Аляксандр Класкоўскі: Рэжыму Лукашэнкі не патрэбныя «занадта разумныя»
Палітычны аналітык у тэлеграм-канале «Позірк» разважае пра апошнія выказванні кіраўніка дзяржавы наконт сялянаў і айцішнікаў. Гэтыя выказванні — вельмі кантрасныя і дэманструюць імкненне рэжыма ў мінулае.
Аляксандр Лукашэнка рассыпаўся ў кампліментах працаўнікам вёскі, падкрэсліваючы іх сціпласць і надзейнасць. Днём раней ён жорстка прайшоўся па айцішніках. Гэты кантраст вельмі красамоўны.
«Вы самыя сціплыя, але самыя надзейныя, самыя працавітыя з усіх нас. Усе вытрымалі: і пандэмію, і санкцыі, і спробы ўцягнуць вас у палітычныя гульні пад выглядам бунту», — заявіў Лукашэнка 18 лістапада на ўрачыстым Ушанаванні перадавікоў аграпрамысловага комплексу.
Як бачым, правадыр рэжыму падкрэслівае палітычную добранадзейнасць аграрыяў. Не сказаць, каб на сяле ўсе пагалоўна любілі гэтую ўладу, але ў цэлым — так, як паказвае сацыялогія, сельскі электарат (ён старэйшы, адукацыя ніжэйшая) больш кансерватыўны, лаяльны.
На цырымоніі ўзнагароджання перадавікоў Лукашэнка выканаў сапраўдную оду сялянскай працы ў патэтычным стылі савецкай прапаганды: «Развіццё роднага краю заўсёды трымалася на плячах тых, хто апрацоўваў зямлю, сеяў, араў, збіраў ураджай і выпякаў хлеб».
На самай справе доля сельскай гаспадаркі ў ВУП Беларусі за постсавецкія гады прыкметна знізілася. Калі ў 1992 годзе яна складала 22%, то па выніках 2021-га — толькі 6,8%. А вось унёсак сектара інфармацыі і сувязі за мінулы год склаў 7,4%.
І справа не толькі ў гэтым. На сяле многія сапраўды аруць па-чорнаму, але жывуць бедна. Заробкі ж у ІТ-сферы — казачныя па беларускіх мерках.
Зайздроснік скажа: жыруюць. Аднак, па-першае, чым дрэнна, што хоць гэты пласт беларусаў жыве годна, на ўзроўні развітых краін? Прычым жыве за кошт сваіх мазгоў, сваёй працы. З гэтага пункту гледжання нават Лукашэнка, у якога зуб, напрыклад, на «зажраўшыхся гандляроў», якія нібыта бязбожна задзіраюць кошты, не падкапаецца.
Па-другое, фішка ў тым, што, больш спажываючы, работнікі перадавой галіны стымулююць вытворчасць тавараў, гандаль, сферу паслуг. То-бок, гэта лакаматыў, які і такім чынам цягне за сабой іншыя сегменты эканомікі.
А вось айцішнікі аказаліся «няўдзячнымі дзецьмі»
Аднак Лукашэнка, заслухоўваючы 17 лістапада даклад аб перспектывах развіцця Парку высокіх тэхналогій — ядра айчыннага ІТ-сектара, быў суровы.
Па словах кіраўніка ў пераказванні яго прэс-службы, «настаў час вярнуцца да пытання функцыянавання ПВТ нават не з эканамічнага пункту гледжання, а маральнага і палітычнага».
Лукашэнка падкрэсліў, што падчас масавых пратэстаў («бунту» ў яго вызначэнні) 2020 года супрацоўнікі ПВТ «праявілі сябе, мякка кажучы, не з лепшага боку».
Сапраўды, айцішнікі былі ў першых шэрагах пратэстоўцаў. Сілавікі жорстка разганялі іх мітынгі ў раёне Мінскай кальцавой аўтадарогі, у межах якой размешчаны будынак ПВТ.
