Вялікі летуценнік Ізраілю
2 жніўня 1923 года пад Валожынам нарадзіўся чалавек, які большую частку жыцця правёў сярод вайны, але да самай сваёй смерці марыў аб міры. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1994 года за ўнёсак у мірнае ўрэгуляванне на Блізкім Усходзе. Гаворка ідзе аб Шымоне Перэсе.
Пачатак шляху
Шымон Перэс нарадзіўся ў мястэчку Вішнёва, што пад Валожынам. Ён рос у артадаксальным яўрэйскім асяродку. Вялікі ўплыў на Шымона аказаў ягоны дзед па мацярынскай лініі, равін Гірш Мельцэр, выдатны знаўца паэзіі свайго народа. Як і многія іх суседзі, ягоныя бацькі былі прыхільнікамі сіянізму, руху за стварэнне яўрэйскай нацыянальнай дзяржавы.
На пачатку 1930-х у Еўропе адбыўся чарговы усплёск антысемітызму і гвалту ў дачыненні да яўрэяў. Таму сям'я Шымона вырашыла здзейсніць доўгачаканы пераезд у Святую Зямлю. У 1932 годзе бацька Перэса першым адправіўся ў новы яўрэйскі горад Тэль-Авіў у Палестыне, кантраляванай на той момант брытанцамі, каб падрыхтаваць месца для пераезду. Юны Шымон разам з астатнімі членамі сям'і далучыўся да бацькі ў 1934 годзе. Усяго амаль палова жыхароў яго роднага мястэчка эмігравала ў Палестыну. Тыя, хто застаўся, у тым ліку бабуля і дзядуля Шымона і ягоны дзядзька, былі забітыя немцамі падчас Другой сусветнай вайны. Усе яўрэі Вішнёва былі зачынены ў сваёй сінагозе і спалены жыўцом.
У 15 гадоў ён вырашыў вучыцца ў сельскагаспадарчай школе Бэн-Шэмэн, якая функцыянавала як аўтаномная супольнасць маладых людзей. Там ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Соняй. На пачатку 1940-х малады Перэс стаў актывістам левай маладзёжнай групы «ха-Ноар ха-Овэд вэ ха-Ломэд» (Працоўная і навучэнская моладзь).
У 1947 годзе ён далучыўся да ўзброенай сіяністскай падпольнай арганізацыі «Хагана», каб абараніць моладзевую вёску ад частых нападаў арабскіх радыкалаў. Як не дзіўна, але менавіта там яго навыкі вядзенні дыскусій і адукаванасць прыцягнулі ўвагу лідэраў працоўнай партыі «Мапай» Берла Кацнельсона і Давіда Бэн-Гурыёна. Яны хацелі бачыць таленавітага юнака сярод сваіх паплечнікаў і хутка Перэс зрабіўся іх актыўным паслядоўнікам.
У тым жа годзе брытанцы вырашылі пакінуць Палестыну, і Арганізацыя Аб'яднаных Нацый прагаласавала за падзел тэрыторыі на арабскую і яўрэйскую дзяржавы.
Вайсковая кар’ера
Калі ў наступным годзе брытанцы сышлі і Бэн-Гурыён абвясціў 14 траўня 1948 года Дзяржаву Ізраіль на зямлі, адведзенай яму Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый, сем арабскіх краін абвясцілі вайну маладой рэспубліцы. Хоць Злучаныя Штаты і Савецкі Саюз прызналі яўрэйскаю дзяржаву, яны вырашылі абвясціць эмбарга на пастаўку зброі Ізраілю, у той час як арабскія краіны працягвалі атрымліваць зброю ад Вялікабрытаніі.
Малады Шымон Перэс зноў хутка вылучыўся і быў прызначаны вышэйшым камандаваннем на важныя пасады. Ён адказваў за такія вобласці, як кадры, ваенная разведка і закуп зброі. Яму нават было даручана кіраваць невялікім ізраільскім ваенна-марскім флотам. Не гледзячы на ўсе перашкоды, яўрэям удалося адстаяць у гэтай вайне сваю дзяржаўнасць. 20 ліпеня 1949 года было падпісана перамір’е з апошняй з арабскіх краін, Сірыяй.
Далейшая кар’ера Перэса пашла ўгару. Ён стаў кіраўніком дэлегацыі міністэрства абароны Ізраілю ў Злучаных Штатах на пачатку 1950-х гадоў. І нават працягнуў сваю адукацыю ў Новай школе сацыяльных даследаванняў у Нью-Ёрку і Школе адміністратыўнага кіравання ў Гарвардзе. У 1953 годзе ва ўзросце ўсяго толькі 29 гадоў ён быў прызначаны генеральным дырэктарам Міністэрства абароны.
