ЗША дадуць Украіне разведданыя для ўдараў па энергетычнай інфраструктуры Расіі
Падобна, Пуцін усё ж раззлаваў Трампа. Але замест санкцый Трамп можа зрабіць немагчымай нафтаперапрацоўку ў Расіі. СМІ пішуць, што ЗША дадуць Украіне разведданыя для магчымасці ажыццяўлення ўдараў дальнабойнымі ракетамі па энергетычнай інфраструктуры Расіі — асабліва на фоне перамоў пра продаж Кіеву крылатых ракет Tomahawk. Ідуць 1317-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Напрацягу мінулага дня ва Украіне зафіксавана 158 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 2 кастрычніка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 45 штурмаў расіян у раёнах Шахава, Уладзіміраўкі, Сухецкага, Міралюбаўкі, Новапаўлаўкі, Лісоўкі, Котліна, Удачнага, Чырвонага Ліману, Новаэканамічнага, Радзінскага, Пакроўску, Зверава і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 26 атак паблізу Зялёнага Гаю, Андрэеўкі-Кляўцова, Сасноўкі, Новамікалаеўкі і іншых.
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 22 атакі ў раёнах Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Тарэцка, Русінага Яра і Палтаўкі.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 11 разоў каля Грэкаўкі, Карпаўкі, Калодзежаў, Мірнага, Шандрыгалава, Торскага, Зарэчнага, Ямпалю і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расіяне сем разоў атакавалі пазіцыі УСУ паблізу Ваўчанска, Нававасілеўкі, Балогаўкі і Каменкі.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) і Купянскім кірунках адбылося па шэсць баявых сутыкненняў на кожным.
* * *
Украінскія абаронцы працягваюць контрнаступленне на Дабрапольскім кірунку. Толькі за суткі 30 верасня яны прасунуліся амаль на паўтара кіламетра. «У ходзе баявых дзеянняў за суткі ліквідаваны 52 акупанты, а агульныя страты праціўніка склалі 80 чалавек», — напісаў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі ў Telegram.
Па словах генерала, ён з'ездзіў да ўкраінскіх абаронцаў на Дабрапольскі кірунак, дзе працягваецца контрнаступальная аперацыя. Там ён з камандзірамі ваенных часцей прааналізаваў выкананне канкрэтных задач. Таксама Сырскі канкрэтызаваў задачы з улікам актуальнай сітуацыі і падкрэсліў неабходнасць захавання жыццяў украінскіх ваяроў.
«Нашы сілы абароны рассеклі так званы "Дабрапольскі выступ" праціўніка і робяць усё, каб нанесці расійскім акупантам максімальныя страты», — паведаміў галоўнакамандуючы. Паводле яго, за час украінскага контрнаступу ўдалося вызваліць 177,8 квадратнага кіламетра тэрыторыі. Яшчэ 198,9 квадратнага кіламетра былі зачышчаны ад дыверсантаў. Расіяне страцілі 3320 чалавек, сярод якіх беззваротна — 1864.
* * *
Расійскія войскі ўначы 2 кастрычніка атакавалі беспілотнікамі чыгуначную інфраструктуру ў розных рэгіёнах Украіны, у выніку чаго прыпыняўся рух цягнікоў, адзін машыніст у Адэсе атрымаў раненні. З-за атакі некаторыя цягнікі Чарнігаўскага і Сумскага кірунку ідуць з затрымкай.
З-за расійскіх удараў на Сумшчыне без святла засталіся Канатопскі і Шосткінскіраёны.
На Кіеўшчыне ў выніку атакі ў Бучанскім раёне загарэўся непрацуючы санаторый, 50-гадовы мужчына атрымаў асколачнае раненне правай галёнкі.
Расіяне нанеслі ракетны ўдар па жылым квартале ў горадзе Балаклея Харкаўскай вобласці. Адзін чалавек загінуў, яшчэ дзевяць пацярпелі.
* * *

* * *
Па даных The Wall Street Journal, ЗША дадуць Украіне разведданыя для магчымасці ажыццяўлення ўдараў дальнабойнымі ракетамі па энергетычнай інфраструктуры Расіі.
