Аляксандр Азараў: «Гэта падман. Усіх арыштуюць»
Камісія па справам «збеглых» — незаконная, заявіў Аляксандр Азараў, прадстаўнік Кабінету Ціханоўскай па аднаўленні законнасці.
Прадстаўнік па аднаўленні законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў пракаментаваў стварэнне беларускім рэжымам камісіі створанай па справе вяртання ў Беларусь яе “збеглых” грамадзян.
Аляксандр Азараў заявіў, што дзейнасць камісіі, якая плануе разглядаць заяўкі ад беларусаў — удзельнікаў пратэстаў, калі яны пажадаюць вярнуцца на радзіму, не мае нічога агульнага з законнасцю.
«Камісія — незаконная. Згодна з беларускім заканадаўствам, немагчыма спыніць крымінальную справу нейкай камісіяй. У крымінальным і адміністрацыйным кодэксах прапісана, як могуць спыняцца крымінальныя і адміністрацыйныя справы. Гэта падман. З першымі, хто вернецца — яны пакажуць, што з імі ўсё добра, а потым, праз некаторы час, усіх арыштуюць.
Можна прыгадаць нашу гісторыю, калі, напрыклад, Францішак Аляхновіч і іншыя дзеячы вярталіся ў БССР у 1930-х гадах: спачатку ўсё было добра, а потым іх адпраўлялі на Салаўкі ці расстрэльвалі».
Нагадаем, як пісаў НЧ, ва ўказе Лукашэнкі адзначаецца, што камісія створаная для «падтрымання грамадзянскай згоды, забяспечання рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод беларускіх грамадзян».
У яе маюць права звярнуцца беларусы, якія «здзейснілі ў перыяд з 1 студзеня 2020 года да ўступлення ў сілу гэтага ўказа адміністрацыйныя правапарушэнні або злачынствы пратэснай скіраванасці, асцерагаюцца вяртання ў краіну ў сувязі са сваёй магчымай датычнасцю да здзяйснення такіх правапарушэнняў, злачынстваў».
А днямі стала вядома, што ў камісію па справам "збеглых" увайшлі сілавікі і прапагандысты. Старшыня — генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед. У яго на пасадзе кіраўніка камісіі два намеснікі. Гэта Валерый Гайдукевіч і Аляксей Стук, якія працуюць на пасадах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы і намесніка генеральнага пракурора.