Страх ці помста? Чаму ў М'янме і Казахстане вызваляюць палітвязняў, а ў Беларусі не
Масавыя пратэсты пракаціліся не толькі па Беларусі. Супраць улад актыўна выступілі таксама жыхары М'янмы і Казахстана. Паўсюль супраціў быў здушаны, а турмы напоўніліся палітвязнямі. Аднак на гэтым падабенствы скончыліся.
М'янма: другая амністыя
У М'янме пратэсты выбухнулі ў лютым 2021 года. Абураныя ваенным пераваротам, які зрынуў дэмакратычна абраны ўрад, людзі выйшлі на вуліцы, каб выказаць нязгоду.
На пачатку падзеі ў далёкай азіяцкай краіне вельмі нагадвалі беларускія. Мірны пратэст — і адказ хунты ў выглядзе масавых затрыманняў, зачысткі незалежных медыя, блакіравання інтэрнэту, абвінавачванняў знешніх сіл… І, канешне ж, чалавечыя ахвяры, бо, як і ў Беларусі, сілавікі ў М'янме не грэбавалі выкарыстоўваць супраць сваіх грамадзян зброю. У выніку — і тут ужо аналогіі з Беларуссю не праглядаюцца — пратэстоўцы пачалі на гвалт адказваць гвалтам, таксама ўзяліся за зброю, і краіна апынулася на мяжы грамадзянскай вайны.
Аднак спакваля ўсё, так бы мовіць, здзьмулася. Хунта генерала Мін Ауна Хлайна крывёй і гвалтам перамагла народныя хваляванні. Пратэсныя настроі былі загнаны ўглыб грамадства, знешне ў М'янме надышоў спакой.
Засталося толькі адно пытанне: што будзе з затрыманымі, колькасць якіх на той момант перавысіла 16 тысяч? І вось хунта хунтай, але вайскоўцы, якія захапілі ўладу, павялі сябе досыць нечакана. Праз нейкі час яны пачалі выпускаць палітвязняў па амністыі.
Першая была аб’яўлен яшчэ летась. У кастрычніку 2021 года на волю выйшлі 5636 пратэстоўцаў. Пра другую амністыю стала вядома 17 лістапада, пад яе патрапілі яшчэ каля шасці тысяч «палітычных». Яе прымеркавалі да нацыянальнага свята, сярод вызваленых аказаліся ў тым ліку замежнікі — былы амбасадар Брытаніі ў М'янме Вікі Боўман і яе муж, японскі рэжысёр-дакументаліст Тору Кубота, аўстралійскі навуковец Шон Тэрнэл.
Канешне, не варта рабіць з гэтага выснову, што хунта раптам прасякнулася ідэаламі дэмакратыі (хаця пра дэмакратыю генералы заяўлялі). За кратамі ў М'янме застаюцца яшчэ калі шасці тысяч праціўнікаў рэжыму. Магчыма, для іх зладзяць трэцюю амністыю, пры гэтым не варта чакаць вызвалення галоўнага апанента ўлады — былой лідаркі дзяржавы і нобелеўскай лаўрэаткі Аун Сан Су Чжы, асуджанай да 26 гадоў турмы. Улічваючы яе 77-гадовы ўзрост, гэта фактычна пажыццёвае зняволенне.
Казахстан: за кратамі застаюцца толькі 128 пратэстоўцаў
У Казахстане людзі выйшлі на вуліцу літаральна з-за навагодніх сталоў. 2 студзеня 2022 года стала вядома пра істотнае павышэнне цэн на звадкаваны газ, якім у краіне запраўляюць аўтамабілі. Людзей абурыў такі «падарунак» ад чыноўнікаў, і паўтара тыдня казахстанскія гарады літаральна палалі.
Так, мы памятаем: пратэсты там толькі напачатку былі мірнымі, потым панеслася — гвалт ужывалі не толькі сілавікі, а і ўдзельнікі акцый. У выніку за кратамі апынуліся больш за 1600 чалавек. Што важна: сярод іх былі і паліцыянты, якія перастараліся ў жорсткім абыходжанні з людзьмі.
Што яшчэ больш важна: шлях да вызвалення пратэстоўцаў у Казахстане палягаў дадаткова праз шэраг саступак незадаволенаму грамадству.
