«Чым хутчэй сістэма прагніе знутры, тым хутчэй адбудуцца змены»

Праваабаронца Алена Маслюкова — пра пераслед адвакатаў і наступствы «прававога дэфолту» ў краіне.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Рэпрэсіі ў Беларусі, фактычна, знішчылі інстытут адвакатуры як такі. Пераследу падвяргаюцца і праваабаронцы — нават нобелеўскія лаўрэаты. У краіне даўно «не да законаў», і пра тое, якія наступствы будзе мець такая палітыка, разважае праваабаронца Алена Маслюкова.

— Мінус чатырыста адвакатаў за два гады — мякка кажучы, змрочны вынік.

— Так, безумоўна. Але трэба разумець, што мы гаворым пра дзяржаву, кіраўнік якой ужо дзесяцігоддзі запар лічыцца нелегітымным у цывілізаваным свеце, які ўзурпаваў уладу і які выказаў «каронны» пастулат «не да законаў».

Адштурхоўваючыся ад гэтага выказвання, мы бачым абсалютную прававую дэградацыю ў Беларусі.

Працэс быў запушчаны з першым вітком масавых рэпрэсій, катаванняў і жорсткага абыходжання з людзьмі, якія мелі іншыя погляды на дэмакратыю Беларусі, на права мець голас і свабодна выказвацца, выходзіць на мірныя акцыі пратэсту і бараніць свае правы — у прынцыпе, любыя правы, гарантаваныя Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека і замацаваныя, прынамсі, у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Тое, што адбываецца сёння з адвакатамі — гэта толькі адзін з сегментаў, адзін з кірункаў, па якіх улада працягвае ціснуць на грамадства, імкнучыся задавіць любую альтэрнатыўную думку і пазбавіць людзей магчымасцей бараніць і сябе, і родных, і наогул свае правы.


У любой нармальнай дэмакратычнай краіне існуе інстытут адвакатуры, які абсалютна незалежны і галоўная задача якога — абараняць сваіх падабаронных у межах дзеючага заканадаўства.

Калі ў Беларусі толькі пачалі заводзіць вялікую колькасць крымінальных спраў палітычнай афарбоўкі, у адвакатаў яшчэ былі інструменты для таго, каб гэта рабіць. Але чым больш раскручвалася спіраль рэпрэсій, тым большым рабіўся і ціск на адвакатаў і праваабаронцаў.

На жаль, зазначае Алена Маслюкова, беларуская дзяржава мае механізмы, каб досыць лёгка пазбавіцца адвакатаў. Сярод такіх рычагоў — пазбаўленне ліцэнзій, неатэстацыя кваліфікацыйнай камісіяй, а таксама, па сутнасці, пазбаўленне права на прафесію, і, нарэшце, крымінальны пераслед саміх абаронцаў.

— І першай пад удар трапіла менавіта тая частка адвакатуры, якая сапраўды працавала сумленна, тыя, хто сапраўды абараняў падабаронных, прафесійна вёў справы, паказваў сістэме ўсе парушэнні, якія здзяйсняліся, выкрываў хібы следства. Іх пачалі прапускаць праз сіта разнастайных камісій, што знаходзілі падставы, каб пазбавіць чалавека працы.

— На вашу думку, што чакае сістэму далей, калі «зачысткі» і адток прафесіяналаў працягнуцца? На пасяджэнні БРКА прызналі кадравую праблему і заявілі, што вырашаць яе плануюць за кошт маладых — чытай, лаяльных. Выціснуць сумленных, набяруць лаяльных — а што далей?

— Чамусьці прыгадваецца класічная карціна «Здзіранне скуры з прадажнага суддзі» Герарда Давіда, — усміхаецца Алена Маслюкова. — Не ў літаральным сэнсе, маю на ўвазе. Калі сістэма рыхтуе і выхоўвае такую «прадажную» замену, то гэта праблема самой сістэмы у вельмі блізкай будучыні. Чым больш хібаў у ёй ёсць, тым хутчэй яна рухне.

Колькі выбудоўвалася сістэма, у тым ліку судовая, у СССР? Але ўсё ж яна сама сябе знішчыла. Тое самае адбудзецца і ў Беларусі. І гэта не пытанне 70-гадовай перспектывы, усё будзе адбывацца значна больш імкліва.

Чым хутчэй сістэма прагніе знутры, што яна зараз і робіць, тым хутчэй адбудуцца змены. Галоўнае, каб грамадства было гатова да дэмакратычных перамен, прызнавала і прымала дэмакратычныя каштоўнасці і правы чалавека, ведала механізмы абароны гэтых самых правоў.


Пастаянна сутыкаючыся з гэтым пеклам, думаеш: да якой ступені тое, што адбываецца, можа быць сюрэалістычным? Гэта нават не выварат рэальнасці, а як быццам з цябе скуру садралі і вывернулі яе трыццаць пяць разоў, і нават выпаласкаць яе немагчыма, каб назад апрануць чыстую.

Але ўсё-ткі надзея на перамены ёсць, бо чалавечае цярпенне не бясконцае. Аптымізму мне прыдае той факт, што ў гісторыі чалавецтва ўсе створаныя імперыі рана ці позна распадаліся, усе дыктатуры заканчвалі свой век поўным крахам і правалам.

Цалкам пачытаць інтэрв'ю з Аленай Маслюковай можна на «Салідарнасці».