«Вы ж разумееце, што я як чалавек, які адказвае за бяспеку нашай дзяржавы і стабільнасць функцыянавання нашага грамадства, не магу дапусціць, каб у нас яшчэ раз пайшла хваля ад айцішнікаў там, іпэшнікаў і гэтак далей», — заявіў Лукашэнка. Пры гэтым ён перакананы, што ў 2020-м супрацоўнікі ІТ-сектара «выконвалі каманды замежных сваіх гаспадароў, часцей за ўсё заакіянскіх».
Кіраўнік дзівіцца: «Я думаў: ну, не можа ж быць, каб твае дзеці пачалі вайну супраць цябе. За гэта і паплаціліся. Аказваецца, што і такія дзеці могуць ваяваць супраць бацькоў, калі ім добра плацяць».
Ці ведаюць беларускія начальнікі аб пірамідзе Маслоу?
У гэтых пасажах паказальныя тры моманты. Па-першае, Лукашэнка «сціпла» прэтэндуе на ролю бацькі ПВТ, маючы на ўвазе тое, што калісьці даў яму асабліва спрыяльныя ўмовы. Але гэта і ёсць задача ўладаў — спрыяць развіццю эканомікі. Можа, варта было б стварыць больш камфорту і для іншых яе сфер?
Па-другое, хіба тое, што ПВТ атрымаў нейкія льготы, прэферэнцыі, ператварае яго супрацоўнікаў у прыгонных, пазбаўляе права патрабаваць грамадзянскіх свабод, дэмакратыі, сумленных выбараў? А тут прадзімае перакананне, што гэтыя людзі павінны да сканчэння стагоддзя поўзаць на каленях і цалаваць рукі дабрадзею.
Па-трэцяе, Лукашэнка з яго канспіралагічным мысленнем не дапускае, што чалавек можа ўнутрана саспець для барацьбы за свабоду і падняцца на яе без усялякіх замежных лялькаводаў.
Гэта наогул рэфрэн уладаў і іх прапаганды: маўляў, уся «пятая калона» — праплачаная, гэта найміты подлага Захаду. Падобна на тое, выкрывальнікі судзяць па сабе. У іх (пры тым, што аб ідэйнасці і духоўнасці талдычаць з усіх трыбун), мабыць, і сапраўды не ўкладаецца ў свядомасці: як гэта можна рызыкаваць сабой, падстаўляць галаву пад дубінкі, ісці ў турму дзеля нейкіх эфемерных ідэалаў?
Пры гэтым узнікае падазрэнне, што вялікае начальства не чула пра пірамідзе Маслоу: калі базавыя патрэбы (ежа, адзенне, жыллё) задаволеныя, то ўзнікае матывацыя рэалізаваць патрэбы больш высокага ўзроўню.
На сяле многія заклапочаныя чыста фізіялагічным выжываннем, ім не да высокіх матэрый. Такой публіцы лягчэй растлумачыць: маўляў, трэба кланяцца правадыру за тое, што ў ваша глухмень яшчэ ездзіць аўталаўка з танным віном і кількай у тамаце.
А вось айцішніку сапраўды цесна ў залатой клетцы — ён хоча свабоды, павагі сваёй асобы. Хоча, каб чыноўнікі, якія існуюць на яго падаткі, не курчылі з сябе жыхароў неба, а спраўна абслугоўвалі патрэбы выбаршчыка. Каб тую ўладу, якая не спраўляецца з задачамі, забранзавела, можна было спакойна мяняць праз скрыню для галасавання.
Улады і прапаганда апяваюць патрыярхальнасць
Зрэшты, хутчэй за ўсё, вярхушка беларускай улады незалежна ад ведання або няведання піраміды Маслоу нутром чуе, што да чаго.
Менавіта таму робіцца акцэнт на патрыярхальнасць, апяванне традыцыйнага ўкладу жыцця (уключаючы татальную лаяльнасць падданых, гэтых мілых рахманых пейзан, іх глыбокая павага перад «царом-бацюшкам»).