Па словах амерыканскіх чыноўнікаў, Штаты падзеляцца разведданымі, паколькі адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа разглядае магчымасць прадастаўлення Кіеву дальнабойнай зброі, якая дазволіць паражаць больш цэляў на тэрыторыі Расіі.
Паводле інфармацыі WSJ, амерыканскія чыноўнікі просяць саюзнікаў па NATO аказаць аналагічную падтрымку.
* * *
Краіны G7 заявілі пра ўзмацненне абмежаванняў супраць Расіі і асноўных пакупнікоў яе нафты, каб скараціць даходы, якія ідуць на фінансаванне вайны ва Украіне. Пра гэта ідзе гаворка ў сумеснай заяве G7, апублікаванай на сайце ўрада Канады.
Міністры фінансаў G7 пасля сустрэчы анлайн абнародавалі заяву, што яны «дамовіліся прыняць сумесныя меры для ўзмацнення ціску на Расію з мэтай спынення яе жорсткай вайны супраць Украіны і падтрымкі Украіны ў яе намаганнях па самаабароне». «Далейшыя эскалацыйныя дзеянні Расіі, уключаючы парушэнне паветранай прасторы NATO, узмацненне атак на грамадзянскае насельніцтва і пашкоджанне ўрадавых і дыпламатычных будынкаў ва Украіне, з'яўляюцца непрымальнымі і падрываюць намаганні па дасягненні міру», — гаворыцца ў заяве.
Міністры адзначаюць, што сярод мер узмацнення ціску на Расію – «скаардынаванае выкарыстанне поўнай вартасці замарожаных актываў РФ». Акрамя таго, дзеянні G7 будуць нацэлены на тых, хто «працягвае павялічваць аб'ёмы закупкі расійскай нафты пасля ўварвання ва Украіну, і на тых, хто садзейнічае абыходу санкцый».
* * *
Еўрапейскі Саюз плануе ўвесці больш жорсткія абмежаванні ў дачыненні да Расійскай Федэрацыі, якія будуць уплываць на тры ключавыя сферы, заявіла прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен у сацсетцы Х.
Па выніках неафіцыйнага еўрапейскага саміту ў Капенгагене яна адзначыла, што прыйшоў час узмацніць ціск на Расію, і з гэтай мэтай ЕС прапанаваў новы падыход да санкцый. «Мы больш не прапануем паэтапныя санкцыі, а прапануем значна больш жорсткія меры ў дачыненні да энергетыкі, фінансавых паслуг і гандлю», — сказала фон дэр Ляен.
Прэзідэнтка Еўракамісіі дадала, што гэта частка 19-га пакета санкцый, які абмяркоўваецца прама цяпер.
* * *
Французскі спецназ непадалёк ад узбярэжжа краіны захапіў расійскі нафтавы танкер, з якога, верагодна, запускалі дроны над Еўропай, паведамляе Le Parisien.
«Расійскі танкер прыбыў да ўзбярэжжа Францыі ў панядзелак. Ёсць падазрэнне, што ён належыць да расійскага "ценевага флоту" і адыграў пэўную ролю ў падазроных палётах дронаў над Даніяй у апошнія дні», — піша выданне.
Судна абыходзіла санкцыі праз продаж расійскай нафты, акрамя Еўрапейскага Саюза знаходзіцца пад санкцыямі Канады, Швейцарыі, Новай Зеландыі і Вялікабрытаніі. Цяпер яно падазраецца ў тым, што ў перыяд 22–25 верасня выкарыстоўвалася як платформа для запуску дронаў каля Даніі, калі невядомыя БПЛА праляталі над аэрапортам Капенгагена.
244-метровы танкер, пабудаваны ў 2007 годзе, неаднаразова мяняў назву і сцяг, па чарзе рэгіструючыся ў Габоне, Маршалавых астравах і Манголіі.
«Гэта "ценевае судна" расійскага флоту, якое ішло пад сцягам Беніна, з панядзелка знаходзіцца паблізу тэрытарыяльных вод Францыі, каля ўзбярэжжа Сен-Назэра (Луара-Атлантыка). Згодна з вэб-сайтам Marine Traffic, 20 верасня танкер выйшаў з Прыморска (Расія) і, як чакалася, 20 кастрычніка павінен быў дасягнуць Вадзінара (Індыя)», — адзначае СМІ.