявіў: «Заходнія структуры, якія ўводзяць і выконваюць санкцыйныя рашэнні, планамерна спрабуюць пазбавіць інвестараў» права на атрыманне выплат па еўрабондах. Гэта значыць, гэта не мы адмаўляемся плаціць — гэта нядобрыя заходнія банкіры адмаўляюцца браць нашы грошы і перадаваць іх тым, каму яны павінны быць пералічаныя.

Эканаміст, аналітык Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC (Кіеў) Леў Львоўскі тлумачыць: усё ж Мінфін не мае рацыі. Гэта сапраўдны дэфолт Беларусі. Па-першае, таму, што еўрабонды — гэта дакумент, які выпускаецца на пэўных умовах, і змяняць умовы напрацягу часу, калі здзелка актыўная, нельга. Таму выплаты па іх не ў той банк, не ў той валюце або не ў той час — прыводзяць краіну ў стан дэфолту аўтаматычна.

Па-другое, паводле яго слоў, сутнасць руху грошай па еўрааблінацыях такая: Мінфін павінен быў пералічваць грошы плацежнаму агенту — напрыклад, у Citibank. А Citibank — размяркоўвае грошы паміж трымальнікамі аблігацый. Калі б Мінфін так і зрабіў, а праблемы паўсталі б паміж Citibank і інвестарамі — гэта не было б дэфолтам. Але, паколькі Мінфін залічыў працэнты па еўрабондах у «Беларусьбанк»... Тут усё зразумела. І ніякія «заходнія структуры, якія ўводзяць санкцыі» тут, пагадзіцеся, ні пры чым.

Між тым, варта асобна адзначыць, што слова «дэфолт» мае на ўвазе не адмову выплаты грошай ці нешта падобнае, а літаральна — «невыкананне абавязацельстваў», нават калі гэтыя абавязацельствы — нефінансавай уласцівасці. Беларусь не выканала абавязацельствы, і гэта — бясспрэчны факт.

Што чакае Беларусь у выніку абвяшчэння дэфолту? Леў Львоўскі падзяляе наступствы на кароткатэрміновыя, сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя. Паводле яго слоў, эфект першага парадку — гэта тое, што калі краіну абвяшчаюць дэфолтнай, то ёй больш ніхто не дае грошай у доўг. «Тут мы нічога не страцім, бо Беларусі як мінімум з 2020 года ніхто ў доўг не дае, акрамя як Расійская Федэрацыя», — кажа ён.


Другі бок гэтага медаля ў тым, што цяпер Беларусь тэарэтычна можа не выплачваць і наступныя плацяжы па еўрабондах. І калі бягучы дэфолтны плацёж складаў усяго 22 млн долараў, то ў пачатку 2023 года трэба было выплаціць 800 млн долараў. Цяпер Мінфін можа «зэканоміць».

Эфекты другога парадку — гэта тое, што да суверэннага рэйтынгу часта прывязваюцца рэйтынгі кампаній. І суверэнны рэйтынг часта ўключаецца ў дагаворы паміж, скажам, банкамі, або аб'ектамі гаспадаркі. І, напрыклад, які-небудзь казахстанскі банк цалкам можа адмовіцца працаваць з беларускім банкам з-за «дэфолтнага» краінавага рэйтынгу.

На суверэнны рэйтынг таксама часам абапіраюцца экспартна-імпартныя кантракты. Могуць узнікнуць складанасці з перакладамі грошай па такіх дамовах. «Фінансавае забеспячэнне экспартна-імпартнай дзейнасці ў нас і цяпер даволі складанае, так што прабемы дададуцца», — лічыць Львоўскі.

Эфект трэцяга парадку ўплывае на перспектывы беларускай эканомікі. Цяперашні дэфолт азначае, што для Беларусі праз 10-20 гадоў, калі, можа быць, прыйдзе новы ўрад, яму прыйдзецца працаваць менавіта з дэфолтным рэйтынгам. «Значная частка інвестараў не будзе разбірацца, па якой прычыне аб'яўляўся дэфолт, хто быў ва ўладзе тады і хто ва ўладзе цяпер, і гэтак далей. Такія пакетныя міжнародныя інвестары, якія інвестуюць у аблігацыі трэціх краін, глядзяць на гэтыя краіны даволі павярхоўна», — адзначыў Леў Львоўскі. Гэта значыць, судзяць на падставе крэдытных рэйтынгаў, якія цяпер у нас дэфолтныя.

Але самае цікавае — гэта тое, каму належаць нашы еўрааблігацыі. Эканаміст адзначыў, што, па дадзеных Мінфіна, 40% беларускіх еўрааблігацый размешчаны ў руках «дружалюбных» інвестараў. А гэтымі інвестарамі могуць быць не толькі замежныя, але і айчынныя кампаніі, банкі або «паважаныя людзі».

«Мы дакладна не ведаем, хто трымальнік нашых аблігацый, але відавочна, што значная частка трымальнікаў гэтых аблігацый — камерцыйныя банкі, у тым ліку і беларускія. І дэфолт па гэтых аблігацыях негатыўна адаб’ецца на стане іх актываў. Вядома, гэта засакрэчана, і мы не ведаем, наколькі цяпер праблемныя іх актывы. Але дэфолт гэтую сітуацыю пагоршыць», — кажа Львоўскі. І тэарэтычна можа быць, што, калі актывы банка ў значнай меры складаюцца з «дэфолтных» аблігацый, то банк абрынецца.

Тым не менш, выключаць такіх варыянтаў нельга, — асабліва ведаючы звычку нашага Мінфіна запіхваць банкам дзяржаблігацыі ў «добраахвотна-прымусовым парадку».

Ну і, канешне, тэарэтычна канешне, трымальнікі беларускіх еўрабондаў могуць запатрабаваць ад Мінфіна датэрміновага пагашэння аблігацый, а беларускі Мінфін, зразумела, адмовіцца. Тады інвестары пойдуць у суд. А суд можа арыштаваць маёмасць Беларусі за мяжой, як «сродак забеспячэння» гэтых іскаў. З іншага боку, Леў Львоўскі кажа, што маёмасці Беларусі за мяжой таксама не вельмі багата, і ў краіны там няма скрыняў з золатам. Тым не менш, такіх іскаў можна чакаць.

«Праблемы ў трымальнікаў беларускіх еўрабондаў скончыліся, праблемы Беларусі — пачаліся», — рэзюмаваў Леў Львоўскі.