«Гапата ломіцца»

У Гомелі мужчыну прысудзілі да калоніі за «дыскрэдытацыю Беларусі» па «справе Зельцэра».

sud_homel.jpg


У судзе Савецкага раёна Гомеля разгледзелі справу Мікалая Кацуры. Суддзя Аляксандр Мохараў прызнаў яго вінаватым па арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») і агучыў прысуд: паўтара гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Таксама ён мусіць выплаціць штраф у памеры 100 базавых велічыняў (3200 рублёў). Мужчыну вызвалілі ў зале суда, бо ён цалкам адбыў прызначаны тэрмін.
Вядома, што ў Кацуры вышэйшая адукацыя. Да затрымання ён працаваў інжынерам-хімікам. Мае дзіця.
Яго прызналі вінаватым у тым, што ён стварыў і змясціў у суполцы «Моцныя навіны» ў сацсетцы «УКантакце» інфармацыю, якая «дыскрэдытуе» Беларусь. Вядома, што ў паведамленні змяшчаліся словы «гапата» і «ломяцца».
«Негатыўная ацэнка дадзеных асобаў выказана ў семантыцы рытарычнага пытання «гэта тых, якія ў кватэру ламіліся?». Негатыўнай ацэнкай дзеянняў дадзеных асобаў – формай дзеяслова «ламацца», – прыйшлі да заключэння «эксперты».
Яго мэтай, паводле абвінавачання, было распаўсюдзіць «заведама недакладную інфармацыю аб прававым стане грамадзян Беларусі, дзейнасці дзяржаўных органаў, а таксама нанясенні шкоды аўтарытэту дзяржаўных органаў». Вядома, што каментар быў звязаны са «справай Зельцэра», паколькі Кацура напісаў у супольнасці пасля прагляду паведамленняў аб здарэнні.
Абвінавачанне вырашыла, што сваім каментаром ён хацеў прадэманстраваць неабмежаванай колькасці людзей загадзя ілжывыя сведчанні аб «ухвале і гераізацыі» грамадзянамі Беларусі ўчынку Зельцэра, а таксама асуджэнне дзеянняў супрацоўнікаў КДБ. У гэтым абвінавачанне ўгледзела «падрыў аўтарытэту Рэспублікі Беларусь і дзяржаўных органаў, прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю сацыяльнай абстаноўкі, фарміраванне ілжывых уяўленняў аб тым, што ў рэспубліцы не прытрымліваюцца правоў і свабод грамадзян».
Суд прызнаў, што органам папярэдняга следства дзеянні мужчыны былі залішне кваліфікаваны па арт. 369 КК («Знявага прадстаўніка ўлады»), таму выключылі яе з абвінавачання.
Кацура не прызнаў сваю віну і заявіў, што «напісаў абразы з гарачкі і думаў, што на роліку акторы, а не супрацоўнікі КДБ». Ён расказаў, што ўбачыў у стужцы навін відэа, як група грамадзян заходзіць у кватэру грамадзяніна са стрэльбай у руках. Ён не паверыў, што гэта супрацоўнікі праваахоўных органаў, пагарачыўся і пакінуў каментар, які адлюстроўваў ягонае падазрэнне наконт таго, што відэа было пастановачным. У верасні 2022 года ён выдаліў старонку ВК, дзе пакідаў каментарыі, бо зразумеў, што яго каментарыі могуць быць негатыўна вытлумачаны.