Пошук «старэйшага брата»: ці выратуе Азія нашу краіну ад Расіі?

У новым выпуску аналітычнага блога «Пульс Леніна-19» старэйшы даследчык «Цэнтра новых ідэй» і былы дыпламат Павел Мацукевіч расказвае пра гісторыю «разварота на Азію» і яго перспектывы для Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Павел Мацукевіч, аналітык і былы дыпламат, лічыць, што вытокі супрацоўніцтва Беларусі з азіяцкімі краінамі трэба шукаць у часах позняга СССР. У новым выпуску «Пульса Леніна-19» старшы даследчык «Цэнтра новых ідэй» разбіраецца ў пытанні, ці сапраўды ў Беларусі ёсць «разварот на Азію» і з якога часу гэты рэгіён у знешнепалітычным прыярытэце.

Новы стары прыярытэт

Хутка споўніцца два гады гучнай аб'яве «развароту на Азію», навеянай еўрапейскімі і амерыканскімі санкцыямі. Нагадаю цытату з выступу Лукашэнкі ў Авальнай зале ў траўні 2021 года, якая сфармулявала новыя/старыя прыярытэты замежнай палітыкі Беларусі: «Не хоча Захад быць нашым суседам — не трэба... заменім няўмольна старэючую Еўропу Азіяй, што імкліва расце».

Праз год, у жніўні 2022-га, Лукашэнка ў вядомай ступені дэзавуюе свой лозунг пра замену старэючай Еўропы на Азію заявай на пасяджэнні Саўміна, што «нам ні ў якім разе нельга сыходзіць з Еўрасаюза. Гэта наш бліжэйшы сусед».

Замена такім чынам нібы была адмененая, але разварот усё роўна застаецца ў рыторыцы ўсіх датычных да афіцыйнай знешняй палітыкі і яе абгрунтавання. Мабыць, каб узмацняць большую значнасць новага/старога прыярытэту. Новыя дыпламатычныя прадстаўніцтвы, якія адкрыліся — генконсульствы ў Ганконгу, Мумбаі і Хашыміне, а таксама ўзмацненне кітайскага кірунку ў апараце МЗС за кошт аддзела Кітая, — фармальна абавязаныя развароту сваім з'яўленнем, хоць напрошваліся і прапрацоўваліся задоўга да абвяшчэння манеўру.


Азія была ў прыярытэтах знешняй палітыкі Беларусі з першых дзён здабыцця незалежнасці, а сувязі цягнуцца з часоў БССР. У савецкі час у Мінск прыязджалі лідары Індыі, Паўночнай Карэі, В'етнама і іншых азіяцкіх краін, хоць тое былі візіты ў СССР.

Аднак азіяцкі вектар у беларускай знешняй палітыцы фактычна паўстаў раней, чым у МЗС Беларусі з'явіўся аддзел, які курыруе адносіны з замежнымі краінамі, у тым ліку азіяцкімі. Упершыню такі аддзел сфармаваўся толькі ў верасні 1991 года, МЗС жа існаваў і да гэтага, яшчэ ў БССР, але без тэрытарыяльнага падраздзялення, якое займалася б двухбаковымі сувязямі. Між тым, яшчэ ў канцы лютага 1991 года ў Японію ўпершыню з візітам адправіўся прэм'ер-міністр Беларусі таго часу, дакладней — старшыня Савета Міністраў БССР Вячаслаў Кебіч.

Гэты гістарычны для беларуска-японскіх адносінаў візіт ставіў перад сабой дзве мэты: прыцягненне гуманітарнай дапамогі на фоне Чарнобыльскай катастрофы, а таксама ўстанаўленне прамых двухбаковых кантактаў з Японіяй. Кебіч быў прыняты прэм'ер-міністрам, кіраўніком МЗС, а таксама міністрам аховы здароўя і сацыяльнага забеспячэння Японіі, сустрэўся з кіраўніцтвам найбуйнейшага ў краіне дабрачыннага фонду.

Цікавасць да супрацоўніцтва была ўзаемнай. Краіны Азіі былі ў ліку першых, якія прызналі суверэнітэт Беларусі. Самай першай была Турцыя — прызнала незалежнасць Беларусі 16 снежня 1991 года. Да канца снежня за яе прыкладам рушылі ўслед такія азіяцкія дзяржавы, як Манголія, Індыя, КНДР, Тайланд, Кітай, В'етнам, Японія, Бангладэш, Паўднёвая Карэя і Пакістан.

Працэс устанаўлення дыпламатычных адносін з дзяржавамі рэгіёна таксама не прымусіў сябе чакаць, апярэдзіўшы, у прыватнасці, Расію і краіны СНД: 20 студзеня 1992 года былі ўстаноўленыя дыпадносіны з Кітаем, 24 студзеня — з Манголіяй і В'етнамам, 26 студзеня — з Японіяй, 10 лютага — з Паўднёвай Карэяй, 17 красавіка — з Індыяй.


Кітай і Індыя былі ў ліку першых 14 дзяржаў, дзе незалежная Беларусь прыняла рашэнне адкрыць свае дыпламатычныя і консульскія прадстаўніцтвы.

