Маці палітзняволенай Анастасіі Кухаравай: Я выхоўвала дачку, каб яна была свабоднай

«За што?» — на гэтае пытанне 24-гадовая палітзняволеная Анастасія Кухарава не можа знайсці адказу. Дзяўчыну жорстка затрымлівалі шасцёра сілавікоў, яе збівалі і знялі з ёй «пакаяльнае відэа» толькі таму, што яна аказалася на адным з пратэставых фота.

photo_2022_04_21_18_15_11.jpg

З цягніка — у камеру

Анастасія Кухарава скончыла філалагічны факультэт БДПУ па спецыяльнасці «Руская і літоўская мовы». Ездзіла па студэнцкай праграме абмену ў Вільню і мела ўсе магчымасці там застацца, але вярнулася ў Мінск, бо вельмі любіла свой горад, у якім нарадзілася і вырасла.
Дзяўчына працавала ў менскай сярэдняй школе №2 настаўніцай рускай мовы і літаратуры, і ёй гэта вельмі падабалася, у ёй добра атрымлівалася і звальняцца яна не планавала. Пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў яна наўпрост сказала дырэктару аб фальсіфікацыі. Пасля гэтага яе звольнілі ў адзін дзень «па ўласным жаданні».
Настасся — вельмі творчая асоба. Яна піша вершы, у тым ліку японскія вершы басё, малюе, запісвае песні і ўжо шмат гадоў цікавіцца анімэ і агулам японскай культурай. Гэта яе захапленне і стала яе новай працай. У яе быў канал на TWITCH (міжнародная пляцоўка па трансляцыі відэа на гульнявую тэматыку), дзе Настасся вяла стрымы аб псіхалогіі, фільмах і камп'ютарных гульнях, агучвала анімэ, прымала ўдзел у конкурсах па стварэнні касцюмаў і вобразаў, пісала вершы, выступала на вечарах паэзіі.

photo_2022_04_21_18_15_28.jpg

Адначасова дзяўчына паступіла ў магістратуру БДПУ на факультэт псіхалогіі, пачала пісаць магістарскую дысертацыю, паспяхова здала першую сесію і на вакацыі з'ехала ў Маскву.
31 студзеня Настасся Кухарава мусіла вярнуцца ў Мінск. Апошняе паведамленне, якое яна напісала маці: «Мама, я ўжо ў Калодзішчах».
Але з цягніка Аксана дачку так і не сустрэла. Яна спрабавала датэлефанавацца да Насты, але слухаўка маўчала. Раптам па яе нумары адказаў мужчынскі голас: «Аксана Пятроўна, ваша дачка затрымана як падазраваная па крымінальным артыкуле 342, яе вязуць у РУУС. Чакайце, з вамі звяжуцца следчыя».
— Мову ў мяне адняло, але мазгі працавалі, — распавядае маці Анастасіі, якая адразу пабегла шукаць дачку ў аддзяленне міліцыі на вакзале. — Я стала думаць, што магло здарыцца, што яе забралі ў міліцыю. Напіцца яна не магла, бо не ўжывае ніякі алкаголь. З кімсьці моцна пасварыцца — таксама.
У міліцыі на вакзале Аксана даведалася, што яе затрымалі 6 супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, якія падрыхтавалі цэлую спецаперацыю. Жанчына пазваніла адвакату, тэлефон якога ведала напамяць, і заявіла ў 102 пра знікненне дзіцяці.
— Па натуры я — мама-мядзведзіца, таму, калі даведалася, што Наста ў міліцыі, думала, што зараз пайду і з усімі там разбяруся, — працягвае Аксана.
Толькі потым маці даведалася, што дачку затрымлівалі жорстка. За адмову даць доступ да тэлефона Анастасію Кухараву збівалі і абражалі. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа знялі з дзяўчынай агіднае «пакаяльнае відэа», на якім, збітая, заплаканая, шакаваная яна прызнаецца ў тым, што прымала ўдзел у маршах пратэсту.