Ён старанна падтрымліваў адносіны з французскім урадам, які забяспечваў Ізраіль зброяй, так неабходнай для яго абароны. У якасці генеральнага дырэктара ён дапамагаў кіраваць Сінайскай кампаніяй 1956 года, якую ўзначальваў яго блізкі палітычны саюзнік Машэ Даян. Ён заснаваў ізраільскую электронную і авіяцыйную прамысловасць і з дапамогай Францыі пабудаваў першую ў Ізраілі атамную электрастанцыю.
Палітычная кар’ера
У 1959 годзе ён упершыню прайшоў у ізраільскі парламент, Кнэсет, што стала пачаткам яго больш за 40-гадовай парламенцкай кар'еры. Перэс быў намеснікам міністра абароны з 1959 па 1965 год, калі даўні канфлікт унутры кіруючай рабочай партыі «Мапай» прымусіў прэм'ер-міністра Бэн-Гурыёна парваць з партыяй і ўзначаліць асобную фракцыю «Рафі» ці «Рабочы спіс» на наступных выбарах. Бліжэйшыя паслядоўнікі Бэн-Гурыёна, у тым ліку Перэс і Даян, пайшлі ўслед за сваім палітычным настаўнікам і на наступнай сесіі Кнэсета сталі чальцамі яго фракцыі. На працягу наступных некалькіх гадоў Перэсу ўдалося стаць пасярэднікам паміж Бэн-Гурыёнам і астатнім кіраўніцтвам «Мапай». Праз нейкі час разам з іншымі ізраільскімі левымі яны сфармавалі буйнейшую аб'яднаную Лейбарысцкую партыю «Авода». На працягу наступных гадоў Перэс займаў пасаду міністра ва ўрадах, якія ўзначальваліся Леві Эшколем і Голдой Мэір.
У лейбарысцкім урадзе, які ўзначальваў Іцхак Рабін, з 1974 па 1977 год Перэс займаў пасаду міністра абароны. Ён кіраваў аднаўленнем Арміі абароны Ізраілю пасля вайны Суднага дня 1973 года і прыклаў максімум намаганняў для таго, каб у будучым мінімізаваць магчымасць новага канфлікту паміж Егіптам і Ізраілем. У 1977 годзе Рабін сышоў з пасады прэм'ер-міністра і прызначыў Перэса сваім пераемнікам. На наступных выбарах лейбарысты пацярпелі сваю першую паразу на выбарах, а Перэс сутыкнуўся з цяжкай задачай аднаўлення разбуранай партыі.
Удача ўсмяхнулася ізраільскім левым толькі на выбарах 1984 года. Хаця лейбарыстам удалося атрымаць найбольшую долю месцаў у Кнэсеце, ім не хапіла большасці, неабходнай для самастойнага фарміравання ўрада. Перэс прыняў цяжкае рашэнне запрасіць асноўнага суперніка лейбарыстаў, правую партыю «Лікуд», у склад урада нацыянальнага адзінства, у якім Перэс два гады займаў пасаду прэм'ер-міністра. Урад прыйшоў да ўлады з інфляцыяй у 400 адсоткаў у год. Ён разгарнуў поўнамаштабную кампанію супраць інфляцыі, дамогшыся ў даволі кароткі тэрмін эканамічнай стабілізацыі ў краіне.
У канцы свайго тэрміна Перэс супраціўляўся заклікам сваіх таварышаў па партыі разарваць яго пагадненне з «Лікудам». Ён перадаў пасаду прэм’ер-міністра і наступныя два гады працаваў у якасці міністра замежных спраў. У гэты час ён таемна вёў перамовы з каралём Іарданіі Хусэйнам, намагаючыся дасягнуць пагаднення, якое, на яго думку, паклала б канец ізраільска-палестынскаму канфлікту. Але прэм'ер-міністр Іцхак Шамір адхіліў пагадненне, што прынесла Перэсу адно з самых балючых расчараванняў у яго доўгай палітычнай кар'еры.
На выбарах 1986 года сфармаваўся новы кааліцыйны ўрад на чале з «Лікудам». Перэс пагадзіўся стаць у ім міністрам фінансаў. У 1992 годзе ён прайграў выбары кіраўніка партыі свайму старому таварышу Іцхаку Рабіну.
