Стэфановіч з СІЗА-1: «Паказаў ім помнікі архітэктуры, на якія такі багаты Наваградак — першая наша сталіца»

Праваабаронца-палітвязень Валянцін Стэфановіч у адным з лістоў на волю прыгадаў свае вандроўкі, і ў прыватнасці наведванне музея Халакосту ў Наваградку.

Валянцін Стэфановіч. Фота з сацсетак

Валянцін Стэфановіч. Фота з сацсетак

Палітзняволены праваабаронца Валянцін Стэфановіч напісаў ліст з-за кратаў у адказ на дасланыя неабыякавымі людьмі фотаздымкі з вандровак па Беларусі.

«Дзякуй вялікі за цудоўныя фоты! Я таксама вельмі люблю вандраваць па Беларусі і пры любой нагодзе стараўся наведваць розныя цікавыя мясціны. Асабліва з дзеткамі любіў вандраваць.

Наваградак і Наваградчына мне таксама вельмі падабаюцца. Апошні раз я наведваў Наваградак у 2018 годзе разам з дзвюма сваімі французскімі каляжанкамі. Там мы абсалютна выпадкова наведалі ў тым ліку і музей Халакоста, які мае вельмі цікавую гісторыю. Музей быў пабудаваны на грошы Фонда Кушнер. Гэта бабуля зяця Дональда Трампа. Яна была вязнем гета ў Навагрудку — і ёй разам з яшчэ больш за сотню вязняў пашанцавала збегчы адтуль праз выкапаны падкоп. Яны пазней далучыліся да габрэйскага партызанскага атраду братоў Бельскіх.

Вось такі там існуе цікавы музей, сумны, канечне, бо ён пра жахлівыя старонкі нашай гісторыі. А яшчэ, вядома, я паказаў ім і іншыя помнікі архітэктуры, якімі такі багаты наш Наваградак — першая наша сталіца».


Нагадаем, да Валянціна Стэфановіча — сябра Рады «Вясны», віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), — з вобшукам сілавікі прыйшлі 14 ліпеня 2021 года. У яго канфіскавалі ўсю тэхніку, а самаго праваабаронцу павезлі на допыт, пасля чаго змясцілі пад варту.

Тады з ператрусам прыходзілі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. У пастанове на ператрус значыліся два артыкулы Крымінальнага кодэкса: 342 («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў»).

26 верасня 2022 года — больш чым праз год зняволення — стала вядома, што крымінальная справа ў дачыненні Валянціна Стэфановіча і, меркавана, іншых вясноўцаў за нясплату падаткаў (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса) спыненая.


Але Валянціна Стэфановіча, Алеся Бяляцкага і Уладзіміра Лабковіча не вызвалілі з-пад варты — ім выставілі новыя абвінавачанні ў кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Вядома, што прэтэнзіі дзяржавы застаюцца ўсё да той жа сумы грошай, якая фігуравала ў абвінавачанні за нясплату падаткаў. Тром палітзняволеным вясноўцам цяпер пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

27 кастрычніка 2022 г. у межах 41-га Кангрэсу Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч быў пераабраны віцэ-прэзідэнтам FIDH.


Падтрымайце Валянціна лістамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, Валадарскага, 2, Мінск, 220030. Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу.