Што агульнага ў IKEA і беларускіх турмаў, дзе катуюць палітвязняў?

Французскае выданне «Disclose» і нямецкая газета «Taz» апублікавалі расследаванне, якое тычыцца вядомага шведскага канцэрна IKEA ў Беларусі.

ikea_1.jpg

З расследавання вынікае, што IKEA актыўна супрацоўнічала з пастаўшчыкамі з Беларусі, якія выкарыстоўвалі працу зняволеных у турмах. Найбольш абурыла журналістаў тое, што шведскі бок ведаў пра гэта — і свядома працягваў супрацоўніцтва.

З Беларусі IKEA мусіла сысці толькі з-за пачатку вайны ва Украіне, якая пацягнула за сабой еўрапейскія санкцыі.

«Кніжная шафа Baggebo, камода Kullen ці ложак Brimnes. У гэтых флагманскіх тавараў мэблевага гіганта IKEA ёсць адна агульная рыса: да пачатку вайны ва Украіне яны вырабляліся ў адной з найгоршых дыктатур у свеце — у Беларусі», — гаворыцца ў расследаванні.

На аснове дзясяткаў паказанняў сведак і аналізу сотняў бухгалтарскіх дакументаў, у асноўным агульнадаступных, расследаванне журналістаў паказвае, што дзесяць беларускіх пастаўшчыкоў ІКЕА — гэта значыць, амаль палова яе асноўных пастаўшчыкоў — супрацоўнічалі з турмамі дыктатуры цягам апошніх дзесяці гадоў.

Агулам пяць турмаў працавалі з гэтымі кампаніямі, калі яны адначасова заключалі кантракты са шведскай групай. Беларускія пенітэнцыярныя ўстановы вядомыя фактамі катаванняў, пазбаўлення ежы і самых звычайных побытавых рэчаў — а гэта нібы супярэчыць каштоўнасцям, якія рэкламуе шведская фірма. У сваіх спецыфікацыях мэблевы гігант гарантуе сваім кліентам, што яны не будуць выкарыстоўваць «прымусовую працу» або «працу зняволеных» для вытворчасці сваіх тавараў.

IKEA магла прадаваць тавары, вырабленыя вязнямі, нават у сваіх еўрапейскіх крамах, прынамсі, там можна было знайсці мэблю, зробленую ў Беларусі.

Ідылія паміж ІКЕА і дыктатурай Аляксандра Лукашэнкі пачалася ў 1999 годзе. На працягу прыкладна дваццаці гадоў беларуская дзяржава, якая валодае ўсімі лясамі краіны, становіцца другім па велічыні пастаўшчыком драўніны для шведскай камраніі пасля Польшчы. І адным з важных пастаўшчыкоў недарагой сыравіны і мэблі, адзначаецца ў расследаванні.

Рэпрэсіі супраць насельніцтва пасля выбараў 2020 года, існаванне ў Беларусі смяротнага пакарання, угнаны самалёт «Ryanair» дзеля арышту журналіста нічога не змянілі ў адносінах ІКЕА і беларускай дзяржавы.

І нават трывожны сігнал спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў верасні 2020 года не паўплываў на дзейнасць ІКЕА. Тады, праз некалькі месяцаў пасля беспрэцэдэнтнага паўстання ў краіне, ААН асудзіла «сістэматычны характар гвалту, які ўжываецца міліцыяй для барацьбы з масавымі беспарадкамі і наглядчыкамі ў турмах, у якіх утрымліваліся тысячы нявінных людзей». У справаздачы таксама паведамлялася пра «выпадкі згвалтаванняў, учыненых з ужываннем дубінак, удары токам і іншыя формы фізічных і псіхалагічных катаванняў».

Сярод партнёраў ІКЕА, якія даўно супрацоўнічаюць з пенітэнцыярнай сістэмай Беларусі, выданне «Disclose» змагло вылучыць тэкстыльную кампанію пад назвай «Mogotex». Кампанія, якая пастаўляла свайму шведскаму кліенту сталовую бялізну, фіранкі і ручнікі, супрацоўнічала як мінімум з чатырма беларускімі папраўчымі калоніямі.

Адзін з цэнтраў утрымання пад вартай, з якім супрацоўнічае «Mogotex», называецца ВК-15, што вынікае з бухгалтарскай справаздачы за ліпень 2021 года, апублікаванай турмой.