Наступныя выбары вярнулі лейбарыстаў да ўлады з Рабінам у якасці прэм'ер-міністра і Перэсам у якасці міністра замежных спраў. На гэты раз Перэс дабіўся найвялікшага дыпламатычнага поспеха ў сваёй кар'еры. У 1993 годзе ў сталіцы Нарвегіі Осла было падпісана мірнае пагадненне паміж Ізраілем і Арганізацыяй вызвалення Палестыны. За намаганні па дасягненні міру і ўклад у мірнае ўрэгуляванне на Блізкім Усходзе Шымон Перэс падзяліў Нобелеўскую прэмію міру з Іцхакам Рабінам і Ясірам Арафатам.
У 1995 годзе Іцхак Рабін быў забіты ізраільскім экстрэмістам, які выступаў супраць мірнага працэсу, і Шымона Перэса зноў паклікалі на пасаду прэм'ер-міністра. Адначасова ён займаў пасаду міністра абароны. Але пасля новай успышкі гвалту Перэс ледзь не прайграў перавыбранне ў 1996 годзе. Яшчэ год ён быў старшынём Лейбарысцкай партыі, а ў 1997 годзе пайшоў у адстаўку, каб заснаваць «Цэнтр міру Перэса», беспартыйную няўрадавую арганізацыю, прысвечаную садзейнічанню міру на Блізкім Усходзе. За сваю кар'еру ён напісаў каля тузіна кніг па гісторыі, літаратуры і палітыцы, у тым ліку сваю аўтабіяграфію 1993 года «Барацьба за мір».
У 2001 і 2002 гадах Шымон Перэс зноў займаў пасаду міністра замежных спраў ва ўрадзе нацыянальнага адзінства, які ўзначальвае «Лікуд». Лейбарысты выйшлі з гэтай кааліцыі ў лістападзе 2002 года. Пацярпеўшы чарговую паразу на выбарах у 2003 годзе, «Авода» зноў паклікала Шымона Перэса, якому ўжо амаль 80 гадоў, на пасаду яе старшыні.
І тут немалады ўжо палітык робіць сапраўдны выбух у палітычным жыцці краіны. У 2005 годзе Перэс заяўляе, што пакідае партыю, якую ён дапамог стварыць. Ён абвясціў аб сваёй падтрымцы кандыдатуры старога палітычнага суперніка, прэм'ер-міністра Арыэля Шарона, які сам нядаўна пакінуў «Лікуд», каб заснаваць новую, цэнтрысцкую партыю «Кадзіма». Перэс спадзяваўся, што новая партыя будзе мець найлепшыя шанцы на дасягненне доўгачаканага мірнага ўрэгулявання з палестынцамі.
На выбарах 2006 года Перэс пераабраўся ў Кнэсет па іх спісу. Новы кіраўнік «Кадзімы» Эхуд Ольмерт сфармаваў кааліцыйны ўрад на шырокай аснове, дзе Перэс стаў віцэ-прэм'ерам. У чэрвені 2007 года Кнэсет абраў Шымона Перэса прэзідэнтам Ізраіля. Пасля свайго абрання прэзідэнтам Перэс адмовіўся ад свайго месца ў Кнэсеце, паклаўшы канец самай доўгай парламенцкай кар'еры ў гісторыі сваёй краіны. Роля прэзідэнта як кіраўніка дзяржавы выходзіць за рамкі партыйнай палітыкі. Абранне Шымона Перэса на пасаду прэзідэнта стала найвышэйшым прызнаннем яго пажыццёвага служэння сваёй краіне. Канстытуцыя Ізраіля дазваляе прэзідэнту абірацца на адзін сямігадовы тэрмін. Шымон Перэс завяршыў сваю службу на пасадзе прэзідэнта ў ліпені 2014 года, за некалькі тыдняў да свайго 91-годдзя.
Шымон Перэс быў апошнім з пакалення лідараў, якія заснавалі сучасную дзяржаву Ізраіль. Ён памёр ад інсульту 28 верасня 2016 года ва ўзросце 93 гадоў. Ягоны сыход быў многімі адзначаны як канец эпохі ў гісторыі гэтай краіны. На пахаванні ў Іерусаліме прысутнічалі прадстаўнікі больш за 75 краін, у тым ліку прэзідэнт Абама і былы прэзідэнт Клінтан ад ЗША, прэзідэнты Францыі і Мексікі, канцлер Германіі, два былыя прэм'ер-міністры Вялікабрытаніі, прэм'ер-міністр Канады, кароль Іспаніі і прэзідэнт Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас.
Біл Клінтан у сваёй прамове назваў Перэса «абаронцам нашай агульнай чалавечнасці, які пачаў жыццё як самы здольны вучань Ізраіля, стаў яго лепшым настаўнікам і ў канчатковым выніку стаў яго самым вялікім летуценнікам».