Павел Мацукевіч: Як скарыстацца інтарэсамі Лукашэнкі ў інтарэсах Беларусі?
«Каханую не аддаюць» — лозунг тычыцца ўлады і ўсіх, хто на яе замахваецца, а цяпер на яе замахваецца толькі Крэмль. Павел Мацукевіч прапануе спосаб, як не дапусціць вайну на Беларусь. Тым больш калі перамога дэмсіл аб'ектыўна адкладаецца, і не выключана, што як мінімум на тэрмін жыцця Лукашэнкі.
Дыпламат Павел Мацукевіч, старшы даследчык Цэнтра новых ідэй у сваім тэлеграм-канале «Пульса Леніна-19» разважае, ці ёсць міжнародныя магчымасці павысіць шанцы для Беларусі застацца ў баку ад прамога ўдзелу ў вайне Расіі супраць Украіны. Спойлер — яны існуюць, але такія ідэі будуць даспадобы далёка не ўсім.
Тэму актуалізаваў візіт прэзідэнта Расіі ў Беларусь, які адбыўся як быццам толькі для таго, каб навесці цень на пляцень. Перамовы ў Мінску далі багатую спажыву для розумаў па пытанні прэсінгу Пуціна на Лукашэнку, а таксама падазрэнняў у падрыхтоўцы новага наступу з тэрыторыі Сінявокай і ўцягвання ў гэты працэс беларускага войска.
Паводле вынікаў знаходжання Пуціна ў Мінску аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) канстатавалі ўзмацненне ціску Расіі на Беларусь і як следства — памяншэнне прасторы для манеўру Лукашэнкі, які, на думку ISW, з усіх сіл спрабуе пазбегнуць саступак Крамлю.
Прасторы для лавіравання ў Лукашэнкі сапраўды няшмат, калі наогул яна яшчэ засталася. Мінск узмоцнена спрабуе засеяць поле для манеўру па далёкай дузе, у першую чаргу з дапамогай Кітая, але пакуль там наўрад ці рэалістычна атрымаць жаданыя парасткі — усе дарогі ў Пекін для Беларусі з-за санкцый ідуць праз Расію.
Патрэбны пункт апоры, каб можна было паспрабаваць пераламіць гульню. Яго мог бы даць Захад — ЕС і ЗША, але там пакуль не гатовыя, хоць Еўрасаюз не стаў уключаць Беларусь у апошні пакет санкцый супраць Расіі.
У любым выпадку, пытанне санкцыйнага ціску на Мінск не знята з парадку дня, на Захадзе разважаюць над напаўненнем новых санкцыйных пакетаў на выпадак прамога ўдзелу Беларусі ў расійскай «спецаперацыі».
Пра гэта сведчыць брыфінг афіцыйнага прадстаўніка Дзярждэпа, на якім ён заявіў, што ЗША разгледзяць пытанне аб дадатковых санкцыйных мерах у дачыненні да беларускіх улад, калі рэжым Лукашэнкі пойдзе яшчэ далей у падтрымцы Крамля ў вайне супраць Украіны.
А як не пайсці, калі Крэмль запатрабуе? Вайна ва Украіне зацягваецца, і пры такім раскладзе ўцягванне ў яе Беларусі пры ўмове захавання або ўзмацнення міжнароднай ізаляцыі становіцца пытаннем часу.
Санкцыйная пагроза з боку ЗША ці ЕС нават блізка не ўяўляе для рэжыму той небяспекі, якая навісла з расійскага боку. У руках Масквы аказаліся ўсе рычагі ціску на Мінск: эканамічныя, фінансавыя, энергетычныя, транзітныя, вайсковыя — іх рэжыму не вытрымаць. Таму застаецца шукаць ласкі, патураць і лістам слацца, што і робіць Лукашэнка перад Пуціным у разліку на «Бог дасць дзень, дасць і ежу».
Не даводзіцца сумнявацца ў тым, што Лукашэнка пры першай магчымасці наляжа на вёслы, каб адгрэбці ад Крамля на бяспечную адлегласць, як толькі з'явяцца гэтыя самыя вёслы, плыт і прыстань прывіднай надзеі. Бо лозунг «каханую не аддаюць» тычыцца ўлады і ўсіх, хто на яе замахваецца, а цяпер на яе замахваецца толькі Крэмль.
Дылема, якая ўзнікае ў гэтым месцы, заключаецца ў наступным: ці варта дапамагчы Лукашэнку вёсламі або лодкай? Калі прааналізаваць, ад каго, акрамя Пуціна, можа залежаць удзел або няўдзел Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны, то пытанне здымаецца само па сабе. Пераходны кабінет Святланы Ціханоўскай па-за дужкамі. Лукашэнка — адзіны гулец у полі, ад якога нешта залежыць, падабаецца гэта нам ці не. Сцвярджэнні аб яго марыянеткавым статусе пакуль не адпавядаюць беларускай рэчаіснасці.
