«Калі ўсё скончыцца, «Жывемабілі» і «Украінамабіль» будуць стаяць побач»

У 2020 годзе амаль усе даведаліся пра Андрэя Кулакова — уладальніка «Жывемабіля». Ён ужо больш за год не жыве ў Беларусі. Журналісты «Л*стэрка» паразмаўлялі з хлопцам.

kulakov_zhivemobil4.jpg

«У мяне была куча вясёлых судоў»

У Віцебску Андрэя ведаюць многія, хто хадзіў на пратэсты ў 2020-м ці бачыў фота з ім у сацсетках. Хлопец ездзіў па горадзе на размаляваным чырвонай паласой і надпісамі белым мікрааўтобусе. Калі Андрэй на ім сутыкнуўся з машынай ДАІ, бус забралі. Замест яго далі штраф 364 рублі, а правы амаль на год забралі. Тады Андрэй пафарбаваў яшчэ адну машыну, але і яна апынулася ў міліцыі.

Андрэй ужо больш за год не жыве ў Беларусі, але нядаўна на яго завялі крымінальную справу, і ён вырашыў патроліць сілавікоў. У ролі сілавіка — Караліна, дзяўчына Андрэя, а міліцыянта «Генералава», які зачытваў «абвінавачанне», быў ягоны сябар Сяргей. Ён жа аператар і відэамантажор. Аўтар ідэі — сам Кулакоў. Толькі сцэнар, прызнаецца, загадзя не пісаў і ў кадры імправізаваў.


— Калі я толькі даведаўся, што на мяне завялі справу, усё неяк само сабой у галаве нарадзілася. Але я ж і пакуль быў у Беларусі, троліў міліцыю, у мяне была куча вясёлых судоў. Таму вырашыў зняць «пакаяннае» відэа, тым больш, што такога ніхто не рабіў. Праз тыдзень выбраўся ў Варшаву, мы сабраліся на палянцы ў лесе, нацягнулі зялёны фон і за гадзіну хуценька наздымалі, а далей Сярога, бог мантажу, усё зрабіў, — расказвае Андрэй.

— У 2020-м у Беларусі мяне насамрэч затрымлівалі. Мы на тэрыторыі прыватнай кавярні на сценах малявалі «чык-чырыкаў», і даішнікі вырашылі трошкі выслужыцца. Скруцілі нас на зямлю, потым завялі ў машыну, а там ужо нармальна ўсё было, — параўноўвае сапраўднае і пастановачнае затрыманне беларус і смяецца. — А Караліна па неспрактыкаванасці мне ламанула рукі — трошкі перабрала. Потым некалькі дзён плечы балелі! Але падчас здымак цяжэй за ўсё было стрымліваць смех і казаць запалоханым голасам і са спакойным тварам. Мяне ўсё гэта вельмі смяшыла, і я ўвесь час там пасміхаюся.

Андрэй упэўнены, што сілавікі бачылі гэтую пародыю на іх дзеянні, але напэўна пра рэакцыю не ведае — з намі дзеліцца толькі здагадкамі.

— Можа, сказалі: «Паглядзіце, зноў гэты дурачок нешта змарозіў». А можа, прыдумаюць нейкую «ответочку», зноў з ператрусам прыйдуць дадому. Я нічому не здзіўлюся. А ператрусаў столькі было, што ўжо ўсё роўна, колькі яны правядуць яшчэ. І пакуль я быў у Беларусі, прыходзілі нешта шукалі — то БЧБ-сімволіку, то нешта па лініі наркакантролю. Судовыя прыставы канфіскоўвалі маёмасць па маіх нявыплачаных штрафах. Кадраў хапала (смяецца)! Памятаю, апісалі тэлевізар, як мая маёмасць, а па іх жа дакументах ён быў набыты, калі я яшчэ ў школе вучыўся. Выходзіць, я школьнікам сам купіў тэлевізар!

Ну і цяпер, раз нейкую маёмасць арыштавалі, відавочна таксама прыходзілі ў дом з ператрусам. Але я моцна не перажываю — усё роўна паўплываць на гэтыя працэсы ўжо немагчыма. Мы можам толькі набліжаць нашу перамогу, каб як мага хутчэй гэта скончылася.

«Міліцыянты мне наўпрост казалі: "Чувак, ты ўжо ўсё, дагуляўся, карацей"»

Пра крымінальную справу і арышт маёмасці Андрэй даведаўся ў сярэдзіне кастрычніка ад сяброў. Ён пакуль не звязваўся з блізкімі і не пытаўся, што канкрэтна прысвояць дзяржаве. Але такое «прывітанне» ад сілавікоў яго зусім не здзівіла. 

— Ведаю толькі ў агульных рысах, што справа звязана з арганізацыяй пратэстаў. Хутчэй за ўсё, гэта артыкул 342. Але на самай справе вельмі дзіўна, што крыміналку на мяне не завялі раней. Калі мы з'язджалі з Беларусі, было зразумела, што справа на мяне ўжо ляжыць. Бо ў нас і пальчыкі каталі, і ДНК бралі, і міліцыянты мне прама казалі: «Чувак, ты ўжо ўсё, дагуляўся, карацей». Уласна, таму мы з Каралінай і з'ехалі. Калі б я застаўся, ужо б сядзеў. Незразумела толькі, чаму яны пусцілі гэтую справу ў ход праз два гады — можа больш ім заняцца няма чым? — смяецца Андрэй. — На ўсе гэта ў мяне рэакцыя такая, ведаеце, — «рукалицо», таму што гэта проста тэатр абсурду.