За некалькі дзён да гэтай падзеі затрымалі грамадзянку Расіі Веру Цвікевіч. Фота гэтай дзяўчыны на фоне Стэлы і вайскоўцаў каля калючага дроту ў жніўні 2020 года трапіла на вокладку «Камсамольскай праўды». У яе тэлефоне знайшлі і іншыя фота з пратэстаў, па якіх таксама адбыліся затрыманні. На адной з фатаграфій была і Настасся, хоць з Верай Цвікевіч яна нават не была знаёмая.

У турме ставілі кропельніцы

Пасля дзесяці дзён у катавальных умовах на Акрэсціна Анастасію Кухараву перавялі ў СІЗА 1. Днямі стала вядома, што судовае пасяджэнне па яе справе адбудзецца 5 траўня ў 14.30 у судзе Маскоўскага раёна Мінска. Суд павінен быць адкрыты, таму Анастасію можна прыйсці падтрымаць.
— Яна стамілася, бо кожны дзень — адно і тое ж. Лістоў няма — толькі ад мяне і ад бабулі, таму ў яе такое ўражанне, нібыта яна пакінутая сябрамі, — распавядае пра стан палітзняволенай дачкі яе мама Аксана.
У камеры Насты 10 жанчын, яна там самая малодшая. З ёй разам сядзіць журналістка Алена Талкачова.
— Яна вельмі шчаслівая, што з ёй пазнаёмілася, без Алены было б сумна. А так — хочаш-не хочаш, але расцяжку трэба рабіць, — смяецца Аксана, распавядаючы пра няхітры побыт дачкі ў СІЗА.
Са свайго боку з волі яна таксама імкнецца разнастаіць Настассіны будні. Калісьці Аксана выкладала мастацтва, але яе звольнілі са школы за грамадзянскую пазіцыю. Аднак цяпер свае веды жанчына накіроўвае на тое, каб складаць тэматычныя заданні па мастацтве для дачкі.
— Я ў лістах ёй пішу, што трэба, каб працавалі мазгі. Але крыжаванкі дасылаць нельга, ураўненні па матэматыцы таксама, слоўніка англійскай мовы не дачакаешся. Таму дасылаю ёй заданні па мастацтве. А дачка піша: «Я нічога не ведаю пра тваё мастацтва, і каб не Лена, я б увогуле нічога не зрабіла». Я ёй сказала: «Не атрымаеш залік, калі не будзеш выконваць», — са смехам распавядае суразмоўца.

photo_2022_04_21_18_15_19.jpg

Апроч выканання заданняў, Анастасія ў зняволенні піша вершы і малюе. На пытанне, як выхаваць таленавітае дзіця, Аксана шчыра прызнаецца, што не ведае.
— Трэба любіць. Калі дзіця хоча маляваць, а не хоча танчыць, — не прымушаць. Я выхоўвала дачку, каб яна была свабоднай. Але заўсёды казала: пакуль не парушаеш межы іншага чалавека, рабі, што хочаш. Яшчэ я заўсёды яе шмат хваліла і амаль заўжды сваё «каштоўнае меркаванне» пакідала пры сабе. Бо я дала ёй жыццё, але ж я не буду за яе жыць. Я казала: «Калі ты гэта робіш, я гэта люблю. А калі не любою, то замінаць не буду». Але яна ніколі не рабіла нічога дрэннага ці асацыяльнага.
Аксана распавядае, што дачка мае баявы характар, яна мэтанакіраваная, заўжды магла адстаяць сваё меркаванне, але ніколі не была агрэсіўнай. Не адказвае на хамства хамствам. Вясёлая рагатушка, але можа быць вельмі цярплівай і шмат вытрываць.
— Яна доўгі час была донарам, у тым ліку здавала кроў без грашовай кампенсацыі. І ў яе сапсавалася формула крыві. Таму, калі ў яе крытычна падае ўзровень жалеза, яна можа губляць прытомнасць. Ёй нават ставілі кропельніцы ў турме. І яшчэ гэта выклікае скачкі настрою.  

