«Бараніць правы чалавека — наш абавязак перад тымі, хто знаходзіцца за кратамі»

Быў час, калі арышты на тры-пяць сутак падаваліся о-го-го якімі рэпрэсіямі, крымінальныя справы за ўдзел у мітынгах лічыліся беспрэцэдэнтнымі. На «Чарнобыльскім Шляху — 96» перакульвалі міліцэйскія машыны, а на вуліцы Мінска тады выходзіла да 50 тысяч чалавек. Гэта была вясна 1996 года.

da6giaww4acbvej.jpg

Тады грамадства, узрушанае першымі «інтэграцыйнымі» ініцыятывамі Аляксандра Лукашэнкі таксама актыўна выказвала пратэст. І беларусы зусім не «прачнуліся ў 2020-м», выказваючы салідарнасць і падтрымку палітвязням. Менавіта тады паўстала праваабарончая супольнасць. І менавіта тады, на фоне тых рэпрэсій і арыштаў паўстала праваабарончая арганізацыя, якая першапачаткова называлася «Вясна’96».

Цяпер гэта проста «Вясна», без лічбаў. За 26 гадоў дзейнасці арганізацыі рэпрэсіі не спыняліся ніколі. Падаецца, з тых часоў не было ніводнага году, калі б у краіне не існавала палітвязняў, — пачынаючы ад першай «крыміналкі» 1996-га ў дачыненні да Юрыя Хадыкі і Вячаслава Сіўчыка, і заканчваючы сённяшнімі часамі.

«Вясна» зазнавала рэпрэсіі разам з грамадствам: варта ўзгадаць першы працэс супраць Алеся Бяляцкага ў 2011-м, калі яму прысудзілі 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці нібыта за ўтойванне падаткаў. Насамрэч, усе мы ведаем пра Плошчу-2010, «маўклівыя пратэсты» 2011-га і дзейнасць праваабаронцаў у тыя часы, якая ну нічым не адрознівалася ад сённяшняй праваабароны.

Цяпер Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч за кратамі, асуджаныя Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца, а суд над каардынатаркай валанцёрскай службы «Вясны» Марфай Рабковай, валанцёрам Андрэем Чапюком, палітзняволенымі актывістамі анархісцкага руху Акіхірам Гаеўскім-Ханадам, Аляксандрам Францкевічам, Аляксеем Галаўко, Аляксандрам Казлянкам, Паўлам Шпетным, Мікітам Дранцам, Андрэем Марачам, Данілам Чулем пачаўся днямі.

poster2_freeviasna.jpg

Шмат актывістаў «Вясны» пакінулі краіну ў мэтах бяспекі. Але сваё 26-годдзе арганізацыя сустракае не ў «разабраным стане». «Вясна» працягвае дзейнічаць, пацвярджаючы выснову, што для праваабароны няма межаў.

— Беларускія ўлады максімальна хаваюць усё, што датычна «Вясны», адзначае праваабаронца Алена Маслюкова. — Суд над Марфай Рабковай зрабілі закрытым. Мы мяркуем, што справа «Вясны» мусіць быць закрытая да лета. Але ці адбудзецца так — невядома.

— Арганізацыя падышла ў 26 год сваёй дзейнасці як «экстрэмісцкая», так яе вызначылі ўлады. Недзяржаўныя СМІ вымушаныя не згадваць яе назву, кажучы проста пра «праваабаронцаў». Ці не дадае гэта нязручнасцяў?

— «Вясна», як працавала, так яна і працуе. Калі дзяржава прызнае праваабарончую арганізацыю «экстрэмісцкай», гэта праблема дзяржавы, а не праблема арганізацыі. Канешне, каб чальцы праваабарончага цэнтру знаходзіліся ў Беларусі, гэта было б небяспечна. Але нам гэта не перашкаджае працаваць альбо з брэндам «Вясна», альбо без гэтага брэнду. «Вясна» вельмі шмат зрабіла для беларускага грамадства, і гэта настолькі вядомая арганізацыя, што людзі, калі звяртаюцца па дапамогу, разумеюць, што звяртаюцца ў праваабарончы цэнтр «Вясна». Мяне, напрыклад, увогуле не бянтэжыць, як кажуць: «Алена Маслюкова, праваабарончы цэнтр “Вясна”», альбо проста «праваабаронца Алена Маслюкова». У сваім рэгіёне, дзе я працую, мяне ведаюць і так, і так. І ведаюць, калі звярнуцца да мяне па дапамогу — людзі абавязкова яе атрымаюць.

— А як людзі звяртаюцца па дапамогу, калі большасць чальцоў арганізацыі знаходзяцца па-за межамі краіны?

— Ведаеце, адна дзяўчына неяк ляцела ў самалёце, а побач з ёй сядзела бабуля, І тая бабуля ў размове казала: «Дзетачка, ты ведаеш, што існуе інтэрнэт? Ты ведаеш, што гэта такое?» Гэта, канешне, вельмі смешна, калі жанчына сталага веку распавядае маладой выкладчыцы, што такое інтэрнэт.

Тое ж адбываецца і цяпер. Свет адкрыты. Мы маем сувязь праз інтэрнэт, і пракансультаваць чалавека, даць яму параду, адшукаць адваката — гэта нескладана зрабіць пры сродках камунікацыі, якія існуюць у цяперашні час. Праваабарона не азначае, што мы павінны прыйсці да чалавека ў хату і сядзець побач з ім. Можна ўсё рабіць анлайн, дыстанцыйна, таму гэта не замінае ні нашай працы, і не замінае тым людзям, якія знаходзяцца ў Беларусі і могуць да нас звяртацца. Камунікацыя ёсць, і яна будзе. Толькі так мы зможам наводзіць парадак у нашай дзяржаве.

— Якія цяпер прыярытэты ў арганізацыі? Як атрымліваецца дапамагаць беларусам?

— «Вясна» — беларуская арганізацыя, мы працуем для беларусаў, для беларускіх грамадзянаў. Праваабарончы цэнтр паўставаў у часы масавых разгонаў дэмакратычна настроенай часткі беларускага грамадства. Галоўная мэта была — дапамагчы: сабраць перадачы ў СІЗА, калі людзі знаходзіліся за кратамі, дапамагчы парадамі, дапамагчы юрыдычна. Тое ж самае «Вясна» працягвае рабіць і зараз — абсалютна тое ж самае! Людзей цяпер жорстка рэпрэсуюць, парушаючы ўсе нормы беларускага заканадаўства, парушаючы ўсе нормы міжнароднага права, канвенцыі аб грамадзянскіх і палітычных правах. Зразумела, што праваабарончая арганізацыя існуе для таго, каб сказаць чалавеку: «Ты — не злачынца». А калі ты не злачынца, то ты мусіш сябе бараніць. А як ты будзеш гэта рабіць — мы раскажам, раскажам механізмы, спосабы, прыёмы абароны. І збольшага людзі так і робяць, карыстаючыся нашымі парадамі.

Так, мы самі патрапілі ў цяжкую сітуацыю. Але гэта ніяк не сапсавала імідж «Вясны». Кантакты з нашымі міжнароднымі партнёрамі захаваліся, развіваюцца, і, я спадзяюся, будуць развівацца і надалей. Адсутнасць Алеся, Леаніда, Валянціна, Уладзя не азначае, што мы павінны адступіцца ад нашай справы. Наадварот, гэта павінна зрабіць нас больш моцнымі і дапамагаць ісці да той мэты, якую мы мелі — бараніць правы чалавека. Гэта проста наш абавязак, нашае сумленне перад тымі сябрамі, якія зараз знаходзяцца за кратамі.