Судзяць былога журналіста БТ Дзмітрыя Лукшу — за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Пачаўся суд над былым журналістам БТ Дзмітрыем Лукшам, яго жонкай і яшчэ трыма фігурантамі справы, паведамляюць праваабаронцы.

luksza.jpg

Сёння, 18 лістапада, у Мінскім гарадскім судзе распачаўся суд над экс-журналістам Дзмітрыем Лукшам, яго жонкай Палінай Палавінкай, над Анастасіяй і Дзянісам Яроўскімі, Канстанцінам Ніканоравым за «дыскрэдытацыю Беларусі», а таксама за «актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Паводле версіі абвінавачання, Лукша з мэтай дыскрэдытацыі Беларусі пры дапамозе аператара зрабіў шэраг відэасюжэтаў, якія змяшчалі ілжывую інфармацыю.

Абвінавачанне сцвярджае: «Па яго ўказанні жонка, хаваючы свой твар, прадставілася грамадзянкай Сірыі, якая нібыта жыве ў стыхійным лагеры ў Беларусі. Яна агучыла загадзя падрыхтаваны тэкст з непраўдзівымі звесткамі аб невыкананні правоў мігрантаў, незадавальненні іх базавых патрэб, дэфіцыце вады і ежы, пры гэтым Лукша пацвердзіў, што асабіста назіраў гэтыя парушэнні».

«На відэа, знятым за мяжой, на якім дэманстраваўся дэфіцыт тавараў і валюты, Лукша наклаў свой закадравы голас, пры гэтым паведаміў, што ў сюжэце паказана сітуацыя ў Беларусі».

Лукша, Палавінка і Яроўскі знаходзяцца пад вартай. Жонка Дзяніса Анастасія Яроўская на суд не з'явілася.


Нагадаем, Дзмітрый Лукша шмат гадоў працаваў на БТ, вёў праграму «Зона X». Яго затрымалі пасля ператрусу ў кватэры ў Мінску 11 сакавіка 2022 года. Дзмітрый працаваў пазаштатным карэспандэнтам казахстанскага тэлеканала «Хабар 24», і падставай для яго затрымання стаў яго апошні сюжэт на канале. Спачатку Дзмітрыю інкрымінавалі арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса («Дыскрэдытацыя Беларусі»), затым дадалі артыкул 342 КК («Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).