«Ты будзеш вяртацца да людзей, у якіх праблемы з захаваннем сваіх жа законаў і з чалавечнасцю»

Што думаюць беларусы, якія вымушаныя былі з'ехаць, пра ўказ Лукашэнкі і «камісію па вяртанні» і ці збіраюцца людзі вяртацца, разбіралася «Бі-бі-сі».

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Улады абвясцілі пра маштабную праграму вяртання беларусаў, якія вымушаныя былі ўцякаць з краіны ад масавых рэпрэсій. Вырашаць, хто можа вярнуцца і не панесці пры гэтым пакаранне за ўдзел у дэманстрацыях, будзе камісія на чале з генпракурорам; яе большая частка — гэта сілавікі і прапагандысты. Эксперты тлумачаць такую нечаканую ідэю недахопам высокакваліфікаваных кадраў. Самі эмігранты прапанову ўладаў лічаць здзекам: пераслед іншадумцаў тут ідзе ў штодзённым рэжыме, піша «Бі-бі-сі».

Аляксандр Памідораў — вядомы ў Беларусі музыкант, журналіст і дыджэй. Пасля пратэстаў 2020-га, звальнення і двух адміністрацыйных тэрмінаў ён з'ехаў у Польшчу.

Прапанову беларускіх уладаў да палітычных эмігрантаў вярнуцца ён — як і многія іншыя падзеі ў краіне — каментуе савецкімі анекдотамі. У адным з іх двое вайскоўцаў трапілі на афганскай вайне ў палон да амерыканцаў. Адзін вырашыў застацца, а другі — вярнуцца. Першы папрасіў другога: калі ўсё будзе добра, дашлі ліст з фотаздымкам. Калі ўсё будзе дрэнна — дашлі ліст з фотаздымкам, дзе ты з цыгарэтай. Праз некаторы час пакінуты ў ЗША атрымаў ліст ад калегі, у ім — ідылічны расповед пра вяртанне, а на фота ў кожнай руцэ яго сябра — па пачку цыгарэт.

Беларускі зыход

Дакладных звестак пра тое, колькі беларусаў пакінулі краіну з 2020 года, няма. На сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі ў адкрытым доступе няма даных пасля 2019 года.

ПАСЕ ацэньвае колькасць уцекачоў з роскідам ад 200 тыс. да 500 тыс. чалавек. Польшча і Літва за дзевяць месяцаў 2021 года сумесна выдалі беларусам 16 тыс. гуманітарных віз (для параўнання: за ўвесь 2019-ты Польшча выдала сем такіх віз палітычным уцекачам).

Выданне Dev.by, прысвечанае IT-сектару, ацэньвае колькасць спецыялістаў, якія з'ехалі, у 16-23 тыс.

Людзей, якія з'ехалі ў бязвізавыя для беларусаў краіны накшталт Украіны, Арменіі і Грузіі, засталіся там ці перабраліся кудысьці яшчэ, падлічыць практычна немагчыма. Як і тых, хто з'ехаў з ужо дзеючымі візамі ў розныя краіны Еўропы і свету. Але ў любым выпадку для Беларусі з яе насельніцтвам у 9,2 млн чалавек гэта вельмі вялікі адток.

Эмігранты падымаюцца з каленяў

Яшчэ зімой і летам 2022 года Лукашэнка гаварыў пра палітычных эмігрантаў з Беларусі хутчэй паблажліва: «Ужо пішуць адкрыта, хочуць назад вярнуцца. Вось калі б Аляксандр Рыгоравіч дараваў і адкрыў мяжу, 95% вярнуліся б. Я не супраць: хто ў турму, хто куды, хто што заслужыў. Трэба вяртацца. Вы там не прыжывецеся».


Але ўжо 6 лютага 2023-га ён падпісаў указ аб стварэнні камісіі, якая будзе разглядаць звароты мігрантаў, якія жадаюць вярнуцца на радзіму. Лукашэнка сказаў, што паглядзець трэба не толькі на тых, хто з'ехаў, але і на тых, хто «сядзіць пад плінтусам, ведаючы, што мы іх знойдзем». Гэтая праца ўскладзена на генпракурора Андрэя Шведа.

Той адразу ж пачаў расказваць беларускім дзяржаўным СМІ, пра што ідзе гаворка. Адразу ж стала зразумела, што лідарам апазіцыі вярнуцца і не трапіць у турму будзе немагчыма. Ва ўказе гаворыцца, што ствараецца спецыяльная камісія, якая пасартуе ахвотных вярнуцца беларусаў-эмігрантаў па трох катэгорыях:

  • тыя, хто шчыра памыляюцца, што на іх адрас у сілавікоў ёсць прэтэнзіі, хоць насамрэч іх няма;
  • тыя, хто здзейсніў нязначныя правапарушэнні, але думае, што яны значныя;
  • тыя, хто здзейсніў злачынствы ў ходзе пратэсных выступаў, але гатовы пісьмова раскаяцца ў гэтым.

Дзвюм катэгорыям грамадзян Андрэй Швед паабяцаў пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

Камісія па пытаннях «свіней» і «здраднікаў»

Спецыяльную камісію па «вяртанцах» узначаліць сам Швед. Акрамя яго, туды ўвойдуць 26 чалавек, і яе склад выглядае не самым бесстароннім. Сярод удзельнікаў камісіі:

- прапагандыст Рыгор Азаронак. Называў эмігрантаў у эфіры дзяржканала «свіннямі», «юдамі», заклікаў іх вяртацца ў Беларусь паўзком;

- кіраўнік МУС Іван Кубракоў і кіраўнік КДБ Іван Церцель. Абодва ведамствы актыўна разганялі мірныя дэманстрацыі. Падчас разгонаў забітыя мінімум 12 чалавек;

- прапагандыст Яўген Пуставы. Ён гаварыў пра апазіцыянераў: «У турэмных тэрмінаў ёсць канец, у здрады няма дна».

