За допісы супраць вайны затрыманы адзін з самых паспяховых бізнесоўцаў Гомельшчыны
Пётр Старацітараў — адзін з саўладальнікаў групы кампаній «Лотас», адзначае «Н*ша Ніва». Яму 65 гадоў, ён жыве ў Мазыры.
Мужчына выпусціўся з Крыварожскага горна-руднага інстытута і ў савецкі час працаваў у «Мазырпрамбудзе». Нават быў адным з кіраўніком камсамолу на прадпрыемстве. А ў 1992 годзе ён з сябрамі стварыў кампанію «Лотас» і дагэтуль з'яўляецца яе саўладальнікам.
Пачалі яны з
вытворчасці мэблі. Праз некалькі гадоў кампанія стала адной з найбуйнейшых у
Мазыры. Яна займаецца вытворчасцю жалезабетонных канструкцый, бетонных блокаў,
вокнаў і дзвярэй, а таксама мае ўласны кар'ер каля Мазыра і ажыццяўляе
перавозкі па Беларусі і замежжы.
«Лотас» мае два
замежныя філіялы — у Навазыбкаве і каля Масквы.
У беларускай
кампаніі працуе больш за 500 чалавек.
Старацітараў
атрымліваў граматы-падзякі ад выканкама, яго ўключалі ў топы бізнесоўцаў
Гомельшчыны, яму дзякавала Праваслаўная царква, а дзяржаўная прэса казала пра
кампанію як «пункт росту раёна». Праўда, быў за ім «грашок» — у 2016 годзе яго
затрымлівалі за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць», але ўсё скончылася
добра.
У выніку мужчыну
затрымалі за антываенныя допісы ў фэйсбуку, якія быццам бы «абражалі
Лукашэнку». Губазікаўцы сцвярджаюць, што яму пагражае крымінальная справа за
«распальванне варожасці» — то-бок, да 5 гадоў турмы.
Гэта не першы выпадак, калі за пратэсныя настроі альбо антываенную пазіцыю ў Беларусі затрымліваюць па крымінальных абвінавачваннях паспяховых прадпрымальнікаў. У прыватнасці, напрыканцы мінулага года быў затрыманы адзін з найлепшых у краіне рэпетытараў Яўген Лівянт. Разам з ім пад варту ўзялі ягоную жонку і дачку з зяцем. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе, усе яны прызнаныя палітвязнямі.