РФ плануе чарговы наступ увесну, і ў гэтым плане ў Беларусі — істотная роля
Нямецкія ваенныя аналітыкі ўпэўненыя, што Расія плануе наступ на Украіну ўвесну, верагодна — у красавіку.
Паводле паведамлення СМІ, Федэральнае міністэрства абароны Германіі чакае буйнамаштабнага наступу Расіі на Украіну ў красавіку, хоць амерыканскія ваенныя эксперты прыходзяць да крыху іншых высноў. Вось што гаворыцца ў публікацыі.
Паводле паведамлення «Neue Zürcher Zeitung» (NZZ), Федэральнае міністэрства абароны Германіі чакае новага буйнога расійскага наступу на Украіну ў красавіку 2023 года. Пра гэта гаворыцца ва ўнутраным дакуменце дэпартамента «Аперацыі і стратэгія».
«Міністэрства абароны Германіі чакае буйнога расійскага наступу ў пачатку 2023 года, — адзначае «Neue Zürcher Zeitung». — Унутраны дакумент паказвае, што нямецкі ўрад у Берліне мае дакладныя ўяўленні аб тым, як Расія будзе дзейнічаць ва Украіне ў новым годзе. Пытанне ў тым, чаму канцлер Шольц усё яшчэ дзейнічае нерашуча».
Паводле NZZ, дэпартамент Міністэрства абароны Германіі распрацоўвае два сцэнары. І ў абодвух выпадках цяперашнія атакі на крытычна важную інфраструктуру Украіны адыгрываюць пэўную ролю.
План 1. Пуцін хоча захапіць увесь Данбас
У той час, калі прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін аддае загад аб наступе ў красавіку, беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка сцягвае дзясяткі тысяч жаўнераў на мяжу з Украінай. Такім чынам, украінская армія будзе вымушаная падзяліць свае сілы: толькі частка па-ранейшаму будзе абараняць Данбас, іншая частка будзе прывязаная да мяжы з Беларуссю.
На рэальнае ўмяшанне беларускай арміі ў вайну супраць Украіны ў Міністэрстве абароны Германіі, паводле даных NZZ, не разлічваюць.
План 2. Пуцін хоча захапіць усю Украіну
Для дасягнення гэтай мэты расійскія войскі будуць атакаваць Данбас, а беларускія войскі пойдуць у бок Кіева. Каб спыніць пастаўкі зброі ва Украіну з Захаду, рускія збіраюцца прасунуцца да польскай мяжы, а таксама маюць намер акупаваць Прыднястроўе.
Паводле ацэнкі Федэральнага міністэрства абароны Германіі, для гэтага ў Расіі неабходна будзе абвясціць усеагульную мабілізацыю. Аднак, паводле NZZ, дэпартамент «Аперацый і стратэгіі» лічыць гэта «досыць малаверагодным па ўнутрыпалітычных прычынах».
Паводле www.stern.de, www.nzz.ch