«ВК-15 — гэта тэрыторыя абсалютнага жаху, дзе каты Лукашэнкі робяць усё, што хочуць», — распавёў журналістам былы беларускі палітвязнь Ціхан Клюкач. 19-гадовы хлопец знаходзіўся там у зняволенні на працягу дзесяці месяцаў у 2021 і 2022 годзе. Юнака асудзілі за ўдзел у пратэставых дэманстрацыях у Мінску.

Ціхан Клюкач, былы палітычны зняволены папраўчай калоніі ВК-15, распавёў, што з палітвязнямі, якіх трымаюць у гэтай калоніі, абыходзяцца надзвычай жорстка. «Многіх з нас збівалі. Нас пазбаўлялі пасылак, лістоў, спатканняў, змяшчалі ў ізалятар... Я правёў у ШІЗА агулам 55 дзён», — распавёў Клюкач, і дадаў, што, палітычныя зняволеныя «павінны былі насіць на грудзях жоўтую бірку», якая абазначала статус «экстрэміста». У кастрычніку мінулага года беларускія праваабаронцы зарэгістравалі 94 палітычных зняволеных у ВК-15.

Фотаздымак біркі, якую насіў Ціхан Клюкач у папраўчай калоніі ВК-15 (DR)

Фотаздымак біркі, якую насіў Ціхан Клюкач у папраўчай калоніі ВК-15 (DR)

Ціхан Клюкач можа пацвердзіць толькі тое, што тавары, вырабленыя на турэмна-фабрычнай базе ВК-15, могуць пастаўляцца ў крамы ІКЕА — і гэта яго не здзівіла б. «Хадзілі чуткі, што прадукцыя калоніі экспартавалася ў Еўропу», — успамінае ён. Клюкач дадае, што, на яго думку, неабходна, каб «беларускія прадпрыемствы, якія прадаюць або выкарыстоўваюць прадукцыю, вырабленую ў калоніях, падпадалі пад дзеянне санкцый, паколькі выкарыстанне прымусовай працы палітычных зняволеных — гэта ні што іншае, як падтрымка дыктатуры».

Субпадрадчык «Mogotex» таксама пастаўляў тэкстыль з папраўчай калоніі ВК-2 у Бабруйску. Гэта ўстанова сумна вядомая сваёй жорсткасцю. Справа дайшла да таго, што кіраўніка ВК-2 унеслі ў спіс асоб, якія падпадаюць пад санкцыі Еўрапейскага Саюза ў перыяд з 2006 па 2014 год з-за «бесчалавечнага абыходжання са зняволенымі». Умовы працы зняволеных у ВК-2 жахлівыя, ім плацяць «ад 2 да 5 рублёў у месяц», што складае менш за два еўра, між тым, па стане на верасень 2022 года, сярэдні заробак у Беларусі складаў 1637 рублёў.

Паводле расследавання журналістаў, прынамсі шэсць беларускіх партнёраў ІКЕА працавалі з гэтай турмой у перыяд з 2014 да 2019 года. Сярод іх «Borwood Group» — найбуйнейшая сярод вытворцаў драўніны ў краіне. Зрэшты, кампанія «Borwood» сертыфікавала ўсе свае вырабы з дрэва па стандартах IKEA.

У сакавіку мінулага года IKEA абвясціла пра прыпыненне свайго «экспарту і імпарту» з Беларусі. Паведамляецца, што гэта рашэнне было прынята ў знак салідарнасці з «мільёнамі людзей, якія пацярпелі» ад вайны ва Украіне, у якой актыўна ўдзельнічае рэжым Аляксандра Лукашэнкі, галоўны саюзнік Уладзіміра Пуціна ў рэгіёне. Аднак шведская фірма мусіла б спыніць супрацоўніцтва са сваімі беларускімі пастаўшчыкамі шмат гадоў таму. Таму што, хоць пакуль няма канкрэтных доказаў таго, што зняволеныя прымалі непасрэдны ўдзел у вытворчасці прадукцыі IKEA, яе партнёры і вытворчыя ланцужкі моцна скампраметаваныя.


IKEA ў адказ на расследаванне журналістаў заявіла, што ніколі не выкарыстоўвала працу беларускіх вязняў і праводзіла рэгулярныя праверкі сваіх пастаўшчыкоў на адпаведнасць этычным стандартам.