Экс-кіраўнік украінскай разведкі: Лукашэнка таемна вядзе перамовы наконт гарантый бяспекі

Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі ўжо бачыць, што Расія прайграе ў вайне, і спрабуе знайсці сабе абарону ў іншых краінах. Ён ужо вядзе таемныя перамовы з Турцыяй і Кітаем адносна перспектыў Беларусі, спрабуючы знайсці варыянты ў выпадку пройгрышу Расіі ў вайне.

333_6.jpg


Пра гэта ў інтэрв'ю Галоўрэду распавёў экс-кіраўнік Службы знешняй разведкі Украіны (2005-2010 гады), генерал арміі Украіны Мікалай Маламуж.

Па яго словах, Расія можа сама, наўмысна распаўсюджваць інфармацыю аб нібыта магчымым наступе на Украіну з боку Беларусі. Але краіна-агрэсар не можа цяпер перакінуць свае войскі з Запарожскага і Херсонскага кірункаў у Беларусь, бо гэта будзе азначаць паслабленне Поўдня і стварэнне магчымасці для Украіны вызваліць Крым.

Аднак Расіі выгадна пагражаць такім надыходам з Поўначы. Таму краіна-агрэсар пастаянна праводзіць нейкія манеўры, перамяшчае ў Беларусь нейкую тэхніку і ўзбраенне, дэманструе фарміраванне сумеснай расійска-беларускай групоўкі войскаў.

Ён адзначае, што Расія дзеля бачнасці перакінула ў Беларусь прыкладна тысячу чалавек. Аднак ні ўкраінская, ні замежная разведка не фіксуюць вялікіх змяненняў у фарміраванні воінскіх частак. Таму цяпер няма падстаў гаварыць аб наяўнасці магутных сіл у Беларусі.

Сама Беларусь таксама наўрад ці наўпрост будзе ўступаць у вайну супраць Украіны. Самаабвешчаны прэзідэнт РБ ужо бачыць, што Расія прайграе ў вайне. Для яго ўступіць цяпер у баявыя дзеянні — гэта падобна смерці, адзначае Маламуж. Таму Лукашэнка паспрабуе выкруціцца і пазбегнуць гэтага.

«Пры гэтым Лукашэнка перамяшчае ў Расію эшалонамі БТРы і танкі, нядаўна перакінуў чарговую партыю С-300 і ракеты да іх. Калі б Лукашэнка рыхтаваўся да наступу, ён бы ніколі не перакідваў усё гэта ў Расію ці на Данбас. Ён бы, наадварот, назапашваў усё гэта ў Беларусі», — тлумачыць генерал.

Лукашэнка думае, як яму самому выратавацца. Ён нават ужо таемна вядзе перамовы з Турцыяй і Кітаем адносна перспектыў Беларусі, спрабуючы знайсці варыянты абароны ў выпадку пройгрышу Расіі ў вайне.

«Ён хоча пазбегнуць адказнасці і хоча, каб кітайцы ці туркі гарантавалі яму бяспеку. Ён хоча выжыць. І таму яму не патрэбная наступальная аперацыя беларускіх войскаў», — кажа Маламуж.

Аднак, паводле яго слоў, цалкам выключыць варыянту наступу з Беларусі нельга, Украіна рыхтуецца да розных сцэнароў, каб мець магчымасць у выпадку неабходнасці даць годны адпор.