- экс-кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрый Баскаў. Падазраецца ў датычнасці да забойства мінчука Рамана Бандарэнкі.

- былы член штаба кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі Юрый Васкрасенскі. Супраць яго самога заведзеная крымінальная справа аб масавых беспарадках, але ён на волі і з канца 2020-га года заклікае раскаяцца праціўнікаў рэжыму, якія знаходзяцца ў турмах.

Мяркуецца, што яны будуць абмяркоўваць кандыдатуры жадаючых вярнуцца, а потым адкрытым галасаваннем вырашаць, вартыя яны таго ці не. У выпадку, калі вартыя, камісія выпіша грамадзяніну спецыяльны дакумент, які гарантуе яму бяспечнае перасячэнне беларускай мяжы.

Канец «чаркі і шкваркі»

Паводле стану на 10 лютага вядома пра адну заяву, пададзеную ў камісію. Прадстаўніца Генпракуратуры ў тэлеграм-канале ведамства напісала, што заява паступіла ад жанчыны, якая не паказала ўсіх патрэбных даных, таму яе заява разгледжаная не будзе.

Неўзабаве высветлілася, што заяву напісала журналістка тэлеканала «Белсат» Вольга Ярохіна. Яна вырашыла, паводле яе слоў, пратэставаць сэрвіс і задала пытанне: «Ці ёсць супраць яе на радзіме нейкія крымінальныя і адміністрацыйныя справы». Нагадаем, што яе калега Кацярына Андрэева адбывае ў Беларусі восем гадоў строгага рэжыму за «здраду дзяржаве».


Павел Лібер да 2020 года працаваў у буйной IT-кампаніі ў Мінску, а пасля стварыў платформу «Голас» гэтай камандзе ўдалося атрымаць звесткі апрацоўкі 550 тыс. бюлетэняў на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Яны сведчылі пра тое, што рэальныя вынікі заўважна адрозніваюцца ад афіцыйных не на карысць Аляксандра Лукашэнкі. Зараз Лібер працягвае ствараць анлайн-сэрвісы для беларусаў у эміграцыі.

«У маім коле няма людзей, якія ўспрынялі б сур'ёзна гэтую ідэю аб вяртанні, а склад камісіі можа быць толькі аб'ектам для кпінаў, — кажа ён. — У Беларусі з 2020-га года адначасова ствараюцца нейкія дыялогавыя пляцоўкі, толькі людзей працягваюць біць і саджаць».

«Мы абсалютна несур'ёзна разглядаем гэтую прапанову, — сказала эмігрантка, якая з'ехала ў Грузію. Яна прасіла не называць яе імя. — Абсалютная большасць палітычных эмігрантаў не парушалі беларускіх законаў, а цяпер ім пісаць яўку з павіннай?! Але гэта будзе хлуслівае пакаянне, а затым ты прыедзеш да людзей, у якіх велізарныя праблемы з захаваннем сваіх жа законаў і з чалавечнасцю ў цэлым».

Дыджэй і журналіст Аляксандр Памідораў добра памятае, як прапаганда ў савецкія часы выкарыстоўвала тых, хто вярнуўся. Цяпер, упэўнены ён, будзе тое ж самае.

«Павёўшыся на прапаганду заходніх — польскіх і англасакскіх — цэнтраў, гэтыя людзі пакінулі родны край, сінявокую Беларусь. Здзейснілі — але, магчыма, ненаўмысна — свой праступак», — цытуе ён уяўны рэпартаж пра эмігрантаў, якія раскаяліся.

Сам ён цяпер у Польшчы і таксама вяртацца не збіраецца: людзі з IT-сферы з'язджаюць «цэлымі прадпрыемствамі»; з'язджаюць артысты, на музыкаў складаюць «чорныя спісы».

«Ёсць некалькі матываў для такой шумнай і пампезнай кампаніі па вяртанні, — кажа беларускі палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. — З'ехалі людзі прасунутыя і адукаваныя, IT-сфера, лекары, інжынеры. Гэта стала біць па эканоміцы і сацыялцы. Прасунутыя людзі ва ўрадзе сталі звяртаць на гэта ўвагу правадыра».

З іншага боку, працягвае Класкоўскі, гэта, магчыма, трэба і самому «правадыру» вялікай лаяльнасці пасля 2020 года ён не дамогся: «Ён хацеў бы вярнуць тую электаральную падтрымку, якую ён меў "за чарку і шкварку" [адзін з крылатых выразаў Лукашэнкі], але грамадства вырасла, людзі хочуць свабоды і сумленных выбараў. Грамадства перарасло рэжым, і ён трапіў у пастку — трэба і гайкі змякчыць, і не падаць знак сілавікам, якія такімі тэмпамі падумаюць, а ці не пасадзяць іх і саміх хутка за перагіны».

«Таму і крок у Лукашэнкі атрымаўся фальшывы, знарочыста дэкаратыўны. Вяртанне не гарантуе ад новага тэрміну», — рэзюмуе палітаглядальнік.