Па-першае, прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў дэ-факта развянчаў культ асобы былога шматгадовага кіраўніка дзяржавы Нурсултана Назарбаева. Яго пазбавілі пасад і паўнамоцтваў ды адправілі на «пачэсную» пенсію. Зразумела, у пэўным сэнсе самому Такаеву было выгадна пазбавіцца ад Елбасы, які захоўваў уплыў на палітычныя працэсы ў краіне. Але факт застаецца фактам: у значнай ступені студзеньскія пратэсты былі скіраваны менавіта супраць Назарбаева, помнікі якому абрынулі шмат у якіх гарадах. Ахвяраваўшы ім, дзеючая ўлада дагадзіла апазіцыйна настроеным грамадзянам.
Па-другое, у чэрвені ў Казахстане адбыўся ініцыяваны Такаевым рэферэндум, які — прынамсі, з Беларусі — падаецца сапраўды арыентаваным на дэмакратызацыю. Па выніках галасавання ў Канстытуцыю ўнеслі папраўкі, у адпаведнасці з якімі быў здзейснены пераход «ад суперпрэзідэнцкай формы праўлення да прэзідэнцкай рэспублікі з уплывовым парламентам і падсправаздачным урадам». Акрамя таго, адмянілі смяротнае пакаранне і — галоўнае — абмежавалі двума пяцігадовымі тэрмінамі час знаходжання ва ўладзе прэзідэнта.
Больш за тое, у верасні Такаеў прапанаваў, а парламент ухваліў дадатковыя абмежаванні прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Тэрмін кіравання наогул пакінулі толькі адзін, павялічыўшы яго да сямі гадоў. Калі Такаеў пераможа на бягучых выбарах, то ў 2029 годзе ён дакладна сыдзе ў адстаўку. Каб ацаніць рэвалюцыйнасць такіх заканадаўчых рэформаў, дастаткова згадаць, што Назарбаеў аднаасобна кіраваў Казахстанам амаль амаль тры дзесяцігоддзі.
Дык вось амністыя. Казахстанскія дэпутаты прынялі адпаведны закон напрыканцы кастрычніка. Паводле дакумента, на волю выйдуць каля 1500 чалавек, затрыманых падчас пратэстаў. З іх таксама здымуць судзімасць. За кратамі застануцца ўсяго 128 вязняў: як паведамлялася, іх пад амністыю не падвялі ў сувязі з цяжкім характарам учыненых злачынстваў. Але гэта не азначае, што іх не вызваляць пазней, калі будзе зручная нагода. Разам з тым Генпракуратура Казахстана распавяла, што з 49 затрыманых праваахоўнікаў амніставаны будзе толькі адзін.
Беларусь: аніякай амністыі, рэпрэсіі працягваюцца
Сітуацыя ў Беларусі радыкальна адрозная ад М'янмы і Казахстана. Пра амністыю ў нас адна толькі балбатня — Лукашэнка то абяцае вызваленне часткі палітвязняў, то бярэ свае словы назад. Калі ж даходзіць да справы, то амніставанымі аказваюцца хто заўгодна, толькі не апаненты рэжыму, якіх пасадзілі на доўгія тэрміны паводле сфабрыкаваных абвінавачанняў.
Рэпрэсіі ж у краіне не спыняюцца. Хапаюць і судзяць ужо за лайкі-падабайкі, антываенныя каментарыі і песні па-ўкраінску. «Палітычных» прэсуюць нават у няволі: заводзяць новыя справы, пераводзяць з «хіміі» ў калонію, а з калоніі — у турму альбо ПКТ. Прызнаюць «экстрэмістамі» ды «тэрарыстамі», пазбаўляюць права на прафесію, учыняюць пагромы ў кватэрах палітэмігрантаў і затрымліваюць іх сваякоў.
Пры гэтым пасля пратэстаў 2020-га прайшло два гады, цягам якіх і сам Лукашэнка, і яго прапагандысты няспынна хваляцца ўсенароднай падтрымкай і ўпэўненай перамогай на выбарах. 80% галасоў і няўдалыя спробы замежных лялькаводаў зладзіць у Беларусі майдан з дапамогай прадажных прастытутак, наркаманаў і іншых адмарозкаў.
