«Адмовы ад палітыкі рэпрэсій не будзе»
Ад Лукашэнкі часта можна пачуць заявы пра «гуманнасць дзяржавы» і «гатоўнасць дараваць» тым, хто «спатыкнуўся». Для дэманстрацыі гатоўнасці перагарнуць старонку нават стварылі цэлую камісію. Але пра што гэта на самай справе?
Адмысловая камісія для «падтрымання грамадзянскай згоды, забеспячэння рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод беларускіх грамадзян» была створаная пасля падпісання Лукашэнкам адпаведнага ўказа — аб вяртанні тых, хто з'ехаў. У гэтую камісію маюць права звярнуцца беларусы, якія «здзейснілі ў перыяд з 1 студзеня 2020 года да ўступлення ў сілу ўказа адміністрацыйныя правапарушэнні або злачынствы пратэснай скіраванасці і асцерагаюцца вяртання ў краіну ў сувязі са сваёй магчымай датычнасцю да здзяйснення такіх правапарушэнняў, злачынстваў». Для таго, каб вярнуцца, людзям прапануецца падаць у камісію адпаведны зварот, які будуць разглядаць такія персанажы, як Азаронак, Мукавозчык, Церцель, Баскаў, Гара і г. д.
Што азначае ўвесь гэты «дзяржаўны цырк» і ў чым прычыны такога атракцыёну нябачанай шчодрасці, разбіралася «Нямецкая хваля».
Ад стану эканомікі да жаданняў Лукашэнкі
Прычын для прыняцця ўказа некалькі: і аб'ектыўны стан грамадства і эканомікі, і асабістыя жаданні Лукашэнкі, лічаць эксперты.
«Сітуацыя падштурхоўвае да таго, каб улады спрабавалі вырашыць гэты крызіс. Дзяржсістэма ў Беларусі жыве ў стане перанапружання. Гэта і нелаяльнасць насельніцтва, і рэпрэсіі, і радыкалізацыя грамадства, — тлумачыць аналітык «Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі» Андрэй Ягораў. — Ёсць недахоп прафесійных кадраў у медыцыне. У частцы дзяржарганізацый скарацілі некаторыя паўнамоцтвы, не хапае кампетэнтных супрацоўнікаў. Законы пішуцца крыва. У знешняй палітыцы ў плане дыпламатыі чорт ведае што дзеецца. Камунікацыя з грамадствам вядзецца тапорна».
Дарэчы, створаны на сайце Генпракуратуры раздзел «Камісіі па разглядзе зваротаў грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой» аказаўся недаступны для прагляду з-за мяжы. «Не ад добрага жыцця Лукашэнка падмахнуў гэты ўказ, — згаджаецца палітычны аналітык праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі. — Думаю, прадстаўнікі эканамічнага блока разумеюць, што перагнулі палку з выштурхоўваннем людзей за мяжу. Спачатку радаваліся, цяпер спахапіліся. Адных айцішнікаў з'ехалі дзясяткі тысяч, плюс дактары, інжынеры — і гэта ўжо б'е па эканоміцы».
«Шызафрэнічная палітыка» ў дачыненні да тых, хто з'ехалі
Але ўлады адной рукой людзей завабліваюць, а другой — быццам адштурхваюць. Тут замяшаныя і асабістыя матывы, лічыць Класкоўскі: «Лукашэнка хоча выглядаць пераможцам, а ўмовы, якія ён выстаўляе, — гэта капітуляцыя яго праціўнікаў. Яны апранутыя ў форму ўказа, але выглядаюць як здача ў палон».
Паводле ацэнкі аналітыка, Лукашэнку не падабаецца раскол у грамадстве, але прымірэнне — гэта пагроза ўладзе: «Лукашэнку некамфортна сядзець на штыках, ён па натуры папуліст, настальгуе па часах, калі ў яго была шырокая падтрымка. Ён хацеў бы згладзіць супярэчнасці ў грамадстве, але разумее, што пачаць адкручваць гайкі, пайсці на дыялог — гэта крах рэжыму». Адсюль, паводле выразу Класкоўскага, і «шызафрэнічная палітыка» ў гэтай сферы: «З аднаго боку, мы робім крок насустрач, мы велікадушныя гуманісты. А з другога — паўзіце на каленях, а мы яшчэ паглядзім».