У Андрэя два БЧБ-бусы, абодва засталіся ў Беларусі, з 2020-га яны стаяць на стаянцы ў Віцебскім РАУС, падказвае яму дзяўчына. Разам яны вясной 2021 паляцелі ў Кіеў, пазней там таксама купілі мікрааўтобус.

— Кожную нядзелю на Майдане былі беларускія акцыі, і я планаваў з гэтага буса таксама зрабіць «Жывемабіль», каб ён быў на нашых акцыях у Кіеве. Але размаляваць яго не паспеў.

Калі пачалася вайна, хлопцы зразумелі, што застануцца без працы, з фінансамі будзе складана. Яшчэ Андрэй баяўся, што Караліне будзе цяжка вытрымліваць гукі сірэн падчас паветраных трывог і чакаць небяспеку ў падвалах, да таго ж ніхто не ведаў, якой будзе абстаноўка ў Кіеве. І яны 2 сакавіка з'ехалі ў Польшчу.

— З'язджаць было цяжка, мы ва Украіне ўжо прыжыліся, я нават думаў ужо і не вяртацца ў Беларусь і застацца ў Кіеве. Але вайна змяніла нашы планы. Як толькі мы прыехалі ў Польшчу і прывялі сябе ў парадак, на наступны дзень пайшлі за жоўтай і блакітнай фарбай. Так з'явіўся, як мы яго называем, «Украиномобиль».

«Перавёз каля 50 тысяч украінцаў»

— Мы ўжо дзевяць месяцаў жывем у Польшчы. Але на самай справе ў гэтых умовах ты альбо валанцёрыш, альбо жывеш, а так, гэтыя паняцці несумяшчальныя. Мы выбралі для сябе такі шлях, каб не абжывацца тут і па магчымасці дапамагаць, чым можам, — прызнаецца суразмоўца. — Вясной-летам я збольшага займаўся перавозкай людзей — з раніцы да вечара ў рэжыме маршруткі катаўся паміж мяжой, вакзалам і цэнтрам для ўцекачоў, у дзень адвозіў ад 300 да 700 чалавек. За той час перавёз каля 50 тысяч украінцаў. А ў жніўні цэнтр для ўцекачоў перадалі Чырвонаму Крыжу, ён скараціў умяшчальнасць больш чым у 10 разоў — пакінулі 150 месцаў, і нават на іх людзей адбіраюць вельмі строга. У мяне адпала неабходнасць вазіць кагосьці. Зараз я бяру больш складаныя кейсы — ляжачых людзей, з інваліднасцю ваджу ад мяжы ў іншыя гарады, напрыклад, у Варшаву, Гданьск ці Кракаў. Адлегласці зараз вялікія.

Нашы хлопцы яшчэ дзяжураць на вакзале. Як зачыніўся вялікі цэнтр для бежанцаў, у нас востра стала пытанне, дзе размяшчаць людзей, і мы прама на мяжы, проста на зямлі пабудавалі палатку, у ёй зараз у чатыры змены застаюцца валанцёры, начуюць людзі. У самыя «грыбныя ночы», як я іх называю, там было і па 50 чалавек. Бежанцаў цяпер, вядома, значна менш, чым раней, але і дапамогі для іх цяпер у разы менш, таму гуманітарная праблема вастрэй, — лічыць Андрэй. — Тыя, хто з'язджае цяпер з гарачых кропак, месцаў, якія вызваляе ВСУ, трапляюць у Польшчу наогул без нічога, у іх няма грошай, а дапамогі няма. Ды і валанцёраў амаль не засталося — толькі мы, беларусы, і расейская арганізацыя, з якой мы спрабуем неяк спраўляцца. Але вельмі цяжка…


Працы ў Андрэя і Караліны цяпер няма, бо ўвесь час сыходзіць на валанцёрства.

— Калі вясной і ў пачатку лета нас падтрымліваў фонд і закрываў нашы выдаткі на бензін, прадукты і кватэру, то далей і ўсю восень мы тут амаль на апошнім дыханні існуем. Спрабуем збіраць данаты, але ў нас вопыту ў гэтым няма і выходзіць слаба. Калі трэба кагосьці завезці, стараемся знаходзіць, хто зможа аплаціць дарогу, а нешта я са сваіх зберажэнняў закладваю. Як можам, так і выжываем, — падзяліўся Андрэй. — Тут гарадок маленькі, каб уладкавацца на працу, мне трэба з'ехаць у Варшаву, там я б знайшоў сабе справу без праблем і быў бы час. Мы яшчэ застаемся ў Пшэмыслі, таму што не можам усё кінуць: калі мы адсюль з'едзем, практычна нікога не застанецца. Тут альбо валанцёрства, альбо згортвацца і ладзіць сваё жыццё. На самай справе ўсё вельмі сумна, на мяжы з бежанцамі — смутак-бяда.

— Калі ўсё скончыцца, «Жывемабілі» і «Украінамабіль» будуць стаяць побач. Калі мы зможам іх вызваліць з палону? Думаю, як толькі Украіна пераможа, аўтаматычна падзе рэжым Пуціна, а следам — і Лукашэнкі. Таму ўсе сілы цяпер на перамогу Украіны. Але сам я зараз планы не будую. Не хочацца нічога планаваць. Адназначна магу сказаць, што я не застануся ў Польшчы. У будучыні, напэўна, буду жыць і ў Беларусі, і ва Украіне. У Кіеве мне вельмі спадабалася, але Беларусь — гэта ўсё ж такі дом.