Калі паглядзець, колькі ўвагі надаюць правадыр і дзяржаўная прэса «бітвам за ўраджай», ротарным жаткам, ступені чысціні каровінага вымя, можна падумаць, што Беларусь — асабліва аграрная краіна.
Вось Лукашэнка з пафасам казырнуў: «Мы ўпершыню ў гісторыі зрабілі хлябоў, збожжа больш за тону на кожнага чалавека. Гэта поспех, якога, я ўпэўнены, не дасягнулі нават найбуйнейшыя дзяржавы нашай планеты».
Лукашэнка падкрэслівае, што беларускі аграсектар працуе ў зоне рызыкоўнага, а часам і амаль крытычнага земляробства. Але літоўскія землі — яшчэ паўночней, тым не менш там без усякага звону аб бітвах за хлеб дамагліся прыкметна большай ураджайнасці, краіна стала адным з ключавых экспарцёраў пшаніцы з ЕС.
Драйвер росту стаў згасаць
Так, гонар і хвала беларускім хлебаробам, якія дамагаюцца поспехаў цаной цяжкай працы, потам і мазалямі, часта насуперак неэфектыўным парадкам у аграсектары, дзе яшчэ пануе дух калгаса.
Гаворка пра іншае. І справа не толькі ў недарэчным пафасе, раздзіманні значэння сельскай гаспадаркі. Гаворка пра тое, што імкненне ўтрымаць уладу любой цаной штурхае кіруючую верхавіну на прыгнёт перадавых галін, стварэнне ў краіне атмасферы рабства і татальнага страху.
Пасля разгрому мірнага паўстання 2020 года многія ІТ-кампаніі рэлацыраваліся, супрацоўнікі гэтай сферы сталі масава пакідаць краіну, дзе па іх светлых галовах лупяць дубінкамі. Паводле звестак Imaguru, толькі за 2020 год з Беларусі з'ехала больш за 20 тысяч ІТ-спецыялістаў.
Згубна адбіваецца і залежнасць Мінска ад Крамля. Саўдзел рэжыму ў агрэсіі супраць Украіны спарадзіў новую хвалю рэлакацыі. Паводле лічбаў Белстата, адток спецыялістаў з ІТ-галіны за восем месяцаў гэтага года склаў амаль 12 тысяч.
Сам гэты сектар, які раней чыноўнікі горда называлі драйверам росту, у ліпені — жніўні, як адзначылі незалежныя эканамісты, стаў падаць.
Развіццё краіны прыносіцца ў ахвяру захаванню ўлады
Між тым Лукашэнка ў пачатку года прызнаўся, што разважае, «нам гэты Парк высокіх тэхналогій сёння прыносіць больш карысці ці шкоды». Па выніках нарады, якая прайшла 17 лістапада, кіраўнік накшталт як міласціва пагадзіўся падтрымліваць ПВТ (а мог бы, як у тым анекдоце, і брытвай паласнуць). Вядома, пры ўмове поўнай лаяльнасці яго асабістага складу. Зараз начальства і ідэолагі будуць у гэтым плане асабліва дбаць.
Але ў цэлым відавочна, што аддае перавагу кіруючая вярхушка, калі гаворка ідзе пра выбар паміж інтарэсамі развіцця краіны і жаданнем захаваць уладу. Адсюль і ціск на індывідуальных прадпрымальнікаў, замежны бізнес, ідэалагізацыя і ваенізацыя адукацыі, разгром прыватных школ. Занадта самастойныя, ініцыятыўныя, разумныя, незалежна думаючыя гэтаму рэжыму не патрэбныя.
«... Я асабліва не перажываў, калі ў дваццатым годзе некалькі тысяч выехалі», — заявіў нядаўна Лукашэнка Уладзіміру Пуціну.
У беларускіх уладаў няма пераканаўчай карціны будучыні, іх намаганні зводзяцца да кансервацыі ўчорашняга дня. Пытанне ў тым, наколькі доўга ўдасца змагацца з часам.
Пераклад НЧ