Пытанне ў тым, як скарыстацца інтарэсамі Лукашэнкі ў інтарэсах Беларусі?
У нядаўняй дыскусіі амерыканскага даследчага цэнтра «Atlantic Council» на ўкраінскую тэму генерал-лейтэнант Бэн Ходжэс, былы камандуючы сіламі ЗША ў Еўропе, падтрымаў ідэю правядзення пазачарговых вайсковых вучэнняў NATO ў Літве і Польшчы. Чаму? На думку Ходжэса, гэта дасць падставу не прыцягваць беларускія войскі да баявых дзеянняў супраць Украіны: Лукашэнка зможа сказаць Пуціну, што на заходнім флангу праходзяць вучэнні NATO і трэба на гэта рэагаваць.
Гэта ўжо варыянт, але вайсковыя вучэнні — рэч часовая і небяспечная ў нашых рэаліях. Вучэнні пройдуць — і праблема вернецца. Пасля таго, як беларуска-расійскія ваенныя экзерсісы выліліся ва ўварванне ва Украіну, думаю, усім бакам канфлікту нескладана ўспрымаць любыя новыя вучэнні не як шырму якой-небудзь «спецаперацыі». Такімі практыкаваннямі можна раздуць крызіс.
Якія ёсць яшчэ варыянты? Калі высновы ISW аб тым, што Лукашэнка спрабуе пазбегнуць саступак Крамлю, але адчувае дэфіцыт у прасторы для манеўру, правільныя, то лагічным рашэннем з'яўляецца прадастаўленне яму прасторы, якая адсутнічае — ці не так?
На практыцы гэта азначае змену тактыкі з боку Захаду, якая ўжо даўно напрошваецца.
Пра што можа ісці гаворка? Напрыклад, пра накіраванне ў Мінск амерыканскага пасла і ўручэнне ім даверчых грамат Аляксандру Лукашэнку. Фармальны бок такога кроку — легітымацыя рэжыму — ужо не адыгрывае ніякай ролі. Лукашэнка ва ўладзе — і гэтую рэальнасць трэба нарэшце прыняць, каб выйсці з паралічу заклапочанасці і бескампраміснай анлайн-барацьбы з рэжымам і пачаць неяк уплываць на сітуацыю ў Беларусі.
Амерыканскі амбасадар або спецпасланнік патрэбны менавіта ў Мінску, а не ў Вільні ці ў Варшаве. Па-першае, каб мець дакладнае ўяўленне аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Па-другое, каб пачаць прадметна абмяркоўваць і развязваць вузел такіх пытанняў, як спыненне рэпрэсій і вызваленне палітвязняў, па-трэцяе, каб даць рэжыму поле для манеўру, дзякуючы якому для Беларусі можа з'явіцца магчымасць паспрабаваць выскачыць з вайны і з пасткі Расіі.
Тут магчымы рэзкія пярэчанні ў духу «ну як жа так, зноў усіх кіне і падмане, гісторыя паўторыцца» — і ён зноў выкруціцца. Усё гэта было б справядліва, калі б да перамогі над рэжымам заставалася пару дзён ці месяцаў. Марк Твэн казаў: гісторыя ніколі не паўтараецца, але часам яна рыфмуецца. Пакуль дэмсілы ніяк не трапляюць у рыфму гісторыі — іх перамога аб'ектыўна адкладаецца, і не выключана, што як мінімум на тэрмін жыцця Лукашэнкі.
У той жа час, напрыклад, архіважнае пытанне вызвалення палітвязняў аб'ектыўна могуць вырашаць толькі два бакі: рэжым Лукашэнкі і заходнія краіны, але цікавасць апошніх да тэмы пакуль відавочна страчаная. Між тым, чым хутчэй бакі за яго возьмуцца, тым лепш. Ёсць з дзясятак прозвішчаў, якія на слыху і наконт якіх час ад часу выяўляецца публічная трывога, але пераважная большасць вязняў — а гэта тысячы — пакутуе без вестак і надзеі. Дзеля чаго?
Калі Захад у асобе ЗША і ЕС не пакажа Лукашэнку магчымасць выхаду, то і для Беларусі, і для палітвязняў выхаду таксама не будзе. Пры гэтым для Лукашэнкі Рэнесанс кантактаў з заходнімі краінамі — рызыкоўнае мерапрыемства, якое можа абярнуцца сілавым заходам з Масквы. У гэтай няпростай справе толькі Захад нічым асабліва не рызыкуе.
Пераклад «НЧ»