Першае прышэсце

Аснову беларуска-кітайскіх і беларуска-мангольскіх адносінаў заклалі афіцыйныя візіты ў Кітай і Манголію дэлегацыі Беларусі на чале са старшынёй Савета Міністраў Вячаславам Кебічам у студзені 1992 года.

Прычым Беларусь стала першай дзяржавай СНД, якая накіравала ўрадавую дэлегацыю ў Кітай да афіцыйнага ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Тое самае, мабыць, адносіцца і да Манголіі, таму што пратаколы аб усталяванні дыпадносін з Кітаем і Манголіяй былі падпісаныя якраз падчас візіту Кебіча.

З цікавага: у беларуска-кітайскім пагадненні аб устанаўленні дыпадносін Беларусь прызнала КНР «адзіным законным урадам, які прадстаўляе ўвесь Кітай», а Тайвань — яго неад'емнай часткай. У сваю чаргу, кітайскі бок, саступіўшы патрабаванню тагачаснага кіраўніка МЗС Пятра Краўчанкі, таксама зафіксаваў у гэтым дакуменце за сабой дзівосны пункт. Ні многа ні мала, а сваё абавязацельства падтрымаць намаганні Беларусі, «накіраваныя на абарону нацыянальнай незалежнасці, суверэнітэту, мірнае ўрэгуляванне шляхам перамоў пытанняў, звязаных з этнічнымі тэрыторыямі (!)».

У Кітаі беларускую дэлегацыю прынялі першыя асобы — генеральны сакратар ЦК КПК Цзян Цзэмінь, прэм'ер Дзяржаўнага савета Лі Пэн, старшыня Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Ян Шанкунь. Яшчэ з цікавага: у складзе беларускай дэлегацыі быў і Аляксандр Лукашэнка ў якасці народнага дэпутата Вярхоўнага Савета.

Візіт паклаў пачатак фарміраванню дагаворна-прававой базы з Кітаем і Манголіяй — акрамя дыпадносін з абедзвюма краінамі былі падпісаныя, у прыватнасці, пагадненні аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. У цэлым за перыяд 1992-1993 гадоў з Кітаем былі заключаныя 13 міжурадавых і міжведамасных дагавораў.

У студзені 1993 года Кітай з афіцыйным візітам наведаў старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі (фактычна, кіраўнік краіны) Станіслаў Шушкевіч, паскорыўшы, у прыватнасці, працэс адкрыцця беларускай амбасады ў Пекіне.

Для адносін з Індыяй вялікае значэнне меў візіт у Нью-Дэлі старшыні Савета Міністраў Беларусі Вячаслава Кебіча ў маі 1993-га — былі падпісаныя сем пагадненняў. Яны шмат у чым заклалі аснову развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў многіх сферах, якія развіваюцца сёння.

У цэлым галоўнымі партнёрамі, з якімі на світанку незалежнасці Беларусь у выбудоўвала адносіны ў рэгіёне, былі Кітай, Індыя, В'етнам, Японія, Паўднёвая Карэя і Манголія.

Цікавасць з іх боку не ў апошнюю ролю была абумоўленая тым, што Беларусь на той момант з'яўлялася найбольш стабільным у эканамічным і палітычным дачыненні дзяржавай у СНД.

Як і цяпер, так і тады самым важным гандлёва-эканамічным партнёрам у рэгіёне быў Кітай. Па выніках 1992 года аб'ём гандлю з ім склаў амаль 34 млн. долараў ЗША, з якіх на долю беларускага экспарту прыйшліся 21,5 млн. долараў. Гэта значыць, гандлёвае сальда было станоўчым для беларускага боку і, дарэчы, заставалася такім (станоўчым) аж да 2006 года.

Яшчэ з цікавага на гэтую тэму: з 1993 года бакі прадаставілі адно аднаму рэжым найбольшага спрыяння ў гандлі. У той час дастаўка экспартнай прадукцыі ў Кітай з Беларусі, уключаючы калійныя ўгнаенні, як і цяпер, ажыццяўлялася сухапутнымі маршрутамі, а не морам, што стрымлівала гандаль. Атрымліваецца, што Беларусь узору 2022-2023 гадоў, якая фасуе калій у мяшкі і дастаўляе яго па сушы, вярнулася на 30 гадоў таму — да таго, з чаго ўсё пачыналася.


Іншымі словамі, у нечым абвешчаны Лукашэнкам разварот усё-ткі мае месца — у адваротны бок. У асноўным жа гэта ўсё ж больш фігура маўлення, якая закліканая падкрэсліць важнасць таго, што было важным заўсёды. Калі ацэньваць, у якой ступені Беларусь за без малога два гады паспела развярнуцца з Захаду на Усход, то відавочны толькі разварот на Расію, калі казаць пра гандаль, лагістыку, крэдытную, энергетычную і вайсковую сферы. Зніжэнне гэтай крытычна небяспечнай залежнасці, якую, як на мяне, можна аднесці да ліку ключавых, але сакрэтных функцый развароту на Азію, пакуль не асабліва праглядаецца.