«Не плачу і кожны дзень раблю тое, што павінна»

photo_2022_04_21_18_15_14.jpg


— Я хацела, каб Настасся засталася ў Вільні, а яна не хацела, — прызнаецца Аксана.
Сама яна таксама не хацела з’язджаць, але сітуацыя са зняволеннем Анастасіі прымусіла маці і дачку змяніць думкі на гэты конт.
Апроч таго, у Насты з’явілася расчараванне ў тых людзях, якіх яна называла сябрамі. Бо за час зняволення яны не знайшлі спосабаў падтрымаць дзяўчыну.
Па словах маці, Наста ўвесь час задае адно пытанне: «За што?».
Анастасія — адзінае дзіця, маці выхоўвала яе без бацькі, таму ў Аксаны вельмі моцная сувязь з дачкой. Перажываць расстанне для абедзвюх — тое яшчэ выпрабаванне.
— Я на таблетках, каб не антыдэпрэсанты — не ведаю, што са мной было б, — прызнаецца Аксана. — Але я ніводнага разу не плакала. Я не жалюся, проста кожны дзень раблю тое, што павінна рабіць. Не будую планаў. Пішу лісты. Падтрымліваю людзей, якія трапілі ў такую ж бяду. Яшчэ я даглядаю хлопчыка з аўтызмам. У мяне няма часу быць у роспачы. Бо, калі іначай, то што? Настасся прыйдзе — і тутака заплаканая, сівая, дрыжачая маці. І ёй яшчэ давядзецца выводзіць мяне з гэтага стану. Неяк гэта несправядліва, — заключае маці палітзняволенай.
У той жа час Аксана не змяншае болю ад зняволення дачкі. Яна гаворыць, што гэта для яе — як удар у спіну. Жанчына была падрыхтаваная, што, хутчэй, могуць прыйсці да яе, чым да Анастасіі. Падчас паслявыбарчых пратэстаў Аксану двойчы затрымлівалі, яна прайшла ў тым ліку праз жодзінскую турму. Але яна не з тых, хто «прачнуўся» ў 2020-м. Сталенне самой Аксаны прыпала на тыя кароткія часы нацыянальнага адраджэння, калі бел-чырвона-белы сцяг быў дзяржаўным. Яна ўзгадвае, што вучылася ў пазней закрытым уладамі Коласаўскім ліцэі, а аднойчы ёй нават пацалаваў руку Зянон Пазьняк.

«Мы сталі нікому не патрэбныя»

photo_2022_04_21_18_15_22.jpg


Аксане ўдалося двойчы ўбачыць дачку на спатканні. Жанчына ўсцешаная тым, што Наста застаецца сабой, на абедзве сустрэчы з мамай яна прыходзіла з рознымі цікавымі прычоскамі.
Падчас аднаго спаткання Насту ўбачыла і бабуля. Яна вельмі цяжка перажыла вестку пра зняволенне ўнучкі, тыдзень ад пад’езда не ад'язджала хуткая дапамога — сталая жанчына перанесла гіпертанічны крыз.
— У Гродзенскай вобласці ў нас жыве дзед. Ён распавядае, што засынае і бачыць перад сабой Насту. Яна нахіляецца і запытваецца: «Дзядуля, за што?». І тады ён падскоквае, і проста раве, нібы параненая жывёла.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці, Аксана не перастае паўтараць, што вельмі моцна ганарылася і ганарыцца сваёй дачкой, і заўсёды верыла ёй.
Жанчына зазначае, што яна ганарыцца ўсімі тымі людзьмі, якія аказаліся за кратамі праз свае грамадзянскія і палітычныя перакананні. На жаль, ва ўсіх іх вельмі розныя сваякі, і не ўсе іх падтрымліваюць. Таму палітвязні маюць вялікую патрэбу ў лістах салідарнасці.
— Я яшчэ хацела перадаць агульны настрой маці, жонак. Боль адзін — мы, нашы дзеці, браты, мужы — нікому сталі не патрэбныя. Як нас і не існуе. Нават фонды, створаныя менавіта дзеля дапамогі — у першую чаргу дапамагаюць Украіне. І як так? — з роспаччу заключае жанчына.
Дасылайце Анастасіі Кухаравай лісты і паштоўкі (лепш без канвертаў), а таксама грашовыя пераводы на адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА-1.
Калі вы хочаце падтрымаць сям’ю палітзняволенай, кантакты Аксаны ёсць у рэдакцыі.

Фота з архіву гераіні