Вызвалілі з пастарунка актывіста Пятра Маркелава. Ён зладзіў акцыі пратэсту ў IKEA ў Празе
Учора, 18 лістапада, беларус Пётр Маркелаў правёў акцыю ў краме IKEA ў Празе. Яго затрымала паліцыя.
Беларускага
актывіста Пятра Маркелава, які 18 лістапада правёў акцыю пратэсту ў пражскай
IKEA, вызвалілі праз 6 гадзінаў пасля затрымання. Цяпер ён чакае рашэння
пракурора. Сёння беларускі актывіст
распавёў «Св*бодзе» пра сваё затрыманне:
«Спачатку ахоўнік абрызгаў пярцовым балончыкам проста ў вочы, калі я падняў рукі (міжнародны жэст «я здаюся»), потым «амапаўцы» так зацягнулі кайданкі, што да гэтага часу баліць.
Пакуль вялі, казалі па-чэшску "будзеш супраціўляцца — прыменім сілу", і прымянялі сілу, пакуль я казаў «I am not resisting, I am not resisting». Нават у твар троху білі. У машыне апусцілі галаву ўніз і начапілі маску, бо "ад мяне смярдзела як ад свінні"».
Учора, 18 лістапада, Пётр Маркелаў, які вучыцца ў Чэхіі, правёў акцыю пратэсту ў мэблевай краме шведскага канцэрна IKEA ў Празе.
Ён абгарадзіў мэблю стужкай, якую выкарыстоўваюць для дарожных работ, пасек дзве тумбачкі сякерай, абліў іх фарбай і праз рупар па-англійску абвясціў, што робіць гэта, каб пратэставаць супраць супрацоўніцтва IKEA з уладамі Беларусі. Маркелава затрымала паліцыя.
Як паведаміў беларускі студэнт, які здымаў акцыю, Маркелаў адмыслова выбраў момант, калі ў залі не было дзяцей, і пасля спакойна чакаў прыезду паліцыі. Паводле сведкі, тумбачкі, якія пасек Маркелаў, былі зробленыя ў Беларусі.
Напярэдадні нямецкая газета Die Tageszeitung сумесна з французскім выданнем Disclose падрыхтавалі расследаванне пра дзейнасць IKEA ў Беларусі. У ім гаворыцца, што канцэрн актыўна супрацоўнічаў з беларускімі пастаўнікамі, якія выкарыстоўвалі працу зняволеных, у тым ліку палітвязняў.
IKEA адпрэчыла абвінавачанні ў тым, што выкарыстоўвала працу беларускіх зняволеных, у тым ліку палітвязняў. Кампанія адказала, што вельмі сур'ёзна ставіцца да паведамленняў пра Беларусь і ніколі не дапускае парушэнняў правоў чалавека ў ланцужку паставак.