IKEA абвяргае абвінавачванні журналістаў: «Мы праводзілі рэгулярныя праверкі»

Нямецкія і французскія журналісты апублікавалі расследаванне, з якога вынікала, што нібыта IKEA працавала з беларускімі пастаўшчыкамі, якія рэгулярна выкарыстоўвалі працу зняволеных. IKEA на гэта заявіла, што праводзіла рэгулярныя праверкі сваіх пастаўшчыкоў на адпаведнасць этычным стандартам.

ikeja2.jpg

У IKEA на запыт «Л*стэрка» пра тое, ці сапраўды кампанія выкарыстоўвала працу беларускіх зняволеных, у тым ліку палітвязняў, адказалі, што вельмі сур'ёзна ставяцца да паведамленняў пра Беларусь і ніколі не дапускаюць парушэнняў правоў чалавека ў ланцужку паставак.

«Мы дакладна заяўляем, што на ўсіх рынках, дзе мы прысутнічаем, у нашым бізнесе няма месца парушэнням правоў чалавека», — паведамілі ў прэс-службе кампаніі.

— Мы выкарыстоўваем доўгатэрміновы падыход і імкнёмся да ўстойлівых змен да лепшага, дзе б мы ні знаходзіліся. Мы сур'ёзна ставімся да сваёй адказнасці за ўкараненне працэсаў выяўлення і мінімізацыі рызык з дапамогай надзейных працэдур належнай абачлівасці, у тым ліку праверкі іншымі аўдытарамі, — гаворыцца ў каментарыі кампаніі.

Прэс-сакратар IKEA паведаміў, што ў чэрвені 2021 года кампанія прыняла рашэнне спыніць развіццё любога новага бізнесу ў Беларусі з-за праблем з правамі чалавека і непрадказальнай абстаноўкі.

— У той жа час мы працягвалі даследаваць наступны крок, каб пакінуць Беларусь, не рызыкуючы сродкамі існавання тысяч людзей, якіх мы прама ці ўскосна ўзялі на працу. Вайна ва Украіне і міжнародныя санкцыі паскорылі гэтыя планы. У чэрвені 2022 года IKEA прыняла рашэнне пакінуць краіну і скасаваць кантракты з яе пастаўшчыкамі, — паведамілі ў кампаніі. – Калі мы прысутнічалі ў Беларусі, дык праводзілі рэгулярныя праверкі ў спалучэнні з карціраваннем нашага ланцужка паставак, каб забяспечыць адпаведнасць нашым патрабаванням. Кожны раз, калі мы выяўляем прыкметы неправамерных паводзін, мы сур'ёзна ставімся да гэтага, мы расследуем іх і прымаем меры. Мы заўсёды імкнёмся адпавядаць нашым каштоўнасцям і чаканням удзельнікаў нашага ланцужка паставак.


Нагадаем, учора ўвечары французская «Disclose» і нямецкая «Taz» апублікавалі расследаванне, якое тычылася дзейнасці вядомага шведскага канцэрна IKEA ў Беларусі. З расследавання жырналістаў вынікала, што IKEA актыўна супрацоўнічала з пастаўшчыкамі з Беларусі, якія выкарыстоўвалі працу зняволеных у турмах. Найбольш абурыла журналістаў тое, што шведскі бок ведаў пра гэта — і свядома працягваў супрацоўніцтва. Зрэшты, у публікацыі адзначалася: канкрэтных доказаў таго, што зняволеныя і тым больш палітвязні прымалі непасрэдны ўдзел у вытворчасці прадукцыі IKEA, не было, хоць беларускія партнёры шведскай кампаніі — «Borwood», «Mogotex» і «Івацэвічдрэў» — не цураліся карыстацца працай зняволеных. Зрэшты, гэта досыць буйныя беларускія кампаніі, і ў іх было мноства іншых супрацоўнікаў.


Адметна таксама, што на сайце ВК-2 з Бабруйска, з якой супрацоўнічала «Borwood», у якасці партнёраў пазначаны таксама «Stadler», МАЗ, «Керамін», «Бялшына», «Белкамунмаш».