V — значыць Вендэта? За жэст «вікторыя» вынеслі прысуд сямейнай пары
Суд Ленінскага раёна Мінска 27 кастрычніка завяршыў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да мужа і жонкі Віталя Мацюша і Наталлі Ганапольскай, абвінавачаных ва ўдзеле ў жнівеньскай акцыі пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Юлія Шчоткіна, як паведамляюць праваабаронцы.
Віталь Мацюш да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 Мінска, Наталля Ганапольская знаходзілася на волі пад залогам.
Столяр Віталь Мацюш і лагіст Наталля Ганапольская, якія пражываюць у Мінскім раёне, даведаўшыся аб плануемай акцыі пратэсту ў Мінску, падыйшлі да Стэлы і далучыліся да пратэстоўцаў.
Па матэрыялах абвінавачання, яны, дэманструючы пратэсны знак у выглядзе жэсту «вікторыя», а таксама стужкі белага і чырвонага колераў, рухаліся па тэрыторыі горада Мінска ад Стэлы ў бок праспекту Незалежнасці, блакавалі і заступалі шлях транспартным сродкам, у выніку чаго іх дзеянні пацягнулі парушэнне працы і спыненне гарадскога пасажырскага транспарту.
Віталь Мацюш у судовым пасяджэнні віну прызнаў цалкам, сказаў, што ўбачылі з жонкай, як група грамадзян з сімволікай накіроўвалася ў бок пр-та Незалежнасці. Яны таксама вырашылі прайсці з натоўпам, перасоўваліся пры гэтым па тратуары. Дайшоўшы да праспекту, убачылі, што праезная частка перакрытая супрацоўнікамі міліцыі. У нейкі момант выйшлі з жонкай на праезную частку паблізу пешаходнага пераходу, каб сфатаграфавацца, пры гэтым на запясце ў кожнага з іх мелася бел-чырвона-белая стужка. Пасля яны накіраваліся дадому. Не памятае, ці выказвалі супрацоўнікі міліцыі патрабаванні разысціся і спыніць супрацьпраўную дзейнасць. Лозунгі не выкрыкваў, гучных воплескаў не здзяйсняў. У зробленым раскайваецца.
Падобныя паказанні суду дала і Наталля Ганапольская.
Суд пастанавіў прызнаць мужа і жонку вінаватымі і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады кожнаму.
Віталя Мацюша вызвалілі ў залі суда пад падпіску аб нявыездзе.