Два гады — і градус варожасці да іншадумцаў толькі павышаецца. Беларусы працягваюць з’язджаць за мяжу. У МУС ствараюцца ўсё новыя падраздзяленні для барацьбы з нязгоднымі. Лукашэнка цэментуе сваю ўладу дадатковымі механізмамі накшталт так званага Усебеларускага народнага сходу.
Лукашэнку не патрэбна падтрымка народа
Было б наіўна меркаваць, што ў М'янме і Казахстане палітвязняў вызваляюць з пачуцця гуманізму альбо справядлівасці. Таксама не варта думаць, што там сапраўды назіраецца памкненне да дэмакратычных каштоўнасцей. Хутчэй справа ў іншым: і генералы бірманскай хунты, і Такаеў са сваім атачэннем усё ж хочуць дасягнуць пэўнай згоды з грамадствам.
У выпадку з прэзідэнтам Казахстана гаворка яшчэ і пра тое, што знаходзіцца ва ўладзе да самага скону неяк не камільфо. Відавочна, што 69-гадовы Такаеў хоча сысці з пасады праз сем гадоў і пажыць у старасці спакойным жыццём у адстаўцы. Кампраміс з народам для гэтага неабходны — і саступкі гэтаму народу тут больш дарэчныя, чым помнікі сабе любімаму на цэнтральных плошчах гарадоў.
Выглядае, што і легітымнасць з міжнароднымі сувязямі і прызнаннем таксама клапоцяць казахстанскага лідара. Санкцыі, ізаляванасць, статус ізгоя на Захадзе — гэта не тое, што вабіць афіцыйную Астану. Адсюль і курс на адносную лібералізацыю і адлігу, бо ўсё ж абапірацца на шырокія народныя масы больш прыемна, карысна і надзейна, чым сядзець ва ўладзе на штыках.
Ці змог бы пайсці тым жа шляхам Лукашэнка? Адказ: не. Магчыма, пра вызваленне палітвязняў у абмен на лаяльнасць грамадзянскай супольнасці і пацяпленне ў адносінах з Захадам ён і думаў. Аднак, узважыўшы сітуацыю, зразумеў, што гэта не лепшы выбар. Бо і падтрымка страчана незваротна, і злачынствы ўчынены незабыўныя, і ўвогуле прапанаваць нейкі пазітыўны парадак дня архаічны рэжым не ў стане.
Да таго ж не адпускае псіхалагічная траўма, атрыманая ў 2020-м. Як забыцца на шматтысячныя пратэсты, супраць якіх ты смешна бегаў з аўтаматам без магазіна? Як сцерці з памяці абструкцыю ад рабочых на МЗКЦ і магутныя маршы пенсіянераў, якія цябе нібыта заўсёды падтрымлівалі? То неяк боязна адкручваць гайкі і спрабаваць нанова дасягнуць кансэнсусу з грамадствам. Наадварот: хочацца гэтаму грамадству помсціць — за выступленні пасля выбараў, за свае страхі і фобіі, за дэсакралізацыю вобразу народнага абранніка.
Дый з Захадам ужо не дамовішся. Усе спробы гандлю палітвязнямі, падобна, праваліліся, бо Еўропа і ЗША ўпарта настойваюць на вызваленні ўсіх — оптам, а не ўраздроб. І санкцыі толькі павялічваюцца. І рыторыка суседніх краін робіцца ўсё больш жорсткай. А тут яшчэ і вайна, у якой ты стаў суагрэсарам без магчымасці даць хаду назад.
Таму вайна са сваім насельніцтвам працягваецца і будзе працягвацца. Шчасця перагарнуць старонку, як тое робяць у М'янме і Казахстане, у Лукашэнкі няма. Падобна, што ў гэтым сэнсе яго рэжым імкліва набліжаецца да іранскага, дзе таксама амністыі аяталы не плануюць, а толькі пагражаюць пратэстоўцам смяротнымі пакараннямі. Ды заадно ўсё больш уцягваюцца ў вайну на баку Расіі.
Расія, Іран ды ўсялякія КНДР з Туркменістанам — кола палітычных супляменнікаў Лукашэнкі звужаецца.