Барыс Жаліба: Ад дэфолту лепш нам не стане
Паўтараць дзеянні Расіі і спрабаваць аддаць запазычанасці недружалюбным краінам беларускімі рублямі ўсё ж такі не варта, лічыць эканаміст.
Беларусь будзе
выконваць абавязацельствы перад асобнымі замежнымі крэдыторамі не ў валюце, а ў
беларускіх рублях. Пра гэта 7 красавіка было заяўлена на афіцыйным
Telegram-канале ўрада краіны.
У паведамленні ўраду згадваюцца тры крэдыторы: Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, а таксама Паўночны інвестыцыйны банк.
Раней, 14 сакавіка, быў падпісаны ўказ № 93 "Аб дадатковых мерах па забеспячэнні стабільнага функцыянавання эканомікі". Згодна з гэтым дакументам, Міністэрству фінансаў, банкам-агентам, іншым юрыдычным асобам прадастаўляецца права па рашэнні Савета Міністраў забяспечваць выкананне абавязацельстваў перад »недружалюбнымі" краінамі ў нацыянальнай валюце. Да чаго гэта прывядзе?
Сваім пунктам гледжання з газетай "Беларусы і рынак" падзяліўся доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Жаліба.
— Беларускі ўрад дублюе дзеянні Міністэрства фінансаў Расійскай Федэрацыі. Там таксама заявілі, што «недружалюбным» краінам замежную запазычанасць будуць выплачваць у расійскіх рублях. У адрозненне ад беларускага рубля, расійскую валюту хоць бы можна абмяняць у шэрагу краін СНД. Але ў сусветнай валютнай сістэме расійскі рубель, вядома, не мае вагі: ён ніколі не прэтэндаваў на статус свабодна канверсоўнай або рэзервовай валюты.
З беларускім рублём яшчэ складаней. Нават у краінах СНД яшчэ трэба пашукаць такі банк, які абмяняе беларускія рублі на іншую валюту. Калі ехаць за мяжу толькі з беларускімі рублямі, нават у межах СНД, то можна трапіць у няёмкае становішча.
Таму, на мой погляд, так званыя недружалюбныя краіны выплату пазыкаў, намінаваных у беларускіх рублях, прымаць не будуць адназначна. Такая выплата не будзе залічвацца за пагашэнне доўгу. У такім выпадку дзеянні з боку беларускіх банкаў і юрыдычных асоб будуць разглядацца як адмова ад сваіх фінансавых абавязацельстваў, што і з'яўляецца дэфолтам.
Замежныя банкі ўспрымаюць беларускія рублі як замкнёную валюту, распаўсюджаную толькі на тэрыторыі адной краіны. Акрамя таго, такіх рублёў можна наэмітаваць колькі заўгодна і пагасіць даўгі ў любым аб'ёме. Адзіная краіна, якая можа сур'ёзна паставіцца да беларускай валюты і палічыць выплату доўгу ў нацыянальнай валюце за пагашэнне, гэта Расійская Федэрацыя.
Дэфолт прывядзе да таго, што, па-першае, аўтарытэтныя міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы — Fitch, Standard & Poor's, Moody's — панізяць рэйтынг крэдытаздольнасці Беларусі. Ён і так нізкі з прычыны таго, што з 2020 года ў дачыненні да Беларусі пастаянна ўводзяцца санкцыі, а цяпер мы апусцімся яшчэ ніжэй. Па-другое, будзе рэакцыя з боку крэдытораў, пакупнікоў еўрабондаў. Якая — меркаваць цяжка, але нам ад гэтага лепш не стане. Таму паўтараць дзеянні Расіі ўсё-такі не варта.
Паводле «Беларусы і рынак»