Андрэй Скурко: Крок за крокам мы пройдзем гэты няпросты шлях

Цытаты для натхнення.

316160179_6030802646951344_4269906645450738437_n.jpg

“Я такая шчаслівая, калі чую па тэлефоне, што Андрэй па-ранейшаму весела і шчыра смяецца! Ён перадае прывітанне  ўсім-усім, хто за яго перажывае. І трохі вам, сябры, цытат для натхнення”, — піша Паліна Скурко на сваёй старонцы ўфэйсбуку

…Будзем помніць выслоўе псіхолага: няправільнае пытанне — чаго я хачу ад свету, правільнае — чаго свет хоча ад мяне.

…Год ужо прайшоў, як я па-за домам. Такое дзіўнае адчуванне — нібыта кіно:)

Мы ўсе ёсць адны ў адных, гэта самае галоўнае.

Падумалася: мы-то, наша пакаленне, і не разлічвалі ні на якія прыгоды, а так фантастычна лёсы складаюцца:) І колькі ўсяго яшчэ, дасць Бог, пабачым за свой век.

…Вось яшчэ якую сістэму абароны псіхікі для сябе сфармуляваў: не перажываць за тое, на што ніяк не можаш паўплываць і здзяйснення чаго ніякімі сваімі дзеяннямі не справакаваў. Мы гэта абмяркоўвалі, і такое стаўленне, у тым ліку, дазволіла нам прасцей прайсці гэты год.

…Я таксама спадзяюся на гэту восень. А як не — то на зіму. А як не на зіму — то на вясну. Проста беражэм здароўе і захоўваем спакой. Крок за крокам мы пройдзем гэты няпросты шлях, усё пераадолеем і зноў будзем разам.

...Сёння чытаў Гарэцкага — апавяданні, дзённік з паездкі ў Сібір у 1926 годзе (добраахвотнай). Алесь Адамовіч у прадмове (цікава адзначаць, як ён у 1984 годзе паўнамёкамі пісаў пра недобраахвотныя паездкі Гарэцкага на Вятку і ў Пясочню, пра «жыццёвыя віхуры») — адзначае, што Гарэцкі ў нейкай меры даў штуршок пазнейшай прозе: Быкаву, Брылю, Мележу (і кожнаму — у розным: у ваеннай прозе, абразках лірычных, сялянскім эпасе). Цікава яшчэ, што Гарэцкі вельмі любіў Баркулабаўскі летапіс і мог па памяці цытаваць. Яшчэ мяне ўразіла, колькі ў яго ранніх рэчах готыкі, накшталт як у Яна Баршчэўскага. (Зрэшты, і яго сучаснік Ластоўскі ў «Лабірынтах» з готыкай эксперыментаваў.) Магчыма, Гарэцкі свядома спрабаваў пісаць па-гогалеўску. «Страшная музыкава песня» дык наўпрост перагукаецца з гісторыяй Хамы Брута і панначкі-вядзьмаркі. Толькі ў Гарэцкага менш барочна выйшла:) А ў «Руінах» апісаны сон, пабачаны пасля наведвання музея — яўна Луцкевічавага:) Цікава знаходзіць такія адсылкі да рэальнасці.

…Як добра ты згадала з Франкла, што аснова чалавечнасці — гэта любоў і работа! Гэтыя два складнікі напаўняюць зместам наша жыццё — асабліва ясна адчуваю гэта апошні год. Такое адчуванне, што апроч іх у жыцці нічога і няма. Ды і не трэба:) Ну яшчэ, канечне, вандроўкі — і ўсё іншае, кніжкі, фільмы — але гэта можна разглядаць як складнікі «любові»:) А цярпенне і ўвагу да здароўя — як частку «работы».


А яшчэ Паліна Скурко нагадвае, што ў Андрэя выйшла кніжка цудоўных дзіцячых вершыкаў "Пра сланоў і барсучкоў", яна прадаецца ў Мінску з дастаўкай па Беларусі і па свеце. Купляйце, дарыце, гэта радасць дзеткам і вам — і вялікая падтрымка аўтару.