«Лукашэнка застаецца ў палацы дагэтуль і «падносіць боепрыпасы» ў вайне супраць Украіны»
Палітычны аналітык і экс-дыпламат Павел Слюнькін расказаў, як восем гадоў таму ў Палацы Незалежнасці «нармандская чацвёрка» абмяркоўвала «Мінскія пагадненні» і якую сувязь гэта мае з сённяшнім днём.
11 лютага 2015 года ў мінскім Палацы Незалежнасці прайшоў саміт «нармандскай чацвёркі» і на наступны дзень быў падпісаны так званы «Мінск-2».
— У гэты дзень Пуцін, Меркель, Аланд і Парашэнка сустрэліся ў мінскім Палацы Незалежнасці, каб дамовіцца пра спыненне агню і мір ва Украіне пасля ўварвання Расіі ў 2014 годзе. Тады я быў беларускім дыпламатам і працаваў з украінскай дэлегацыяй, — піша Павел Слюнькін. — Вось мой трэд пра гэты вечар.
Давайце спачатку дадамо трохі кантэксту. Сустрэча «нармандскага фармату» ў Мінску прыцягнула вялікую ўвагу да Беларусі, якая паступова выходзіла з міжнароднай ізаляцыі і, як ні дзіўна, заняла даволі нейтральную пазіцыю ў дачыненні да вайны. Лукашэнка не прызнаў анексію Крыма і асцярожна выступіў у абарону тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Гэта дазволіла яму прадставіць Беларусь як адносна нейтральную краіну, якая можа падысці для перамоў.
Мала хто ведае, але Лукашэнка каваў жалеза пакуль горача і нават хацеў сесці за стол перамоў. Гэта, вядома, было заблакавана Германіяй і Францыяй, і ён урэшце здаўся. Пазней ён скажа, што яго роля ў тую ноч заключалася ў тым, каб «падносіць каву і боепрыпасы».
Дэлегацыі прыбылі ў Мінск 11 лютага 2015 года. І не цяжка здагадацца, хто непаважліва спазніўся.
Меркель і Аланд прызямліліся ў Мінску амаль адначасова, і канцлерка Германіі папрасіла аб сустрэчы да таго, як яны прыедуць у палац. Яны сустрэліся ў самалёце. Вядома, у самалёце Меркель. У палац яны таксама прыбылі разам.
Прэзідэнт Францыі містэр Аланд выглядаў так, быццам не ведаў, што ён там робіць. Таму ён абраў самую простую стратэгію — ішоў за Ангелай Меркель і яе інструкцыямі. Гэта можна лёгка прачытаць нават на фотаздымках таго вечара.
Пасля першага раунда перамоў кіраўнікі дэлегацый нарэшце выйшлі для групавога фота, і Лукашэнка запрасіў дэлегацыі на вячэру. Аланд з радасцю пагадзіўся, але Меркель рэзка абарвала яго, сказаўшы: «Няма часу на вячэру, мы пачынаем працаваць». І яны вярнуліся да працы.
Многія дыпламаты пыталі мяне пра гэты фотаздымак: «Якім пратакольным правілам вы кіраваліся, вызначаючы месца для сцягоў і прэзідэнтаў? Гэта не алфавітны, не кадэнцыйны парадак». У Лукашэнкі была свая патрыярхальная логіка — «дама ў цэнтры (лепшая пазіцыя), Парашэнка і Пуцін — асобна».
Перамовы працягваліся амаль 17 гадзін. Гэта быў цяжкі марафон для ўсіх. Але ў Пуціна быў свой «допінг» ад прымаючага боку. Ён быў адзіным, у каго быў пакой з ложкам проста ў палацы. Некалькі разоў ён выходзіў з-за стала са стомленым выглядам і вяртаўся праз некаторы час свежым.
Парашэнка выглядаў выматаным. Ён амаль не спаў у ноч перад Мінскам і павінен быў прыбыць у Брусель на саміт ЕС адразу пасля перамоў у Беларусі. Ён рэгулярна тэлефанаваў ва Украіну, каб атрымаць апошнія навіны з фронту і, у прыватнасці, з Дэбальцава, які падвяргаўся моцным нападам.
Ніхто не чакаў, што перамовы працягнуцца так доўга, і палац стаў выглядаць так.
Вы ўсе ведаеце пра «Мінскія пагадненні», падпісаныя той ноччу (калі не ведаеце, калі ласка, прачытайце гэты трэд ад Мары Дзюмулен). Такім чынам, я скончу гэтую тэму сваёй асабістай гісторыяй пасля гэтых размоў і тым, як дарогі жыцця могуць пераплесціся.
«Мядовы месяц» у адносінах Беларусі і Захаду скончыўся ў 2020 годзе, калі Лукашэнка сфальсіфікаваў выбары, жорстка здушыў пратэсты і ў краіне зноў з'явіліся палітвязні (упершыню з 2015 года). На знак пратэсту я звольніўся з МЗС і далучыўся да Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах (ECFR).
Крыху пазней я пераехаў ва Украіну, краіну, якую я так падтрымліваў з 2013 года, з якой працаваў падчас мінскіх перамоў і якая стала маім другім домам пасля таго, як мне давялося пакінуць Радзіму. Мой сябар і былы калега Павел Мацкевіч, які працаваў з Меркель у тую ноч і які падаў у адстаўку на знак пратэсту ў 2020 годзе, таксама быў вымушаны бегчы з Беларусі. Цяпер мы абодва працуем палітычнымі аналітыкамі.
Іншы мой сябар, Арцём Шрайбман, падчас перамоў працаваў у TUT.BY журналістам. У 2021 годзе TUT.BY быў прызнаны беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім» і знішчаны, журналістаў пасадзілі ў турму. Арцёму таксама ўдалося збегчы ва Украіну.
У ECFR я сустрэў Мары Дзюмулен, якая займалася «Мінскімі пагадненнямі», калі яна працавала ў МЗС Францыі. І Густава Грэселя, які шмат гадоў асвятляў вайну і «мінскі працэс». У 2021 годзе я пазнаёміўся з Паўлам Клімкіным, экс-міністрам замежных спраў Украіны. Гэта адбылося ўпершыню з моманту нашай першай сустрэчы той ноччу ў Мінску ў 2015 годзе.
Міністр замежных спраў Беларусі Макей памёр у лістападзе 2022 года. Меркель, Аланд і Парашэнка больш не з'яўляюцца дзяржаўнымі лідарамі.
Лукашэнка застаецца ў палацы дагэтуль. Ён «падносіць боепрыпасы» ў вайне супраць Украіны — цяпер ужо ў прамым, а не пераносным сэнсе.