Хронікі рэпрэсій. Амаль сто новых «экстрэмістаў» займелі сваю «экстрэмісцкую» песню
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі за 18 лістапада.
Спіс «экстрэмістаў» папоўнілі яшчэ 97 чалавек. Сярод іх Вольга Ялцэвіч, асуджаная за дапамогу рэпрэсаваным і 18-гадовы Раман Карпук, асуджаны за рассылку лістоў сябрам камісій рэферэндуму, былы студэнт Канстанцін Рудніцкі, а таксама Ірына Прыгава, асуджаная за пратэстныя і антываенныя надпісы.
На сёння ў «спісе экстрэмістаў» МУС налічваецца 1881 асобаў.
* * *
Блогера Дзмітрыя Цімафеева пераводзяць з «хіміі» ў калонію. Суд Віцебскай Чыгуначнай акругі змяніў пакаранне палітвязню з Баранавіч на больш строгае. Яго пераводзяць з установы адкрытага тыпу ў папраўчую калонію на тры месяцы і 15 сутак.
Гэта была ўжо другая спроба адміністрацыі віцебскай ПУАТ-9 павялічыць пакаранне Цімафееву. У першы раз суд адмовіў, палічыўшы рашэнне заўчасным.
* * *
Песня «Бацька наш — Бандэра, Україна — маці»прызнаная ў Беларусі «экстрэмісцкай».
* * *
У Мінскім гарадскім судзе пачаўся суд над былым журналістам БТ Дзмітрыем Лукшам, ягонай жонкай Палінай Палавінкай, а таксама Настай і Дзянісам Яраўскімі і Канстанцінам Ніканаравым. Іх абвінавачваюць у «дыскрэдытацыі Беларусі», а таксама «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Паведамляецца, што Дзмітрый Лукша цалкам і часткова прызнаў сваю віну.
Лукша, Палоўка і Ніканораў знаходзяцца пад вартай. Жонка Дзяніса Наста ў суд не з'явілася — яе абвясцілі ў вышук. Справу разглядае суддзя Наталля Бугук.
* * *
Як паведамляе Хрысьціянская візія, 17 лістапада быў затрыманы айцец Віталь Чабатар, віцэ-дэкан Магілёўскага дэканату. Айцец Віталь Чабатар належыць да ордэна кларэцінаў і працуе ў Магілёве з 2007 года. У цяперашні час ён вікарый мясцовай парафіі св. Антонія Падуанскага.
Праваабаронцы лічаць, што гэта чарговая атака на святароў — у красавіку мінулага года яны ўжо затрымлівалі магілёўскага пробашча айца Андрэя Кеўліча. Тады святар атрымаў штраф у 20 базавых велічынь за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
* * *
Чарговы прысуд вынесены ў Жлобінскім раённым судзе за ўдзел у акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 года. Мясцовага жыхара Віктара Чараўкова абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх. Суддзя Наталля Качалава прысудзіла Чараўкова да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
На дадзены момант вядома, што ў Жлобіне па гэтым артыкуле вынесена каля пяцідзесяці прысудаў.
* * *
Актывіста са Слоніма Віктара Марчыка прысудзілі да 7 сутак арышту. Яму прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 19.11 АК (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Падставай для пазову сталі репост, зробленыя яшчэ ў 2020-2021 гадах у адным з телеграм-чатаў. У Марчыка таксама сканфіскавалі мабільны тэлефон.
* * *
У судзе Мёрскага раёна абвешчаны прысуд 69-гадовай былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры з Мёраў Эме Сцепулёнак. Пенсіянерку пратрымалі за кратамі амаль год, але ў сярэдзіне верасня жанчыне змянілі меру стрымання і перавялі пад хатні арышт.
Эме Антонаўне было прад'яўленае абвінавачванне па двух артыкулах КК: арт. 368 (абраза gрэзідэнта) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Суддзя Ірына Яскевіч прысудзіла палітвязню да 2 гадоў пазбаўлення волі на агульных умовах. Яе ўзялі пад варту ў зале суда. Ёй засталося адседзець у турме каля 4 месяцаў.
* * *
Да двух з паловай гадоў калоніі прысуджаны актывіст Мікалай Арцюхоў за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Суд Партызанскага раёна Мінска абвінаваціў вядомага каталіцкага і грамадскага дзеяча ў закліках да пратэстаў у сацыяльных сетках, падрыхтоўцы акцый, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт. 342 КК). Справу разглядала суддзя Наталля Дзядкова.
Паводле абвінавачвання, у жніўні 2020 года Арцюхоў размяшчаў на сваёй старонцы ў Facebook падбухторвальныя выказванні — заклікі да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў, ухваляў і падтрымліваў іх, асабіста ў іх удзельнічаў, блакаваў рух. Такім чынам, па версіі следства, ён навязваў сваё меркаванне і тым самым дапусціў дыскрэдытацыю дзяржаўнай улады, распаўсюджванне сумненняў у дакладнасці вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
* * *
16 лістапада ў Мінску асудзілі палітвязня Аляксандра Кухарэнка па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Аляксандра затрымалі 2 жніўня 2022 года за рэпост ва «ВКонтакте» Відэа з youtube-канала былых сілавікоў, прысвечанага гібелі рамана Бандарэнкі. Музыканту тады прызначылі 10 сутак. Пасля іх супраць Аляксандра распачалі крымінальную справу па «народным» артыкуле.
Аляксандр Кухарэнка — гітарыст гурта Awakening Our Memories, які грае ў жанры melodic metalcore.
* * *
* * *
У Гродзенскім раённым судзе 18 лістапада вынеслі прысуд палітзняволенай Алесі Буневіч — тры з паловай гады калоніі. Яе судзілі ў закрытым рэжыме па ч. 3 арт. 371 КК (Наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы, здзейсненае арганізаванай групай). Вядома, што сваёй віны яна не прызнала.
Алеся Буневіч — дырэктарка віленскай друкарні, была затрыманая 4 красавіка гэтага года ў рамках крымінальнай справы пасля таго, як прыехала з Літвы ў Беларусь на гадавіну смерці маці. Спачатку яе абвінавацілі ва «ўчыненні акта тэрарызму групай асоб па папярэдняй змове» (ч. 2 арт. 289 КК) у рамках справы «рэйкавых партызан». У прапагандысцкім фільме на БТ паказалі фрагмент допыту Алесі, дзе яна распавядала, як купляла літоўскія сім-карты за некалькі дзён да паездкі ў Беларусь, паказвала, дзе хавала іх на тэрыторыі краіны, пра тое, як усё здымала на відэа, каб пераслаць свайму «куратару» ў Літве.
Але канчаткова ёй было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 371 КК (Наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы, здзейсненае арганізаванай групай).
* * *
Стала вядома, што 1 лістапада ў судзе Савецкага раёна Гомеля разгледзелі справу Мікалая Кацура. Суддзя Аляксандр Мохараў прызнаў яго вінаватым паводле арт. 369-1 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») КК і прысудзіў 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама Мікалай мусіць выплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь (3200 рублёў).
Мужчыну судзілі за каментар па «справе Зельцэра» і вызвалілі ў зале суда, таму што ён цалкам адбыў прызначаны тэрмін падчас следства.