«Акрамя таго, набліжаюцца выбары, іх улады таксама баяцца», — дадае Ягораў. На 25 лютага 2024 года прызначаныя выбары ў парламент і мясцовыя саветы. Гэта будзе першая электаральная кампанія з 2020 года. Яшчэ адна з мэтаў уладаў, паводле слоў Ягорава, — раскалоць дыяспару, у першую чаргу, вярнуць палітычных «неафітаў». «Лукашэнка малюе лідараў апазіцыі прагнымі, крыважэрнымі людзьмі, якія грошы дзеляць. Разлік, што шараговыя актывісты азлобяцца — і кагосьці гэта падштурхне вярнуцца: "Паеду ў родную дыктатуру, авось пашкадуюць!"», — удакладняе Класкоўскі.
«Не думаю, што лік пойдзе нават на сотні»
У камісію па вяртанні ўключаны 26 чалавек, узначаліў яе генпракурор Андрэй Швед. «Сілавыя структуры, ідэалагічны блок — для агульнага кантролю. Астатнія — па прафесійных сферах: за мідаўцаў адказваюць мідаўцы, за медыкаў — медработнікі, за НДА — дзяржарганізацыі. Асноўная праблема гэтай камісіі — у яе няма прававых падстаў», — паказвае Андрэй Ягораў.
На яго думку, калі б улады шукалі прымірэння, то быў бы ўказ аб вызваленні ад адказнасці людзей, якія ўчынілі правапарушэнні па пэўных артыкулах Крымінальнага кодэкса. «Уключэнне сілавікоў у камісію паказвае, што адмовы ад палітыкі рэпрэсій не будзе. І нават калі камісія камусьці даруе, праз нейкі час да чалавека могуць пагрукаць у дзверы, а то і іх выламаць», — папярэджвае Аляксандр Класкоўскі.
Ці многія вырашаць вярнуцца ў такіх умовах? Генпракуратура адчыталася: ужо ёсць першыя запыты! Маўляў, 35-гадовая мінчанка цікавіцца вяртаннем. Аказалася, што ліст напісала рэдактарка тэлеканала «Белсат», які ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем». У лісце журналістка сказала, што каяцца ёй няма ў чым, але спытала, ці ёсць у дачыненні да яе адміністрацыйная або крымінальная справа.
«Але я не выключаю, што хтосьці адгукнецца, бо розныя людзі з'язджалі. Хоць не думаю, што лік пойдзе нават на сотні», — прагназуе Андрэй Ягораў. Тым часам дзяржапарат ужо запрацаваў: да сваякоў гомельскага актывіста Барыса Анікеева пасля прыняцця ўказа прыйшлі дзве жанчыны з бэйджамі Камісіі вяртання пры аблвыканкаме, напісаў Telegram-канал «Позірк». Яны паведамілі, што Анікееву абвешчаная амністыя (пры тым, што асуджаны ён не быў) і трэба, каб ён вярнуўся, «падаў прыклад».
«Калі прынята рашэнне — павінны выконвацца прагнозныя паказчыкі! А калі тых, хто пакаяўся, няма, значыць, трэба падключыць рэпрэсіўна-кантрольны апарат. "План па вяртанні" — так працуе сістэма», — іранізуе Ягораў.
Указам адцягваюць увагу ад палітвязняў?
Абмяркоўваюць у беларускім грамадстве і канспіралагічную версію з'яўлення ўказа і камісіі: гісторыя з вяртаннем тых, хто з'ехалі, задуманая, каб адцягнуць увагу ад праблемы палітвязняў. Некаторых з іх — пад шум пакаянняў тых, хто якія вярнуліся на радзіму, — пусцяць, а Захаду ўсё гэта ўлады пададуць як дыялог і крок насустрач патрабаванням ЕС і ЗША.
Аляксандр Класкоўскі ў такую шматхадоўку не верыць: «Сумняваюся, што беларуская ўлада здольная на такія тонкія гульні. Хоць на пэўны піяр-эфект там разлічваюць. У выпадку асечкі з гэтай ініцыятывай, якая, хутчэй за ўсё, скончыцца пшыкам, Лукашэнка зможа сказаць: "Глядзіце, я зрабіў гуманны жэст, а яны не ацанілі, сволачы"».